13-гадовы хлопчык Калум Мэнінг з горада Саўт-Шылдс у Брытаніі завёў блог у Інстаграме з кароткімі рэцэнзіямі на прачытаныя кнігі. Аднак праз гэта яго пачалі цкаваць аднакласнікі, піша Esquire са спасылкай на The Guardian.
Калум Мэнінг. Фота – з сямейнага архіва
Хлопчык завёў блог тыдзень таму і за гэты час паспеў напісаць пра «Гары Потэра», «Гульню тронаў», кнігі Стывена Кінга, а таксама пра «Рамэа і Джульету» Шэкспіра, «Шэрлака Холмса» і нават «Злачынства і пакаранне» Фёдара Дастаеўскага. Як правіла, юны блогер апісвае свае ўражанні ад кніг у адным-двух сказах. Напрыклад, пра «Прыцемкі» Стэфані Маер ён напісаў: «Выкажу непапулярнае меркаванне, але гэта выдатныя кнігі».
Ці пра раман «Ты» Кэралайн Кепнес, паводле якога знялі папулярны серыял Netflix, хлопчык адклікаецца так: «Я цяпер чытаю гэтую кнігу, і гэта цудоўна. На маю думку, кніга лепшая за серыял. Але серыял таксама добры. Так што калі вы шукаеце страшную кнігу, але не Стывена Кінга, прачытайце гэта».
На блог звярнулі ўвагу аднакласнікі хлопчыка і пачалі яго цкаваць, пра што расказала яго старэйшая сястра Эліс у Твітары.
«Не магу паверыць, якімі жудаснымі могуць быць дзеці. Мой малодшы брат завёў старонку ў Інстаграме, дзе піша водгукі на кнігі. Дзеці з яго новай школы даведаліся пра гэта і стварылі групавы чат: назвалі прыдуркам і дадалі туды брата, каб ён бачыў усе паведамленні», — напісала дзяўчына.
Сам хлопчык расказаў, што звычайна не плача, але пасля слоў аднагодкаў упершыню за доўгі час па-сапраўднаму расплакаўся.
Пост сястры Калума стаў вірусным. На момант напісання навіны яго лайкнула больш за 188 тысяч чалавек, а рэтвіт зрабіла больш за 24 тысячы. Падлетка падтрымалі пісьменнікі, знакамітасці і ўладальнікі кнігарняў. Сярод іх — пісьменніцы Мэлары Блэкман і Кэралайн Кепнес, актрыса Джахана Джэймс, шведская футбалістка Малін Андэрсан, журналіст Мэт Хейг і іншыя.
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!