Чаму Горадзен стаў Горадняй?

Гісторык Мікола Волкаў на сваёй старонцы ў Фэйсбук расказаў пра заканамернасці ў называнні старажытных населеных пунктаў на тэрыторыі сучаснай і гістарычнай Беларусі, якія ён заўважыў, прымяніўшы метады параўнальнай лінгвістыкі.

Stary zamakСтары замак. Фота: START LFA, Unsplash.com

«Працуючы разам з Антосем Дацкевічам над гісторыяй Берасця, высветлілася, што назва горада і ў гістарычных крыніцах і для мясцовага насельніцтва была мужчынскага рода, а з’яўленне формы «Берасце» ў ніякім родзе трэба інтэрпрэтаваць як гістарычграфічную памылку. Пры гэтым калегі звярнулі ўвагу на досыць выразна бачную заканамернасць: амаль усе старажытныя рускія гарады маюць назвы ў мужчынскім родзе. Гэта амаль правіла. 

Трансфармацыя формы «Городенъ» у «Городно» — не гістарыяграфічная памылка, яна добра бачна па крыніцах XVI ст. А прычынай гэтага, верагодна, была Літва.

Таксама як з рускімі назвамі мужчынскага роду ўражвае распаўсюджанне жаночага роду сярод ранніх літоўскіх назваў: Крэва, Ліда, Вільна, Коўна і г.д. Можна дастаткова хутка дзесяткі такіх назваў адразу прывесці, згадваючы геаграфію гістарычнай Літвы. Пры чым русіны спрабавалі іх перакручваць у мужчынскі род кшталту: Ковенъ, Кревъ. Пазней з гэтам дапамаглі палякі, для якіх назвы кшталту «Керново» заўжды набывалі мужчынскі род — «Kiernów». 

Я быў здзіўлены, калі па крыніцах XV-XVI стст. разабраўся, што вядомае мястэчка Ракаў пад Менскам называлася першапачаткова «Раково». Адпаведна, адпаведна літоўскім уплывам можна патлумачыць і з’яўленне Горадна/Горадні. 

Атрымліваецца такая цікавая дыхатамія мужчынскага і жаночага, рускага і літоўскага», — напісаў гісторык.