У апошнія гады шмат літаратараў вымушаныя былі пакінуць радзіму, але шмат іх засталося і ў Беларусі. Аднак галасоў апошніх амаль не чуваць: з-за абмежаванняў, створаных уладамі, кантактаваць з пляцоўкамі, якія знаходзяцца за мяжой, ім вельмі небяспечна. Пра тое, як сёння адчуваюць сябе творцы ўнутры краіны, Budzma.org пагутарыла на ўмовах ананімнасці з літаратарам, які працягвае жыць у Беларусі.
Крыніца: depositphotos.com
— Сакавік 2025 года: якое цяпер жыццё ў літаратара, які працягвае быць і працаваць у Беларусі?
— «Яечня з паляндвіцай і чысты каўнер — вось усё, што мне трэба», — як сказаў адзін літаратурны герой. Літаратура — від мастацтва не надта высокатэхналагічны. Усё, што трэба прафесійнаму літаратару — свой кут, стол, камп’ютар.
Яшчэ патрэбен выдавец, але не раней чым напішацца кніга, якая вымагае некалькіх гадоў працы. Таму, у адрозненне ад кіно і тэатра, кнігі ў Беларусі пакрысе пішуцца, праўда, у шуфлядку. Па маіх адчуваннях тут усё працягваецца. У тым ліку выхад у свет... Мы ж літаратары — існуюць усялякія хады, таму кніжкі і публікацыі з’яўляюцца.
Так, літаратары ў Беларусі выкінутыя на ўзбочыну жыцця, але творчасці гэта не замінае. Хутчэй наадварот, пасля бесшабашных і вясёлых 2010-х, калі мы жылі ў нейкім адрыве ад астатняй краіны, ад свайго чытача, ап’янёныя адноснай свабодай, наступіла карыснае працверазенне, парадаксальная еднасць літаратараў са сваім народам: яны цяпер падзяляюць агульны лёс.
Іх гэтаксама выганяюць з уласнай зямлі, цкуюць, садзяць у турмы. Думаю, творчасці гэта толькі на карысць. Мы вярнуліся не толькі ў рэальнасць, але і дадому.
— Ці ёсць літаратурнае жыццё ў Беларусі?
Крыніца: shedevrum.ai
— Каб адкрыта праходзілі вечарыны незалежнай беларускай літаратуры — такога цяпер няма. Нават вечарыны ў музеях не заўсёды анансуюць. Нават з праўладнага Союза пісьменнікаў сталі нашмат менш кудысьці выязджаць, нават «на спецыяльна прызначаныя для такіх мерапрыемстваў» пляцоўкі. На ўсё трэба ўзгадненні.
Не здзіўляйцеся, калі нават на «ўзгодненую» вечарыну прыйдзе чалавек у форме або без і папросіць паказаць прэзентаваную кнігу. Таму часта вечарыны адбываюцца без кніг увогуле.
Па маіх назіраннях, у справе дазволу літаратурных вечароў праглядаецца нацыянальны прынцып. Польская і ўкраінская публічная літаратурная дзейнасць закрытыя ў прынцыпе. Беларуская — вельмі моцна пасечаная. Сёе-тое адбываецца трохі больш адкрыта, яшчэ можна нешта зладзіць, зноў жа з бясконцымі ўзгадненнямі. Тут як бы нацыянальныя літаратуры — прамы адбітак стаўлення ўлады да той ці іншай краіны.
— Чыноўнікі вырашылі абраць рэжым цішыні?
— Чыноўнікі ад «ніззя!»-ведамстваў — так. Ім так прасцей і больш звыкла. Але чыноўнікам ад культуры, навукі — ох не! Тыя зацікаўленая, каб літаратурны працэс не спыняўся, ім трэба выконваць планы, дэманстраваць вынікі, размяркоўваць бюджэт — інакш на наступны год нічога не атрымаюць.
Ёсць таксама чыноўнікі (праўда-праўда!), якім баліць калі не за людзей і культуру, дык прынамсі за імідж краіны. Або за ўласнае месца — калі не будзе літаратуры, дык навошта тады чыноўнік ад літаратуры? Таму паўстала супярэчанне. Адныя — каб усё замарозіць, іншыя — каб ток культуры не спыняўся. Гэта дае невялічкі зазор, магчымасць для працы.
— Так. Ёсць нішы — дзіцячая літаратура, класіка, пераклады, літаратура, якая абяртаецца вакол гісторыі.
— З якімі яшчэ складанасцямі сутыкаюцца літаратары, якія працягваюць жыць і працаваць унутры Беларусі?
Крыніца: artchive.ru
— Натуральна, у некаторых выпадках гэта пагроза трапіць за краты — у тым ліку праз прафесійную дзейнасць. Бывае, дастаткова таго, што працаваў стыльрэдактарам «не ў тым месцы».
Цкаванне. У дзяржаўных выданнях, у даносніцкіх сацсетках цкуюць літаратараў. Прычым ужо не падзяляюць: тут хто ці там. Нават сябраў афіцыйнага Саюза пісьменнікаў. Агульны закід — нелаяльнасць. Вышукваюць падабайкі і бчб фоткі, спрабуюць лезці ў змест напісанага, але апошняе даносчыкам даецца з цяжкасцю.
Калі быць пісьменнікам, паэтам, жывучы ў цяперашняй Беларусі — складана, але плённа, то сумежныя прафесіі пакутуюць ад нерэалізаванасці. Варта звярнуць увагу на менеджараў культуры (арганізатараў мерапрыемстваў, каардынатараў праектаў). Моладзь, якая хоча кіраваць літапрацэсам, з’яўляецца, а досведу пераняць няма ад каго — культурных ініцыятыў унутры Беларусі мала, імпрэзы пад забаронай. Гэта пакуль што не праблема, але на доўгай дыстанцыі будуць цяжкасці.
А яшчэ літаратурныя перакладчыкі. У адрозненне ад пісьменнікаў, якія ў нашай культуры заўжды «прарасталі праз асфальт», маладыя перакладчыкі патрабуюць догляду і пешчання: майстар-класаў, штудыяванняў, вандровак, свабоднага паветра. Думаю, нашым калегам на волі варта звярнуць увагу на гэта.
— Гучыць усё гэта змрочна.
— Глядзіце, мы неяк забыліся, што беларуская літаратура ўжо больш за сто пяцьдзясят год існуе ў такім «селі-ўсталі» рэжыме. Яна заўжды апрача творчых, чыста літаратурных задач, думала пра самазахаванне і пераемнасць.
Пасля трыццаці гадоў адноснай свабоды ў 2021 годзе беларуская літаратура проста адышла на загадзя арганізаваныя пазіцыі, на мінулую лінію абароны, пабудаваную папярэднікамі. Мая настольная кніга зараз — мемуары «Доўгая дарога дамому» Васіля Быкава.
Асабліва тыя месцы, дзе ён распавядае, як тройка літаратараў, Быкаў, Карпюк і Клейн, людзі вольных, дэмакратычных поглядаў, у 60-я гады XX стагоддзя акапаліся ў ссавечаным Гродна і зладзілі кругавую абарону. Гутаркі, абмеркаванні, абарона агульных інтарэсаў. Яны трымаліся разам, інакш іх з’елі б.
Ясна, што ў той парадыгме яны міжволі станавіліся параноікамі, лічылі, што небяспека сыходзіць адусюль. Помню, як я з лёгкай усмешкай чытаў гэтыя мемуары 15 гадоў таму. Цяпер мая ўсмешка сцёрлася — кручу быкаўскія і клейнаўскія парады на вус.
Цяпер у Беларусі адбываецца падобнае: людзі гуртуюцца, збольшага абмяркоўваюць дзеянні ўлад. Сёння вельмі важна зразумець сітуацыю, ацаніць і зразумець, якія крокі робіць іншы бок, які лічыць нас апанентамі. Важна разумець, у якіх кірунках можна рухацца, а куды ўжо бессэнсоўна.
Мне здаецца, адносіны паміж літаратарамі сталі больш шчырымі, няма ранейшага адчування канкурэнцыі і зайздрасці. Ёсць разуменне, што мы знаходзімся ў адной лодцы. З тых, хто застаўся, я ўсіх рады бачыць.
— А што наконт стасункаў з беларускімі літаратарамі за мяжой? Якія яны?
— Мы адчуваем бясконцую сардэчную падтрымку нашых калег з-за мяжы. Яны, выгнаныя і апляваныя, жывуць у вельмі цяжкіх псіхалагічных і матэрыяльных умовах, але знаходзяць час даслаць нам, на Бацькаўшчыну, свой прывет, і пацешаць даробкам. Я імі ганаруся. Жыве кніга!