На прывабных турыстычных брашурах звычайна намаляваны выявы «залатой тройкі» беларускіх славутасцяў: Мірскі ды Лідскі замкі-кастэлі, а таксама шырока вядомы ансамбль у Нясвіжы. Так, дзякуючы нядрэннай рэканструкцыі і дагледжанасці яны паспелі стаць візітоўкамі і сімваламі беларускай спадчыны, піша «Новы Час».
А ў якім стане перабываюць іншыя абарончыя збудаванні? Ці ёсць на што паглядзець ва ўсходняй частцы краіны?
Сабралі для вас чатыры месцы, дзе можна не проста адпачыць у свой выходны, але і дакрануцца да гісторыі.
Вежа «Шчытоўка»
Вежа «Шчытоўка»
Першая сталіца Вялікага княства Літоўскага сустракае гасцей магутнымі халмамі з панарамай на бязмежныя палі і лясы. Старажытны Навагрудак — гэта таямнічая скарбніца, дзе дагэтуль адчуваецца харобры дух Вітаўта ды Міндоўга. Першы княскі замак у драўляным выкананні быў узведзены на гэтым месцы ў XIII стагоддзі, але праз далікатнасць матэрыялу быў сур’ёзна пашкоджаны падчас баёў з татарскімі і галіцка-валынскімі войскамі. Тым не менш, свае функцыі ён паспяхова выканаў і адправіўся на мадэрнізацыю.
З новымі каменнымі ўмацаваннямі аблічча замка стала яшчэ больш дзёрзкім ды грозным. На былым падмурку была пабудавана галоўная абарончая вежа, якая атрымала імя «Шчытоўка». Знакамітая вежа-данжон не толькі захавалася да нашых дзён пасля мноства аблог, але нават зберагла найстаражэтнейшы ў Беларусі туалет! Справа ў тым, што жаўнеры павінны былі пільна сачыць за абстаноўкай вакол замка, таму каб лішні раз не адлучацца, санвузел быў размешчаны наўпрост ля байніц.
Стары замак у Горадні
Стары замак у Горадні
Дзякуючы старадаўнім гравюрам і малюнкам мы дакладна ведаем, што замкавае ўмацаванне на беразе Нёмана існавала яшчэ з першых вытокаў Горадні. Яно прымала розныя абліччы, якія ствараліся пад патрэбы таго ці іншага перыяду.
Найбольш яскравы час у гісторыі Старога замка пачаўся пасля пераносу сталіцы Рэчы Паспалітай у Горадню. Стэфан Баторый загадаў пабудаваць такі замак, каб ён сумяшчаў рысы элегантанага палаца з магчымасцю ўстойліва абараняцца. Архітэктары з італьянскай Пармы спраектавалі раскошны беласнежны замак з мармуровым аздабленнем, охравай чарапіцай і багатымі дэкарацыямі.
Менавіта такое аблічча было захавана на гравюры Томаша Макоўскага з панарамай Горадні. Дзякуючы ёй большая частка замка была адноўлена ў 2021 годзе.
Любчанскі замак
Любчанскі замак. Фота: planetabelarus.by
Замкавы комплекс у Любчы змяніў шмат уладальнікаў, але сёння яго прынята называць палацам Радзівілаў і Кішок. Нядзіўна, што прадстаўнікі такіх шляхетных родаў абралі для сваіх рэзідэнцый менавіта гэтае месца: замак узвышаецца па-над Нёманам — адной з найбуйнейшых рэк Беларусі.
Рэстаўрацыяй славутасці займаюцца валанцёры з розных гарадоў Беларусі, мясцовыя жыхары і студэнты архітэктурных навучальных устаноў. Вакол замка выкапаны магутныя равы, якія пасля заканчэння будаўніцтва будуць зноў запоўнены вадой, як у былыя часы.
Прыгоды ў Любчы на гэтым не завяршаюцца: мясцовая жыхарка выгадавала ў беларускай вёсцы скумпію — дзіўнае пушыстае дрэва з Паўночнай Амерыкі, якое абавязкова прыцягне вашу ўвагу сваім ружовым адценнем. Экзатычную расліну можна знайсці побач з замкам.
Чытайце яшчэ: ТОП-7 непапсовых помнікаў Наваградчыны: гайд ад «Будзьма!»
Мсціслаўскі замак
Мсціслаўскі замак
Найбольш уражлівае ўмацаванне на Магілёўшчыне — рэканструкцыя Замкавай гары ў Мсціславе (гіст. Амсціслаў). Дзевяць стагоддзяў таму на адным з яго халмоў размясцілася гарадзішча, з якога і пачалося існаванне старажытнага паселішча. Замчышча акружана велізарным ровам, на дне якога знаходзяцца квартал са старымі драўлянымі хаткамі. Праз высокія склоны сюды амаль не трапляе сонечнае святло, аднак калісьці гэтая частка горада была ледзь не самай прэстыжнай.
Раней тут знаходзілася адзіная мсціслаўская крыніца — вышэй у горадзе земляная парода была занадта цвёрдай. Ваду са «Здраўца» развозілі ўсім гараджанам, а жыхары нізіны заўсёды мелі кубачак вады пад рукой.
У Мсціслаўскім замку штогод праходзіць рыцарскі фестываль з сапраўднымі баямі на конях і дэгустацыяй традыцыйных пачастункаў.
Зрабіце сабе захапляльнае гістарычнае падарожжа!
Глядзіце яшчэ: