Марыў пра адзіноту, любіў гуляць у гульню "Хто разагне мой палец?", пасля 60-ці ствараў любоўную лірыку – цікавосткі пра Якуба Коласа

Васіль Дранько-Майсюк на сваёй старонцы ў Фэйсбук піша пра Якуба Коласа не толькі як пра класіка беларускай літаратуры, але ў першую чаргу як пра жывога чалавека са сваімі цікавасцямі, марамі і надзеямі.


Якуб Колас — стваральнік першага беларускага рамана ў вершах «Новая зямля». Аўтар па-шагалаўску фантазійнага «Сымона-музыкі», дзе яскрава паказаў тую вялікую мяжу паміж простым народам і сапраўдным мастаком.

242897899_10227662596054526_9010052099942905823_n.jpg

Напісаў шэраг з’едлівых іранічных апавяданняў у 20-ыя гг., дзе між іншым высмейваў тагачасны бальшавіцкі лад («Хаім Рыбс»). За яго гумарыстычную прозу, Коласа называлі «другім Гогалем».

У 30-ыя не хаваючыся выказваўся пра тое, што беларуская мова знікае. За гэта (і не толькі) на яго пісалі даносы парторг Акадэміі Навук БССР і вялікі расійскі паэт М. Ісакоўскі.

Быў заўсёды акружаны сям’ёй, меў безліч абавязкаў і ў адрозненні ад Янкі Купалы марыў... пра адзіноту. Калі ж заставаўся адзін, то іграў на скрыпцы і спяваў.

У канцы 40-х многія маладыя паэты (Максім Танк, Пімен Панчанка) ставіліся да яго з недалікатнай паблажлівасцю і пісалі, што ў Коласа «пяро атупела». Яны нават не здагадваліся, што менавіта ў 40-ыя гг., пачынаючы з эвакуацыі, Якуб Колас пачынае ствараць ці не лепшыя свае вершы — любоўную лірыку. Гэтая творчасць — рэдкі прыклад у нашай паэзіі, калі паэт пасля 60-ці гадоў, складае вершы, насычаныя ўласнымі інтымнымі перажываннямі. Кахаў сваю жонку, але гэта не замінала яму захапляцца іншымі жанчынамі і пакутваў, калі яны былі да яго халодныя і няўважлівыя.

Заўсёды быў у добрай фізічнай форме: калоў дровы, гуляў у адмысловую гульню: «Хто разагне мой палец?».

Смяяўся з Максіма Лужаніна, калі той занадта пафасна і соцрэалістычна апісваў у адным са сваіх твораў яго першую сустрэчу з Янкам Купалам.

У 30-ыя гг. вымушаны быў прымаць тагачасныя правілы гульні, але заўсёды, калі было магчыма выказваў сваё стаўленне да тагачаснай рэчаіснасці, напрыклад у канцы 30-х надрукаваў дрындушку супраць Лукаша Апанасавіча Бэндэ і БелАППаў.

243146113_10227662597214555_7631154592527661350_n.jpg

Адзін з тых рэдкіх беларускіх пісьменнікаў, які з аднолькавай пераканаўчасцю сцвердзіўся ў самых розных жанрах. У адрозненні ад Купалы пазбягаў хваравітай вастрыні, а калі і складаў творы смутнагляднага кшталту, то рабіў гэта з вядомым дамешкам іроніі (што яскрава бачнаў у аўтабіяграфічнай казцы «Рак-вусач»).

Заір Азгур параўноўваў яго з мушкецёрамі Аляксандра Дзюма. Айзік Кучар напачатку 30-х падкрэсліваў яго перадусім нацыянальную скіраванасць, Максім Лужанін напісаў пра яго цэлыя кнігі, у Лукаша Бэндэ ў архівах ляжаць да гэтага часу неапублікаваныя навуковыя даследванні, прысвечаныя творчасці Якуба Коласа, Уладзімір Някляеў адно са сваіх лепшых эсэяў прысвяціў асобе Якуба Коласа. Эдзі Агняцвет была аўтарам некалькіх дзівосных вершаў, прысвечаных Якубу Коласу.

Не стамляўся здзіўляцца беларускай абыякавасці да свайго бліжняга і эгаізму. Гэта асабліва яго засмучала пры сустрэчы з калегамі.

Марыў ўзняцца, бы шагалаўскі герой над нашай шэрай рэчаіснасцю і паляцець куды-небудзь далёка-далёка, туды, дзе пануе свет чыстага мастацтва і жыве яго любімы герой Сымон-музыка.

Творчасць Якуба Коласа скіравала маладога Адама Станкевіча на беларускі шлях! Вершы Якуба Коласа так паўплывалі на яго, што ён з Віленскай каталіцкай семінарыі паехаў на вучобу ў Петраградскую духоўную каталіцкую акадэмію свядомым беларусам!