Прапаганда: частка стратэгіі па трансфармацыі масавай свядомасці

Аляксей Гайдукевіч піша пра прапаганду як істотны элемент кантролю і трансфармацыі масавай свядомасці падчас геапалітычных змяненняў, распавядае пра інструменты і тэхнікі прымянення прапаганды, а таксама асноўныя правілы, якімі карыстаюцца ў працы прапагандысты. Магчыма, як раз гэтая інфармацыя будзе карыснай для таго, каб захаваць ментальнае здароўе ва ўмовах інфаагрэсіі.


Падчас палітычных турбулентнасцей і геапалітычных крызісаў ніводзін чалавек не застрахаваны ад уздзеяння прапаганды і інфармацыйнай агрэсіі. Сілы, зацікаўленыя ў трансфармацыі грамадскай свядомасці і апеляцыі да неабходных ім дзеяў нават з боку шараговых грамадзянаў, гатовыя да самых радыкальных маніпуляцый у інфармацыйнай сферы.

Нават тыя, хто мяркуюць, што маюць абарону і збудавалі надзейны плот на шляху агрэсіўнай інфапрасторы, могуць самі часам выступаць у ролі «добраахвотнага памагатага прапагандыстаў», не ўсведамляючы распаўсюджваць хлуслівыя навіны і дэзінфармацыю ў сацыяльных сетках.

Таму вельмі істотна захоўваць устойлівы маральна-псіхалагічны стан і не рэагаваць на прапагандысцкія правакацыі падчас інфармацыйных штормаў, якія маюць разгойдваюць ментальныя арэлі вялікіх чалавечых масаў.

Тэмы інфармацыйных дыверсій, псіхалагічных аперацый і стратэгічнай трансфармацыі супольнай свядомасці настолькі неабдымныя, што ахапіць іх у межах нават некалькіх артыкулаў даволі цяжка.

Таму варта засяродзіцца на самым відавочным аспекце інфаагрэсіі — прапагандзе. Тым больш, што для шараговых грамадзянаў гэтая тэхналогія з’яўляецца найбольш бачнай і лёгкай для выяўлення пры пэўных ведах аб інструментарыі яе прымянення.

Пра іх і пойдзе гаворка зараз.

Прапаганда добрая і злая

Вакол прапаганды віруе столькі міфаў і легендаў, што для вялікай колькасці яе штодзённых спажыўцоў яна здаецца нечым небяспечным, тым, ад чаго варта трымацца далей і захоўваць інфармацыйную дыстанцыю.

Не сакрэт, што штурхаць да такой высновы можа і ўласна прапаганда. Адной з мэтаў якой — і ёсць спроба схаваць наяўнасць маніпуляцый такім чынам, каб аб’ект не толькі не ўсведамляў яе наяўнасць, але і меў пэўнасць у сваёй абароненасці ад знешніх уздзеянняў на ягоную свядомасць.

Прапаганда як частка эканамічнай, палітычнай, геастратэгічнай барацьбы за розумы людзей выкарыстоўваецца ўжо стагоддзямі. Але дакладна сфармуляваныя яе роля і значэнне былі толькі на пачатку XX ст., калі ўздзеянне на масы дасягнула агульнапланетных маштабаў.

54.jpg

Адным з практыкаў і тэарэтыкаў прапаганды быў Эдвард Бернаінс — заснавальнік шэрагу рэкламных агенцыяў, які паспеў папрацаваць на буйныя карпарацыі, а таксама на ЦРУ ЗША.

Ягоная кніга «Прапаганда» 1928 г. стала фундаментам, на якім базавалася развіццё прапаганды і рэкламнага бізнесу, піяру.

Фактычна ўсе працы па гэтай тэматыцы пасля гэтай кнігі былі толькі дадаткамі, у тым ліку ў сувязі з развіццём электронных сродкаў распаўсюду інфармацыі.

Яшчэ Бернаінс у сваіх публікацыях вызначыў некалькі відаў прапаганды. У залежнасці ад аб’ектаў яе распаўсюду, метадаў і аўдыторыі.

Другі знакавы аўтар, Пол Лайнбаргер, у сваёй працы «Псіхалагічная вайна» ў 1948 г. даў вызначэнне прапагандзе менавіта як інфармацыйнаму элементу стратэгічных і аперацыйна-тактычных акцыяў у геапалітычнай сферы:

«Прапаганда — мэтанакіраваная дзейнасць з эканамічнымі, палітычнымі матывамі. Мэтай яе з’яўляецца выклік неабходнай рэакцыі сярод грамадстваў — дзеянні, бяздзеянне, а таксама фарміраванне светапогляду сацыяльных групаў праз распаўсюд інфармацыі СМІ».

55.jpg

«Белая прапаганда» — распаўсюджваецца непрыхавана, з пазначэннем крыніцаў, як правіла, без дэзінфармацыі.

Прыкладам можа быць «прапаганда здаровага ладу жыцця» (фраза, якая стала шаблонам і не мае адмоўнай канатацыі ў грамадстве).

«Шэрая прапаганда» можа хаваць крыніцы інфармацыі, частку фактаў, якія могуць нашкодзіць мэтаатрымальнікам. Прыкладамі з’яўляюцца палітычныя кампаніі, «схаваная рэклама».

Хаця і гэтыя віды прапаганды выкарыстоўваюцца ў тым ліку падчас дэінтэграцыйных аперацый, найбольш знакамітай, дзякуючы якой прапаганда мае адмоўнае стаўленне з боку большасці грамадства, ёсць «чорная прапаганда».

Фактычна гэта інфармацыйны складнік дзейнасці ў розных сферах (ад вайсковых, гібрыдных, эканамічных да інфармацыйнай) з мэтай атрымання дамінацыі над свядомасцю масаў, дзяржаўнымі службамі.

Матэматычна дакладныя тэхналогіі

Самы лёгкі шлях для прапагандыстаў у дасягненні мэтаў падчас аперацыйна-тактычных акцый — гэта апеляцыя да самых падставовых чалавечых эмоцыяў, уяўленняў, міфаў, забабонаў і г. д.

Адна з асноўных тэарэтычных базаў для такой працы — кніга «Псіхалогія народаў і мас». Яе аўтар Густаў Лебон яшчэ 127 год таму адзначыў:

«Натоўп успрымае рэальнасць дзякуючы вобразам, якія ў сваю чаргу генеруюць іншыя вобразы ў свядомасці.

Пры гэтым яны могуць не мець лагічнай сувязі з першапачатковымі.

Натоўп амаль не адрознівае аб’ектыўную рэальнасць ад суб’ектыўнай. І таму ўспрымае абстракцыі, узніклыя ў свядомасці, за сапраўдныя. Хоць яны хутчэй за ўсё не маюць нічога агульнага з рэальнымі фактамі.

Натоўп жадае быць уражаны вобразамі. Таму яму трэба іх даць».

56.jpg

З тых часоў у падыходах да ўздзеяння на чалавечыя масы няшмат змянілася. І спецыялісты выкарыстоўваюць і зараз парады Лайнбаргера.

Пры планаванні інфармацыйных аперацый у большасці выпадкаў абапіраюцца на знакамітую формулу з «Псіхалагічнай вайны» — STASM. Гэта англійская абрэвіятура складзеная са словаў: крыніцы, час, аб’ект, тэма, мэта.

Прапагандысты маюць у арсенале матэматычна правераныя дзесяцігоддзямі экспрыментаў інструменты і правілы. Таму заўжды прытрымліваюцца методык па зборы інфармацыі па тэме аперацыі, настроях у грамадстве альбо сацыяльных групах.

Заўжды распрацоўваюцца адразу некалькі сцэнараў і дзеянняў каманды пры пазаштатных сітуацыях і ўдалых дзеяннях контрпрапагандыстаў.

Асаблівая роля надаецца аналізу ўздзеяння на аб’ект і метадам карэкціроўкі працы прапагандысцкай машыны ў выпадку незапланаваных рэакцый.

Асноўнымі правіламі ў працы прапагандыстаў з’яўляюцца:

— Імкненне распаўсюджваць інфармацыю, якая падабаецца аб’ектам. Нават відавочна супярэчны тэзіс можна прасунуць, «схаваўшы» яго ў пасылах, якія станоўча ўспрымаюцца масамі. Зразумелыя тэмы і манера асвятлення — лепшыя спадарожнікі такой тактыкі.

— Апеляцыя да эмоцыяў. З мэтай выключыць у масаў розум і крытычнае мысленне, якое ў выпадку эмацыйнага выбуху працуе горш, чым падчас стандартнай сітуацыі.

— Пры неабходнасці ахапіць шырокае кола грамадства прапагандысты прымяняюць розныя крыніцы распаўсюду інфармацыі для асобных сацыяльных ці ўзроставых групаў. Ад палітычных друкаваных выданняў і забаўляльных часопісаў да ТБ, інтэрнэту і сацсетак. Пры гэтым адна і тая ж інфармацыя можа мець выгляд і забаўляльнага кантэнту, і аналітычных, навуковых матэрыялаў.

— Адным з вядомых прыёмаў прапагандыстаў ёсць спроба запэўніваць аб’ектаў у тым, што яны самі прыйшлі да патрэбных высноваў. Так званае «правіла шматкроп’яў» — маніпуляцыя толькі тымі фактамі, якія дазваляюць зрабіць патрэбную выснову.

— Тэхніка аўтарытэтаў. Патрэбны наратыў прасоўваецца экспертамі, вучонымі, аўтарытэтамі для пэўнай катэгорыі грамадства, сацыяльнай групы.

Пад сталым масіраваным уздзеяннем

Аперацыйна-тактычныя захады з выкарыстаннем прапаганды заўжды больш відавочныя, у адрозненне ад працяглых стратэгічных акцыяў, якія могуць цягнуцца дзесяцігоддзямі.

У сувязі з папулярнасцю сацсетак падрыхтоўка і правядзенне кароткатэрміновых аперацый стала нашмат прасцейшай. Зараз ужо не заўжды патрэбна задзейнічанне шырокага фронту СМІ, што вымагае вялікіх фінансавых сродкаў і працы. Дастаткова стварыць некалькі «фабрык троляў», якія будуць распаўсюджваць неабходныя кантэксты.

Не змяніўся толькі падмурак наратываў, які заўжды базуецца на самых прымітыўных эмоцыях. Адны з асноўных — страх, зайздрасць альбо нянавісць.

Вызначыць дакладна рамкі стратэгічных аперацый з удзелам прапагандыстаў не так проста, як тактычных.

Для іх задзейнічаны больш глабальныя інструменты і тэхнікі, адбывацца яны могуць цягам дзесяцігоддзяў, перажыць некалькі пакаленняў, змены трэндаў у грамадстве і інфармацыйнай прасторы, тэхналогій.

Яскравы прыклад — Беларусь, якая за 30 год нібыта ў намаляванай кімсьці звонку альтэрнатыўнай рэальнасці прайшла шлях ад «адраджэння» да сённяшняга нявызначанага стану грамадства і дзяржавы.

Знаходжанне ў сферы інфапрасторы вялікага суседа дало свае вынікі.

Дастаткова прааналізаваць інфармацыйныя складнікі працэсаў пераўтварэння беларускай мовы фактычна ў мову нацыянальнай меншасці, атамізацыю грамадства з дэзінтэграцыяй гарызантальных сувязей.

Наступствы гэтых працэсаў могуць наблізіць рэальнае завяршэнне беларускага дзяржаўнага праекта, якое ўжо зараз не выглядае зусім неверагодным.

Хай шмат хто можа гэтаму і запярэчыць. Але два пакаленні, нібыта знаходзячыся ў анабіёзе, навідавок назіралі за паступовым працэсам, з элементамі дэгуманізацыі, накіданнямі страхаў (усё па прапагадысцкіх класічных методыках), як над цэлым народам праводзілі працяглы бесперапынны эксперымент.

Яго асобныя элементы і суцэльную стратэгію гэтага добра апісваюць словы «піяр-гуру» Бернаінса, напісаныя амаль 100 год таму:

«Грамадства павінна знаходзіцца пад сталым масіраваным уздзеяннем, задачай якога з’яўляецца атрыманне панавання над розумамі масаў у інтарэсах пэўнай стратэгіі».


Аляксей Гайдукевіч, budzma.org