Ужо шмат дзесяцігоддзяў беларусы едуць адпачываць у Сакартвэла. Прычын для гэтага шмат. Краіна прыцягвае нас не толькі экзатычнай прыродай і пяшчотным кліматам, але і гасціннасцю, якой заўжды славіліся картвэлы. Дзякуючы гэтаму артыкулу вы зможаце па-новаму зірнуць на краіну праз малавядомыя старонкі нашай беларускай гісторыі і яе выбітных дзеячаў.
Панарама плошчы Волі. Фота Марыйкі Арловай
«Пышны выгляд гор Каўказу!»
Шмат нашых вандровак пачынаецца з вакзала, і вялікая колькасць з іх — з чыгуначнага. Аднак для некаторых пісьменнікаў чыгуначны вакзал стаў яшчэ і свядомым месцам працы, як, напрыклад, для паэта Янкі Лучыны (у сапраўднасці Яна/Івана Неслухоўскага).
Тыфліс (Сталіца Сакартвэла мела назву Тыфліс да 1936 года. Потым яе змянілі на Тбілісі — рэд.) канца ХІХ ст. выконваў ролю буйнога прамысловага цэнтру Расійскай імперыі, і ў 1872 годзе тут быў пабудаваны чыгуначны вакзал. У 1877 г. механічнае аддзяленне Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута скончыў будучы беларускі пісьменнік Іван Неслухоўскі. Сын вядомага мінскага адваката Люцыяна Юр’евіча Неслухоўскага з дзяцінства больш цікавіўся тэхнікай і інжынернай справай, чым юрыдычнай навукай. Па размеркаванні яго — дыпламаванага інжынера-тэхнолага — накіравалі якраз у Тыфліс служыць на чыгуначныя склады. Яго пляменніца Ванда Дзяржынская потым адзначала ў сваіх успамінах: «Пасля сканчэння Тэхналагічнага інстытута і адпаведнай бясплатнай падрыхтоўчай практыкі атрымаў пасаду на Каўказе, якая для яго выключнага розуму і дасканалых ведаў прадмета з’яўлялася прыступкай да яшчэ вышэйшага становішча». Так і адбылося, бо ўжо праз два гады службы ён атрымаў значнае павышэнне і пасаду намесніка.
Пра чыгунку:
За ўвесь час свайго існавання знешні выгляд тбіліскага чыгуначнага вакзала змяняўся тройчы. Кожная наступная гістарычная эпоха накладала на яго адбітак новага архітэктурнага стылю. Калі на ім працаваў Іван Неслухоўскі, вакзал выглядаў як на першым здымку злева. У 1952 годзе ён быў цалкам перабудаваны і набыў выразныя рысы добра знаёмага нам па Мінску «сталінскага ампіру». Яшчэ праз 30 гадоў вакзал зноў вырашылі перабудаваць, і нават узарвалі весь будынак, бо фундамент быў вельмі трывалы. Аднак новы чыгуначны вакзал здалі ў эксплуатацыю толькі ў 2008 годзе. Прычынай таму былі складаныя палітычныя абставіны, у якіх жыла краіна. Новы будынак мясцовыя жыхары параўноўваюць «з гіганцкім кузавам кар’ернага самазвала».
Выгляд чыгуначнага вакзала ў Тбілісі: 1890, 1969 і 2015 гг. Крыніцы: railwayz.info, старонка на Facebook «Прогулки по Тифлису».
Пасля чарговай паездкі ў Мінск да бацькоў яго разбіў параліч ног. У далёкі Тыфліс ён больш не вярнуўся. Некаторыя мяркуюць, што гэта была сімуляцыя, бо Неслухоўскі працягваў весці актыўнае сацыяльнае жыццё — наведваў тэатры, хадзіў на рыбалку і паляванне — хаця і перасоўваўся паўсюль на мыліцах. Так гэта, ці не — праўды мы ўжо ўсё роўна не даведаемся. Яго цікаўнасць да інжынернай справы засталася з ім і на радзіме. У Мінску ён уладкаваўся на службу ў тэхнічнае бюро Лібава-Роменскай чыгункі. Пасля вяртання пачаў актыўна друкавацца, пісаў пераважна па-польску, бо карыстацца ў выданнях беларускай мовай у той час было амаль немагчыма.
Янку Лучыну добра ведаюць як выдатнага паэта, які ўсхваляў беларускі край і яго народ. А ці былі ў яго вершы пра Сакартвэла, дзе ён правёў некалькі гадоў? Знайсці было нялёгка, але адзін твор дакладна існуе. У 1887 годзе ў часопісе «Życie» па-польску быў надрукаваны верш — «Pyszny widok» («Пышны малюнак», пераклад М. Арочкі). У ім Лучына разгорнута паказвае адметнасць каўказскага ландшафту: «Пышны выгляд гор Каўказу! // Там на скалах скал грамада. // Воды снежныя каскадам // Хлынуць, рынуць з рыкам дзікім... // Пада мною — стэп, як мора. // Свет за светам без канца там (...)». Напрыканцы ён падсумоўвае: «Ды за ix — хоць i шаную // Цуды ўсе, красу чужую // Не аддам усё ж душу я!».
«Грузія, дружная з сонцам краіна...»
Душу аддаваць мабыць і не трэба, а вось паправіць здароўе дакладна можна! Гэтым напоўніцу карыстаўся Янка Купала, а часам і Якуб Колас.
Каўказ і Закаўказзе сыгралі важную ролю ў творчасці Купалы напрыканцы жыцця. З гэтымі мясцінамі звязаны цікавыя і нават рамантычныя падзеі, якія прыйшліся на канец 30-х — самы пачатак 40-х гадоў мінулага веку. Бо як магнітам цягнула яго ў Сакартвэла на працягу чатырох гадоў. Аднак упершыню паэт наведаў Каўказ яшчэ ў жніўні — верасні 1926 года. Са сваёй жонкай Уладзіславай і добрым сябрам Якубам Коласам Купала разам паехаў у Есентукі на воды. З вакон санаторыя яны любаваліся Эльбрусам, навакольнай прыродай, шмат шпацыравалі, гулялі ў шахматы і пілі цудатворную ваду. Яшчэ тады гэтыя мясціны моцна запалі ў душу паэту. Асноўныя ж падзеі адбыліся значна пазней. У снежні 1937 года Купала быў запрошаны ў Тбілісі на святкаванне 750-годдзя паэмы Шота Руставэлі «Віцязь у тыгровай скуры». Урачыстае мерапрыемства праходзіла ў дзяржаўным акадэмічным тэатры імя Ш. Руставэлі.
Грузінскі дзяржаўны акадэмічны тэатр імя Шоты Руставэлі. Фота Марыйкі Арловай
Падчас сваіх наведванняў сталіцы Купала спыняўся ў гатэлях «Тбілісі» і «Orient». Абодва знаходзіліся на галоўным праспекце. Першы гатэль адразу задумваўся як самы шыкоўны на ўсім Каўказе. Тады ён зваўся «Мажэстык», а назву «Тбілісі» атрымаў у 1939 годзе. Зараз тут знаходзіцца 5-зоркавы «Tbilisi — Marriott». Ён якраз побач з тэатрам імя Ш. Руставэлі.
А вось другога гатэлю ўжо не існуе. У савецкія часы гэта быў «Інтурыст», у пачатку 90-х будынак згарэў і быў зруйнаваны. Сёння на яго месцы Грузінскі музей выяўленчых мастацтваў. Гэта прыватны шматпавярховы музей з найбагацейшай калекцыяй жывапісу, графікі, скульптуры і артаб’ектаў, у тым ліку з працамі сучасных аўтараў.
Грузінскі музей выяўленчых мастацтваў. Фота Марыйкі Арловай
«Было люба мне ў Цхалтуба»
Але месцам галоўнага прыцягнення ў «сонечнай краіне», як сам Купала часта называў Сакартвэла, стала не сталіца, а бальнеалагічны курорт у Цхалтуба. Сюды ён прыехаў упершыню ў студзені 1938 г. і амаль адразу напісаў свой верш-прызнанне «Генацвале». Прысвечаны ён быў Эліко Метэхелі, якая выконвала абавязкі галоўнай лекаркі санаторыя.
На момант іх знаёмства Метэхелі было 26 гадоў, а Купалу — 54. Шмат хто бачыць у яго вершах таго часу рамантычны настрой і закаханасць не толькі ў краіну, але і ў прыгожую разумную жанчыну. Аднак яе ўнучка Лэла Курашвілі ўпэўнена, што гэта не так — было ўзаемаразуменне і сяброўства. Безумоўна, жанчыне было прыемна прымаць знакі ўвагі з боку знакамітага паэта, але не больш за тое: «Бабуля Эліко была простым чалавекам, без усялякіх амбіцый, нават нягледзячы на тое, што яе муж Гіві Джавахішвілі быў прэмьер-міністрам Сакартвэла», — кажа Лэла.
Янка Купала і Эліко Метэхелі (у першым шэрагу пасярэдзіне). Крыніца: mamuli.by
Аўтограф верша Генацвале, 20.01.1938 г., Цхалтуба. Крыніца: mamuli.by
Янка Купала наведаў Цхалтуба яшчэ тройчы. Ён вярнуўся сюды ў канцы лістапада 1938 г., а потым паехаў у Сухумі, дзе спыніўся ў доме адпачынку «Сіноп». Паэт разводзіў ружы і прывозіў саджанцы «і з Крыма, і з Каўказа», мабыць некаторыя з іх і з сухумскага Батанічнага саду.
У 1939 і 1941 гг. ён адпачываў у Цхалтуба разам з Якубам Коласам. Нават на сайце бальнеалагічнага курорта пазначана, што сярод знакамітых пісьменнікаў былі тут і «Народныя паэты Беларусі — Янка Купала, Якуб Колас і інш.».
Янка Купала і Якуб Колас у Цхалтуба, 1939 г. Крыніца: mamuli.by
Ёсць меркаванне, што наведалі яны і бліжэйшы да Цхалтуба буйны горад Кутаісі, Гелацкі манастыр і Сатаплійскі запаведнік, а побач з Тбілісі былі яшчэ і ў старажытнай сталіцы — Мцхеце. Хутчэй за ўсё, так і ёсць, бо картвэлы ганарацца сваёй гісторыка-культурнай спадчынай, і ў іх да гэтага ёсць усе падставы.
Цёмная старонка смутнага часу
Аднак не ўсім давялося толькі адпачываць у Сакартвэла. Былі і трагічныя моманты. У 1947 годзе, па заканчэнні чарговага турэмнага зняволення ў г. Зугдзідзі (25 км ад мора) быў накіраваны Уладзімір Дубоўка. Тут ён працаваў рахункаводам у канторы чайнага саўгаса Наразені. Яго жонка Марыя потым адзначала, што мясцовыя жыхары вельмі добра да іх ставіліся і моцна падтрымлівалі яе і мужа. Аднак праз год яго зноў арыштоўваюць. Некалькі месяцаў ён прабыў у тбіліскай турме, а потым быў этапаваны ў Краснаярскі край. Рэабілітавалі Дубоўку толькі ў 1957 годзе.
Абхазія
Ва ўспамінах Янкі Брыля («Свае старонкі. Да творчай аўтабіяграфіі») за 1952 год можна знайсці такую фразу: «Потым ішлі з Мішам і Лёнем па лузе, і я расказваў пра Абхазію». На жаль, няма больш разгорнутай інфармацыі, але факт застаецца фактам, Абхазія таксама цікавіла нашых пісьменнікаў.
Усяго праз некалькі дзесяцігоддзяў курорт у Піцундзе стане «ўсесаюзнай здраўніцай». Менавіта сюды, пад восень 1981 года, прыедзе па пуцёўцы ў дом творчасці Васіль Быкаў разам з жонкай Ірынай. Па шчаслівым супадзенні ў гэты ж самы час будзе тут і «мілы Валодзя Караткевіч з жонкай Валяй». Іх сумеснаму адпачынку Быкаў прысвеціць некалькі главак у сваёй «Доўгай дарозе дадому». Тыя некалькі тыдняў яны правялі ў сумесных вандроўках па мясцовых ваколіцах, хадзілі купацца на мора, а Караткевіч з мясцовымі рыбакамі выбіраўся і на рыбалку. Наведалі з экскурсіяй Сухум, дзе асаблівую цікаўнасць і захапленне выклікаў мясцовы заапарк з вясёлымі малпачкамі.
Для Караткевіча гэта былі апошнія шчаслівыя моманты, бо ў хуткім часе пасля вяртання ў Мінск жонку, хворую на рак, паклалі ў шпіталь у Бараўляны. Быкаў вазіў туды сябра на машыне. Але ўсё гэта адбылося ўжо потым, а тады быў рэліктавы гай, пяшчотнае сонца і салёныя хвалі, набягаючыя на бераг.
Уладзімір Караткевіч на Палессі, апошні прыжыццёвы здымак, 1984 г. Аўтар фота Валянцін Ждановіч. Крыніца: Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа
Пералічыць усіх, хто ў розныя часы наведваў гэты прыгожы і гасцінны край, наўрад ці магчыма. Мы паспрабавалі зрабіць пэўны накід, каб зразумець, хто з нашых суайчыннікаў тут бываў, з якой нагоды і што іх тут цікавіла і прываблівала больш за ўсё.
Спадзяемся, пры нагодзе цяпер вам будзе цікавей гуляць па галоўным праспекце Тбілісі, які памятае яшчэ Янку Купалу.
Марыйка Арлова, Budzma.org
Чытайце яшчэ:Вандроўкі скрозь часы і геаграфію. Як адпачывалі беларускія пісьменнікі