Рашызм. Слова пра словы

01.09.2025
Зяленскі падпісаў закон, згодна з якім тэрмін «рашызм» пераходзіць з публіцыстычнай сферы — у юрыдычную. То-бок, слова ў прынцыпе можна пісаць без двукоссяў. Рашызм, урэшце, зойме сваё «пачэснае» месца між злачынных ідэалогіяў.

Навошта спатрэбіліся такі тэрмін і распрацоўка такога закона менавіта цяпер, калі, падаецца, зусім не да тэрміналогіі? Разважае Алесь Кіркевіч.

Rašyzm Photo credit should read Hennadii Minchenko/ Ukrinform/Future Publishing via Getty Images

«...Адзін са складнікаў узброенай агрэсіі РФ — імкненне пазбавіць украінцаў іхнай гістарычнай памяці», — чытаем у законе. Тут ідзецца пра абарону ўкраінскай мовы, нацыянальнай памяці і спадчыны. Усё гэта — падмурак нацыянальнай бяспекі, а не гуманітарныя абстракцыі са школьнага падручніка. Тут жа чытаем пра прызнанне злачыннасці таталітарных рэжымаў, расійскай імперскай палітыкі і — таго самага рашызму. 

Слухайце, але ці час зараз займацца ідэалогіяй, а тым больш — тэрміналогіяй? Здаецца, мэйнстрым — гэта фронт, эканоміка, дыпламатыя, вялікая палітыка... Нашто зараз спрачацца пра словы? 

А штука ў тым, што фронт, эканоміка, дыпламатыя і вялікая палітыка — усё гэта выцякае акурат з ідэалогіі, аформленай у тэрміны. У словы. Бо наша мова вызначае стаўленне да рэчаў. Тое, як і што мы гаворым, сама падача, фармуе свядомасць. А за ёй і навакольны свет.

Першая, другая і... трэцяя «отечественная»

Памятаеце, як незалежныя СМІ яшчэ нядаўна пісалі без двукоссяў: «Вялікая Айчыннай вайна»? Нікому не муляла вока. Пакуль, нарэшце, гэта не стала непрыстойным. Бо тэрмін ВАВ — гэта не пра гісторыю, а пра ідэалогію. Нагадаю, што першасна тэрмін «Отечественная война» тычыўся вайны 1812 года. Пазней Першую сусветную царская прапаганда называла — «Вторая Отечественная». І толькі пасля гэтага тэрмін «Великая Отечественная» — замацаваўся ў СССР за падзеямі 1941-1945. 

Навошта? Каб замацаваць кожнага, хто карыстаецца тэрмінам, за адным канкрэтным «отечеством» — расійскім. Карыстаешся? Значыць, табе туды. Прычым, зусім не важна, на якой мове ты гэта пішаш ці кажаш. Галоўнае — сэнс.

«На Украине», «Белоруссия», «так называемый»...

Расіяне ведаюць кошт словам і тэрмінам. Не будзем адмаўляць ім у крэатыўнасці. Пісаць «на Украине», «Белоруссия» — класічныя прыклады. Адзін з адносна нядаўніх тэрмінаў, узятых на ўзбраенне — гэта «украинство». Здаецца, у слове няма нічога дрэннага, праўда? 

Але для расійскай прапаганды гэта спосаб прынізіць апанента. Маўляў, няма ніякай украінскай дзяржавы, нацыі, ідэалогіі... Ёсць толькі гэтае «украинство» — палітычны канструкт, сезонная з’ява ці — сезонная хвароба, як грып. Не можа «украинство» мець армію, тэрыторыю, асобную палітыку. 

А зараз згадайце айчынных прапагандыстаў з іхнымі «так называемый» у дачыненні да кожнай арганізацыі, партыі, НДА. Гэта ярлык самазванца. Маўляў, вы так назваліся, але гэта не адпавядае рэчаіснасці. Тут, зрэшты, ніякага крэатыву няма, бо сам абарот пазычаны з савецкай рыторыкі адносна палітычных апанентаў.

Гаворка пра тое, што тэрміналагічны апарат — гэта не выпадковасць. Словы вызначаюць наша стаўленне. Фармуюць бачанне навакольнага свету.

Pratesty suprać rasijskaha ŭvarvannia va Ukrainu ŭ Ryzie, Latvija, 20 maja 2022 hoda
Пратэсты супраць расійскага ўварвання ва Украіну ў Рызе, Латвія, 20 мая 2022 года. Фота: Радыё Свабода 

Словы маюць значэнне

Кажучы «рашызм», мы разумеем, пра што гаворка: пра шавінізм, хлусню, варварства, гвалт і садызм. Так, гэта абагульняючы тэрмін. Бо няма ніякай асобнай палітыкі Пуціна ці яго рэжыму: у гэтай палітыцы няма нічога новага. Такога, што б прынцыпова адрознівалася ад практыкаў Івана Грознага ці Сталіна. Ці — ад расійскіх практыкаў у Чачні ў 1990-х ці ў Грузіі ў 2008-м. Усё гэта было і ёсць рашызмам. 

Бранябойны тэрмін патрэбны для аднаго: каб чалавек, калі яго чуе, меў канкрэтныя асацыяцыі. Каб у галаве загаралася чырвоная лямпачка. А што, калі не? А калі не, то праз нейкі час мы абавязкова пачуем, што ўсё гэта — Буча, ракеты, падвалы-катавальні... — выпадковасць. Пуцін вінаваты. А сапраўдная Расія — гэта пра Дастаеўскага, Чэхава і балет.

Так ужо было. Не адзін раз. Давайце карыстацца словамі — па прызначэнні. Белае называць белым, а чорнае — чорным. Інакш, не маючы свайго слоўніка паняццяў, мы будзем карыстацца слоўнікам ворага. І, адпаведна, ягонай карцінай свету. 

Алесь Кіркевіч, Budzma.org