Знаходак раннесярэднявечнай зброі з Беларусі, па сутнасці, не так шмат. Чаму? Ці нашыя продкі не ваявалі? Альбо не паміралі, калі размова ідзе пра пахаванні, але адразу, са зброяй, адпраўляліся ў замагільны свет?..
Адказы на гэтыя і іншыя пытанні паспрабаваў даць гісторык і археолаг Мікалай Плавінскі падчас сваёй лекцыі, прысвечанай узбраенню насельніцтва Беларусі ў Х — ХІІІ стст. у рамках “Цэху жывой гісторыі”. Лекцыі на тэму ўжо амаль год няспынна праходзяць штомесяц на пляцоўцы бара Beer&Wine на вул. Кульман, 9 у Мінску.
Пара нажоў і стрэлаў за… паўтысячы гадоў
Калі казаць пра комплекс зброі раннеславянскага перыяду, то бок другой паловы І тысячагоддзя н.э., дык тут больш пытанняў, чым адказаў. Напрыклад, культура пскоўскіх доўгіх курганоў, якая праіснавала амаль паўтысячы гадоў на досыць вялікім геаграфічным абшары, прадстаўленая адно парай нажоў, дроцікаў, наканечнікаў стрэлаў і сякераў. Культура смаленска-полацкіх доўгіх курганоў — гэта наогул усяго некалькі наканечнікаў стрэлаў.
Наіўна думаць, што людзі тады не ваявалі альбо неяк абыходзіліся без зброі. Пры гэтым пытанне застаецца адкрытым — куды падзеліся самі артэфакты? Адказу пакуль няма. Зрэшты, яскравы пералом у плане колькасці знаходак зброі, у тым ліку на Беларусі, наступае з надыходам эпохі вікінгаў…
“Наўгародцы не паміралі”, а палачане?
Пра якую зброю менавіта ідзе гаворка ў гэты час? Клінковая зброя — гэта, безумоўна, мячы, даўжыня клінка якіх вагалася ад 70 да 90 см. Меч лічыўся адзнакай статусу, таму найперш імі валодалі прафесійныя ваяры — дружыннікі. Сімвалічным пунктам адліку ўваходжання элітарнай клінковай зброі ў абыходак нашых продкаў археолагі лічаць меч другой паловы ІХ ст. з Брылеўскага скарбу, знойдзенага пад Барысавым. Сам скарб складаўся непасрэдна з мяча, трохсот срэбраных дырхемаў і кручанай шыйнай грыўні.
На жаль, ні ў Полацку, ні ў Віцебску гарадскія курганныя могільнікі не выяўленыя, таму на сённяшні момант мы маем надзвычай мала прыкладаў элітарнай клінковай зброі. Чаму? Бо яе ўладальнікі па зразумелых прычынах жылі ў адміністратыўных цэнтрах, а не на перыферыі, таму і іхныя пахаванні мелі б быць у ваколіцах княскіх цвярдыняў.
У гэтым святле цікавы прыклад Ноўгарада, дзе таксама да нядаўняга часу ўвогуле не было выяўлена пахаванняў раннесярэднявечнага перыяду. Сярод археолагаў бытаваў нават жарт, маўляў, “наўгародцы не паміралі”. Сітуацыя нечакана змянілася гэтым летам, калі былі знойдзеныя першыя пахаванні старажытных наўгародцаў. Тое самае можа быць з Віцебскам і Полацкам: калі тамтэйшыя пахаванні ўсё ж незваротна не знішчаныя і іх атрымаецца адшукаць — знаходкі могуць змяніць нашае ўяўленне пра збройны свет часоў Полацкага княства.
Маглі ўзяць на вайну, а маглі на паляванне
Зброя таго часу — гэта не толькі і не столькі (калі казаць пра колькасць і пашыранасць) мячы, але яшчэ і сякеры, булавы, коп’і, дроцікі, баявыя нажы, кісцяні. Тыя ж коп’і часцяком мелі поліфункцыйнае выкарыстанне: імі маглі ваяваць, а маглі пайсці на паляванне. Асартымент коп’яў даволі размаіты і ў плане выгляду: ад не надта эстэтычных вясковых імправізацыяў да элітарных асобнікаў з інкруставанымі каштоўнымі металамі ўтулкамі (апошніх, праўда, выяўлены мізэрны адсотак).
Падобная сітуацыя і з сякерамі: дагэтуль цяжка правесці яскравую рысу паміж тагачаснымі сякерамі вайсковага ўжытку і штодзённага — рабочага. Тут ролю грае і вага, і таўшчыня, і вугал ляза, і шмат іншых фактараў.
Да запазычанасцяў з поўдня можна аднесці чакан — сякеру з малаточкам на абуху, які прыйшоў са стэпавага рэгіёна — на той час гэта была імпартная элітарная зброя. Тое ж і з булавамі, што мелі бронзавы корпус з залітым унутр свінцом і важылі, у прынцыпе, не так і шмат — гэта ўжо, імаверна, візантыйскі ўплыў.
Меч: клінок з захаду, крыжавіна — з Готланда, а похвы — з Русі
У ХІІ — ХІІІ стагоддзях свет зброі няўхільна змяняецца. Вельмі шырока распаўсюджваюцца мячы балтыйскіх тыпаў — масавыя і лёгкія — што і акрэсліла пераход ад эпохі вікінгаў да класічнага раманскага мяча. Клінкі маглі вырабляцца ў Заходняй Еўропе, а вось бронзавыя крыжавіны — на Готландзе. Рабілася якасная зброя і ў нас. У Наваградку, да прыкладу, падчас раскопак тагачаснай ювелірнай майстэрні быў выяўлены паўфабрыкат: недаробленая бронзавая крыжавіна. То бок калі не самі клінкі, то пэўныя дэталі на тэрыторыі сучаснай Беларусі ўсё ж вырабляліся.
Не варта забывацца, што меч — гэта не толькі клінок, крыжавіна і рукаяць, а яшчэ і похвы, у якія ён укладаўся падчас нашэння пры поясе. Похвы пры гэтым маглі дасягаць узроўню ледзь не твора мастацтва: наканечнікі похваў даследчыкі даўно падзялілі на шматлікія тыпы паводле арнаментаў і іх семантыкі. Цікава, што вялікая колькасць узораў з наканечнікаў, знойдзеных у той жа Прыбалтыцы, мае “візантыйскія” матывы ў арнаментацыі, то бок не выключана, што яны былі вырабленыя на Русі, у тым ліку на землях сённяшняй Беларусі.
Сякера з рогу як “аргумент” у канфлікце з суседам
У ХІІ — ХІІІ стагоддзях сельскае насельніцтва фактычна выключаецца з лакальных збройных канфліктаў, у якіх бяруць удзел ужо адно профі, і можа ўдзельнічаць хіба ў маштабных кампаніях, калі ніводзін мужчына не мог заставацца ў баку. Магчыма, з гэтым звязанае і змяншэнне асартыменту дрэўкавай зброі, і перавага сярод знаходак масіўных працоўных сякераў, а зусім не баявых.
Наконт сякераў: у гэты перыяд з’яўляецца яшчэ адна цікавостка — сякера з рогу. Зрабіць яе было досыць няпроста, дрэва ёй не ссячэш, шалом не праб’еш, дык навошта?.. Магчыма, гэта было пэўнай інтэрпрэтацыяй ідэі “грамадзянскай зброі”: свабодны жыхар горада не мог насіць баявога ўзбраення, але мець “аргумент” у канфлікце з неабароненым рыштункам суседам было пажадана.
Дарэчы, у ХІІ ст. на Беларусі ўпершыню з’яўляецца шабля — выгнутая зброя з усяго адным завостраным бокам. Безумоўна, шаблю да нас прынесла “гарачымі вятрамі стэпу”. Ніводнай цэлай шаблі ў нас не знойдзена, адно элементы. Знаходкі, што і лагічна, адносяцца да паўднёва-ўсходняга і цэнтральнага рэгіёнаў краіны.
“Выдрапаны” сусвет варага: зброя, сэкс і марскія падарожжы
Нашы веды пра зброю таго часу — гэта не толькі знаходкі непасрэдна ўзораў узбраення, але яшчэ і іканаграфія. Тут сітуацыя цікавая, бо, з аднаго боку, мы маем справу з графіці на костках ды камні — прымітыўныя малюнкі, выкананыя непасрэднымі ваярамі альбо тубыльцамі, якія іх бачылі ці мелі з імі справу. Напрыклад, калі ідзе гаворка пра графіці на костках з Маскавічаў, то па іх можна ўявіць сусвет варага, які іх і выдрапаў. Гэта выявы зброі і ваяроў, аголенай жанчыны, людзей у чаўнах з ветразямі, асобныя допісы здэградаваным футаркам — скандынаўскімі рунамі.
З іншага боку мы маем Радзівілаўскі летапіс (др. пал. ХV ст.), у якім бачым фантастычную колькасць выяваў зброі: аўтар апісвае багатае на канфлікты палітычнае жыццё, у тым ліку Х — ХІІІ стагоддзяў. Бяда ў тым, што ілюстратар мала таго што наўрад ці сам калі тую зброю трымаў у руках, дык яшчэ і арыентаваўся найперш на выяўленчую традыцыю папярэднікаў, а не на канкрэтныя прыклады ўзбраення, якое яго наўрад ці цікавіла. Таму на старонках летапісу можна бачыць у руках воя архаічную рукаяць ад раннесярэднявечнага мяча і насаджаны на яе клінок шаблі ці што заўгодна іншае — поўны калейдаскоп…
Знаходка аднаго багатага пахавання можа змяніць усё
Сёння археолагі маюць досыць гарманічна выбудаванае ўяўленне пра комплекс зброі Х — ХІІІ стагоддзяў на нашых землях, ведаючы, якія мячы маглі насіць дружыннікі, з якім кап’ём ці рагацінай хадзілі на паляванне вяскоўцы, скуль на нашыя землі прыйшла шабля і г.д.
З іншага боку, можна меркаваць, што ў святле новых знаходак гэтая канструкцыя будзе змушаная змяняцца: усяго адно багатае пахаванне са зброяй можа калі не перакрэсліць, дык прынамсі істотна падкарэктаваць нашае бачанне таго перыяду. Таму цалкам магчыма, што ў плане вывучэння зброі і рыштунку Х — ХІІІ стст. усё яшчэ наперадзе!
Алесь Кіркевіч