Чым больш да нас прыходзіць вясновага цяпла і добрага надвор’я, тым часцей цягне ў вандроўкі. Хочацца пабачыць і нешта новае, і тое, што даўно люба, каб вярнуць сабе адчуванне звыклага жыцця і нейкай зразумелай рэчаіснасці. Не ва ўсіх цяпер ёсць магчымасць паездзіць па Беларусі, таму мы вырашылі нагадаць вам пра родную краіну праз фотавыставу, што нядаўна адбылася ў Мінску. Адметнасць яе ў тым, што пісьменнікаў-класікаў паказалі такімі, якімі яны «былі ў сапраўднасці людзьмі, у меру святымі і ў меру грэшнікамі».
Афіша да выставы «Моры рэальныя і выдуманыя. Беларускія літаратары на вакацыях». Фота Марыйкі Арловай
Магчымасць «скараціць дыстанцыю» паміж сабой і любімымі аўтарамі
Месяц таму ў Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва (НЦСІ) прайшла фотавыстава «Моры рэальныя і выдуманыя. Беларускія літаратары на вакацыях». На ёй былі размешчаны малавядомыя фотаздымкі класікаў беларускай літаратуры, якія НЦСІ часова прадаставіў са сваіх фондаў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва.
Адной з адметных рыс экспазіцыі стала магчымасць пабачыць менавіта арыгінальныя фотаздымкі, а не якасныя рэпрынты, як зараз даволі часта робіцца. Так у гледачоў з’яўляецца, хай і крыху ілюзорная, але ж магчымасць дакрануцца да мінулых часоў, адчуць сваю датычнасць да простага жыцця вядомых людзей і «скараціць дыстанцыю» паміж сабой і любімымі аўтарамі.
Усе мы, нягледзячы на пасады, дасягненні і жыццёвы досвед — людзі, са сваімі імкненнямі, жаданнямі і патрэбамі. Мабыць, таму так актуальна ў анонсе прагучала цытата Максіма Танка: «Чытаю біяграфіі нашых класікаў. Многіх я знаў асабіста. Як іх залізаныя і прычасаныя партрэты розняцца ад тых, якімі яны былі ў сапраўднасці людзьмі, у меру святымі і ў меру грэшнікамі, а не нейкімі манекенамі?».
Выстава, якая размясцілася ў трох невялікіх залах (два з фотаздымкамі і адзін з відэапраектарам), атрымалася даволі рознабаковай. На ёй адлюстравалі не толькі адпачынак шматлікіх творчых дзеячаў, але і паказалі шырокую геаграфію іх вандровак. У анатацыі пазначаны імёны Эдзі Агняцвет, Уладзіміра Дубоўкі, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, аднак больш за ўсіх увагу атрымалі Янка Брыль і Уладзімір Караткевіч. Двум апошнім пісьменнікам прысвечана значная частка экспазіцыйнай прасторы.
Вандроўкі воднымі шляхамі
Вядома, у Беларусі няма свайго мора, акрамя «Мінскага» і ўмоўнага «Мора Герадота», якое разліваецца па вясне на Палессі. Але ёсць у нас безліч прыгажэйшых рэк і азёраў, дзе сябры-пісьменнікі праводзілі час на рыбалцы ці адпачывалі са сваімі роднымі на прыродзе падчас падарожжаў. Так, на здымках можна было пабачыць Прыпяць і Ясельду, рачушку Шчару і нават літоўскую Дубісу. Былі адзначаны на іх азёры-прыгажуні: Свіцязь і Нарач.
Якуб Колас, Максім Лужанін, Максім Танк на возеры Нарач. Лета 1956 г. Фота Марыйкі Арловай
Дарэчы, той самы здымак з Якубам Коласам, які змешчаны на афішы, быў зняты якраз на Нарачы (25 ліпеня 1956 года), літаральна за некалькі тыдняў да смерці пісьменніка. Гэта адзін з апошніх яго здымкаў, які зрабіў Міхась Лынькоў, калі Колас наведваў яго разам са сваім асабістым сакратаром Максімам Лужаніным і пісьменнікам Максімам Танкам. Падчас адпачынку на возеры М. Лынькоў зрабіў вялікую серыю цудоўных аматарскіх здымкаў, якая зараз знаходзіцца ў літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа ў Мінску па вул. Акадэмічная, 5.
А вось на Свіцязі вельмі засяроджана пільнуе паплавок Янка Брыль. Менавіта ён часцей за іншых быў сфатаграфаваны падчас рыбалкі: калі толькі ішоў на яе з надзеяй і добрымі прадчуваннямі, альбо ўжо трымаў у руках вуду ці злоўленую рыбу.
Я. Брыль. На рыбалцы на Палессі, 1961 г. Крыніца: Facebook Алега Дзярновіча
Безумоўна, да ўдумлівай і якаснай працы куратараў трэба аднесці подпісы да здымкаў. На іх пазначылі не толькі месца і дату, але і імёны іншых людзей, прысутных у кадры, а не толькі «галоўных герояў». Напрыклад, не Янка Брыль з жанчынамі, а «Я. Брыль з Н. Брыль і З. Калеснік». Адзначым, што большасць здымкаў вядомага пісьменніка зрабіў Уладзімір Калеснік — сябра, літаратуравед і суаўтар Брыля і Алеся Адамовіча па кнізе «Я з вогненнай вёскі».
Я. Брыль. На рыбалцы. Возера Свіцязь, 1963 г. Крыніца: Facebook Алега Дзярновіча
Я. Брыль, Н. Брыль і З. Калеснік на адпачынку. Берасцейшчына, 1970-я г. Крыніца: Facebook Алега Дзярновіча
Цікавымі нам будуць і водныя шляхі Уладзіміра Караткевіча. З маладосці ён быў апантаным рыбаловам і любіў бываць не толькі на малой, але і на вялікай вадзе. Выходзіў ён у мора з рыбакамі і ў Абхазіі, і ў Балтыі, а ў крымскім Кактэбелі, па ўспамінах яго сябра Адама Мальдзіса, нават злавіў акулу. На выставе былі фотакарткі, знятыя з 1967 па 1973 гады. Акрамя беларускіх мясцін (Бярэзінскі запаведнік, Стаўбцоўскі і Чашніцкі раёны, п. Друя) пабачылі мы і высокія каменныя лесвіцы дамоў у Гурзуфе і вадаспад пад Ялтай. Чым бы ні займаўся пісьменнік — цягнуў машыну з вады ці трымаў дзвюх змеек — на яго твары заўжды была тая натуральная ўсмешка, з якой ён прайшоў праз усё жыццё.
Уладзімір Караткевіч. Крым пад Ялтай, вадаспад. 1969 г. Фота Марыйкі Арловай
Уладзімір Караткевіч. Бярэзінскі запаведнік, 1972 г. Фота Марыйкі Арловай
Еўрапейскія вандроўкі нашых пісьменнікаў
Што тычыцца еўрапейскага напрамку вандровак, якому прысвечана другая зала, то галоўнае месца там заняла Італія — Неапаль, Сарэнта і выспа Капры — куды ў 1956 годзе ездзілі Янка Брыль разам з Максімам Танкам. З якой нагоды? Пісьменнікі былі ўдзельнікамі беларускай турыстычнай групы, якая прыняла ўдзел у круізе па краінах Міжземнамор’я, а кіраўніком той групы быў прызначаны іншы вядомы беларускі пісьменнік Іван Мележ.
Яшчэ адным інфармацыйна насычаным пластом таго зала сталі здымкі Янкі Брыля ў Парыжы ў 1960 годзе. Пасля ён напіша ў мемуарах «Свае старонкі (Да творчай аўтабіяграфіі)»: «Дома. Як дома — зусім нечакана — мы сябе адчулі ўжо ў Парыжы. (...) амаль што па-хатняму ціхі пасля Нью-Ёрку, раскошны, паэтычны Парыж». Так, тая вандроўка была яшчэ больш маштабная, чым папярэдняя, бо спачатку ён наведаў Канаду, бачыў Ніягарскі вадаспад, а потым з групай, дзе быў і Пімен Панчанка, паехаў у ЗША (Чыкага, Вашынгтон, Балтымор, Філадэльфію і Нью-Ёрк). Дзіўна, што пра гэтыя цікавыя факты з біяграфіі там мала інфармацыі.
Другі зал выставы, агульны выгляд. Фота Марыйкі Арловай
«Моры выдуманыя»
Акрамя фотаздымкаў куратары выкарысталі і творы пісьменнікаў (вершаваныя і празаічныя), якія наўпрост ці метафарычна згадвалі пра мора. Таму і з’явіліся ў назве «моры выдуманыя». Як, напрыклад, у Якуба Коласа ў вершы «На полі вясною»: Люблю я прыволле / Шырокіх палёў, / Зялёнае мора / Ржаных каласоў. Ці для параўнання з чалавечымі пачуццямі: У кожнага мора свая глыбіня. / У кожнага сэрца свая таямніца. (Рыгор Барадулін, «Чакаем»).
А вось у Караткевіча ўвогуле ўзялі вялікі фрагмент з рамана «Каласы пад сярпом тваім». Тое мора каля кактэбельскага Карадага ён ведаў:
«Гэта тое самае мора, у якое ўпадае мой Дняпро. І ён, і яшчэ тысячы, тысячы рэк, ручаін і проста струменьчыкаў аддаюць мору ваду, адбіткі берагоў, якія яны бачылі на ўсім сваім шляху, каламуць, колер вод, галіны, лісце сваіх лясоў і траў і, нарэшце, саміх сябе, сваё жыццё.
Мы нясём у гэта мора ўсё добрае і злое, што мы бачылі, мы нясём у яго сваё жыццё, нават больш — сваю душу».
Пытанне, якое засталося пасля выставы
Калі дачытаўшы гэты артыкул вы адчулі не толькі цікаўнасць да новых звестак, але вас крануў і смутак, што не пабачылі выставу на ўласныя вочы, то не турбуйцеся. Проста знайдзіце і адчыніце творы сваіх любімых пісьменнікаў (амаль усе яны ёсць у электронным фармаце), і зірніце на іх па-новаму, праз невядомыя раней старонкі біяграфій.
Аднак выстава пакінула і вялікую загадку: як атрымалася, што куратары абмінулі Сакартвэла? Магчыма, некалькі здымкаў і прамільгнула ў зале, дзе ўсталявалі відэапраектар, аднак яны не засталіся ў памяці. Такі падыход здзівіў, бо ў розныя часы ў «сонечнай краіне» адпачывалі амаль што ўсе беларускія пісьменнікі і паэты. А некаторыя з іх прысвяцілі ёй такія значныя творы, якія і сёння вельмі шануюць і нават з гэтай нагоды ладзяць міжнацыянальныя культурныя праекты. Але аб гэтым мы раскажам ужо наступным разам.
Марыйка Арлова, Budzma.org
Чытайце яшчэ: 13 знакавых кніг беларускіх аўтарак