У драматычным тэатры Стакгольма ў межах праекта DRAMATEN.DOC з 15 па 16 кастрычніка пройдуць перфарматыўныя чыткі паводле «Плошчы Перамогі» Альгерда Бахарэвіча, піша reform.news.
Афіша з партрэтам Альгерда Бахарэвіча. Фота: dramaten.se
Драматургічная апрацоўка зроблена Дзмітрыем Плаксам. Кніга перакладзена колішнім амбасадарам Швецыі ў Беларусі Стэфанам Эрыксанам і выйшла ў шведскім выдавецтве Ersatz.
DRAMATEN.DOC — гэта праект, ініцыяваны драматургам і рэжысёрам Дзмітрыем Плаксам, які ўяўляе сабой серыю перфарматыўных чытак пра бягучыя падзеі ў свеце. Слова даецца аўтарам з гарачых кропак, з рэгіёнаў, дзе адбываецца вайна ці іншыя формы гвалту. Беларускай павестцы былі прысвечаны спектаклі паводле аповеду Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага — «Бяляцкі, пішы прашэнне аб памілаванні!», зборніка апавяданняў «Зэкамерон» адваката Максіма Знака і «Часу сэканд хэнд» Святланы Алексіевіч.
«Бяляцкі, прасі літасці!» паводле эсэ «Бяляцкі, пішыце прашэнне аб памілаванні» і кнігі Максіма Знака «Зэкамерон». Фота: Аліна Гармаш
«У кнізе «Плошча Перамогі» беларускі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч апісвае, як хлусня можа расці і зменьваць як людзей, так і цэлыя краіны... Калі прагны да ўлады чалавек пачынае верыць сваёй уласнай хлусні, гэта вядзе і яго самога, і краіну да катастрофы», — кажа анатацыя да спектакля.
«Плошча Перамогі» была выбрана таму што, з аднаго боку, гэта казка, зразумелая самаму рознаму гледачу, а з іншага, гэта найноўшая кніжка беларускага пісьменніка, якая выйшла па-шведску. Улетку яна была прэзентавана на фестывалі Book & Hiking.
«У гэтым праекце мы працуем з формай, якую мы самі прыдумалі, нешта сярэдняе паміж паўнавартасным спектаклем і чыткай, мы гэта называем «увасабляльныя чыткі», — расказаў Дзмітрый Плакс нашаму выданню. — У нас адны і тыя ж касцюмы, і адны і тыя ж элементы сцэнаграфіі. А як мы карыстаемся гэтымі элементамі — гэта ўжо іншае пытанне».
У праекце рэжысёр адмаўляецца ад дэкарацый, таму рэквізіт набывае велізарнае значэнне. Любы прадмет, што трапляе ў рукі выканаўцы ролі, успрымаецца як акцэнт, як нешта, што расказвае сваю гісторыю. «Мы зыходзім з таго, што рух, святло, гук, рэквізіт, — гэта тое, з чым мы маем працаваць. І мы рабілі гэта па-рознаму: ад адной лямпы і двух акцёраў, якія статычна сядзелі на крэслах, да харэаграфічных пастановак. Ці, напрыклад, гукарэжысёр ставіў мікрафоны на абутак актораў, каб было чуваць кожны крок, а яны рассыпалі з кішэняў крышталі марской солі, і гэты гук ствараў увесь патрэбны нам антураж», — расказаў рэжысёр у інтэрв’ю Reform.news на пачатку існавання праекта. Да прэм’еры застаецца каля дзесяці дзён, нюансы сцэнаграфіі пакуль застаюцца таямніцай.
Пасля чытак 15 кастрычніка беларускаму ПЭНу будзе ўрачыста ўручана Хірасімская прэмія міру. Менавіта з гэтай нагоды Дзмітрый Плакс вырашыў чарговы раз нагадаць сваім спектаклем пра тое, што адбываецца ў Беларусі, якая ўжо доўгі час знаходзіцца ў інфармацыйным ценю.