Паэма Пятра Глебкі «Карменсіта» з’явілася на канале праекта «Непаслухмяныя дзеці кастрычніка»

Ініцыятыва «Непаслухмяныя дзеці кастрычніка» агучыла паэму Пятра Глебкі «Карменсіта».

«Karmiensita»

«Пятро Глебку рэпрэсіі — ў нашым разуменні — абышлі. Яго не высылалі ў лагер, не расстрэльвалі, як ягоных калег. Аднак лёс аўтара— прыклад перамогі аўтарытэта над вялікай рызыкай трапіць пад сталінскі каток. Гэта прыклад такога, а не іншага выбару — за жыццё аддаць творчасць, памкненні. Пагадзіцца на расстрэл сваёй творчасці і пражыць надламаным, не мець магчымасці пісаць тое, што хочацца», — напісалі стваральнікі праекта.

Паэма «Кармэнсіта» упершыню прагучала са сцэны опернага тэатра ў Мінску. Пасля гэтага яе забаранілі, пад няміласць трапіў сам Глебка. У творы — пошук выйсця са становішча, дзе вельмі мала прасторы для выбару. Гэта — тыя самыя душэўныя пакуты аўтара.

Ініцыятыва «Непаслухмяныя дзеці кастрычніка» паўстала на пачатку гэтага года, аўтары абяцаюць агучваць творы рэпрэсаваных і расстраляных у 1930-я гады пісьменнікаў і паэтаў.

Сёння гэтыя творы фактычна пад негалоснай забаронай у школе. «Гэтай жа літаратуры нідзе няма, нават песні ёсць на вершы расстраляных паэтаў, а вось начытаных тэкстаў не дужа і ёсць. Зразумела, шмат хто агучвае сучасныя творы — і гэта добра. Але ж гэта ніша пакуль незанятая, а яна важная», — кажуць стваральнікі праекта.