Зоя Белахвосцік знялася ў ролі шаптухі ў буктрэйлеры да кнігі Макара «Ніці»

У выдавецтве «Янушкевіч» 18 кастрычніка выйшла новая кніга Макара — «НІЦІ». Гэта сапраўдны беларускі трылер, у якім пераплятаюцца містыка, традыцыі і таямніцы, пішуць выдаўцы. Адчуць атмасферу кнігі дапамагае буктрэйлер, галоўную ролю ў якім выканала Зоя Белахвосцік — народная артыстка Беларусі, сяброўка трупы «Вольныя Купалаўцы».

«Nici»

Падзеі кнігі разгортваюцца ў далёкай вёсцы, куды па размеркаванні прыязджае малады настаўнік з Мінска. Там, пасля адмысловага абраду, знікаюць нябожчыкі. Атмасферу неспакою і містыкі паказалі ў буктрэйлеры, які ўжо выйшаў у сацсетках аўтара і выдавецтва «Янушкевіч».

У буктрэйлеры галоўную ролю, шаптухі Купавы, сыграла Зоя Белахвосцік — народная артыстка Беларусі, адна з самых яркіх асоб Купалаўскага, а сёння — сяброўка трупы «Вольныя Купалаўцы».

Zoja Bielachvoscik

«Назва кнігі і самі ніткі з’явіліся пасля таго, як я паглядзеў спектакль «Шэпт», — кажа Макар. — Тады я толькі пачаў пісаць. Была ідэя «вёска, дзе знікаюць нябожчыкі», але я не ведаў, як і куды яны знікаюць. Тады ж з’явілася і постаць вясковай шаптухі Купавы. Калі пачалі рыхтаваць буктрэйлер, у маёй галаве адразу з’явіўся твар чароўнай і містычнай Зоі Белахвосцік. Рашэнне ў камандзе прынялі хутка, але пісаць з прапановай было трошкі страшнавата, улічваючы маштаб асобы спадарыні Зоі».

У буктрэйлеры можна пачуць новую песню Анастасіі Рыдлеўскай «Oj Da Nočy», якая стала саўндтрэкам да кнігі. Магічная музыка, у якой сплятаюцца фальклорныя матывы і сучаснае гучанне, дакладна перадае атмасферу твора.

Пра кнігу

У вёску Крупа, дзе знікаюць нябожчыкі, па размеркаванні прыязджае малады настаўнік Антон. На карце вёска — усяго толькі кропка сярод балот і лясоў, але тутэйшыя вераць у старажытныя забабоны і жывуць паводле традыцый продкаў.

Абрад «ніці», пасля якога знікаюць нябожчыкі, непакоіць Антона, і ён пачынае шукаць яму лагічнае тлумачэнне. Чым далей настаўнік прасоўваецца ў расследаванні, тым больш рызыкуе ўласным жыццём і сутыкаецца з варожасцю мясцовых жыхароў.
Што хавае Крупа — чалавечыя злачынствы ці сілу, якая прыйшла з іншага свету?

«НІЦІ» можна набыць у кнігарні Кнігаўка ў Варшаве, на сайце knihauka.com і на маркетплэйсе Allegro.

«Ніці» — другі твор маладога аўтара Макара Валынкіна. Першы — аповесць пра мінскую моладзь «Апошняе пакаленне» — увайшоў у доўгі спіс намінантаў на прэмію Гедройця.