У пятніцу, 11 ліпеня, у двары галерэі Савіцкага пачынае працу выстава пад адкрытым небам «ЛЕ КАРБЮЗЬЕ: мінскае рэха».
Выстава падрыхтавана напярэдадні і ў рамках XVI Нацыянальнага фестываля архітэктуры, прысвечанага 90-годдзю Беларускага cаюза архітэктараў. Мінск, як і большасць гарадоў свету, у ХХ стагоддзі непазнавальна змяніў сваё аблічча.
Ролю найбольш радыкальнага пластычнага хірурга для старых гарадоў адыграў і дагэтуль грае архітэктар Шарль-Эдуар Жанерэ-Гры, сусветна вядомы пад творчым псеўданімам Ле Карбюзье.
Ніхто з архітэктараў так смела і натхнёна не выдаляў гістарычныя напластаванні, шнары і бародаўкі гарадской прасторы, яе няроўнасці і недарэчнасці, ніхто так горача не прапаноўваў зусім іншы, нябачаны раней лад жыцця і лад мыслення для сучаснага чалавека, ніхто так люта не выракаўся архітэктурных формаў мінулага — хіба што сацыяльныя рэвалюцыянеры першай паловы ХХ стагоддзя.
Нездарма ідэі Ле Карбюзье мелі гарачы водгук у першай траціне ХХ стагоддзя ў эпіцэнтрах рэвалюцыйных ідэй і рухаў — у Мексіцы, Расіі, Германіі, а пасля Другой сусветнай вайны — у Індыі, якая імкліва мадэрнізавалася.
Менавіта там былі створаныя магутныя мадэрнісцкія архітэктурныя школы і зробленыя ўражальныя спробы кардынальна перабудаваць чалавечае грамадства з дапамогай архітэктуры.
Спадчыну Ле Карбюзье, раскіданую па ўсім зямным шары, і яго знакамітыя «Пяць прынцыпаў архітэктурнага праектавання» можна ўспрымаць як новы архітэктурны запавет, што прарастае скрозь спарахнелую абалонку архітэктуры мінулага.
Перасоўная выстава «ЛЕ КАРБЮЗЬЕ: мінскае рэха» знаёміць з тымі праектамі вялікага архітэктара, якія ён ажыццявіў у дзвюх сваіх родных краінах — Швейцарыі, дзе ён нарадзіўся і зрабіў першыя важныя крокі ў прафесіі, і Францыі, дзе ён стварыў уласнае архітэктурнае бюро.
Гэтыя творы Ле Карбюзье зрабілі наймацнейшы ўплыў на сусветную архітэктуру — у тым ліку на савецкую архітэктуру, да якой адносіцца значная частка будынкаў і збудаванняў беларускай сталіцы.
Разглядаючы і расшыфроўваючы яго знакамітыя архітэктурныя канцэпты, можна па-новаму зірнуць, напрыклад, на маштабнае будаўніцтва мінскіх мікрараёнаў 1960–1980-х гадоў, на такі горадабудаўнічы шэдэўр як водна-зялёны дыяметр, што апярэзвае Мінск, на шэраг выбітных будынкаў і наогул на гарадское асяроддзе, у якім мы жывем і якое — хочам мы гэтага ці не — фармуе нас і вызначае наша жыццё.
Працуе выстава па 15 верасня.