У чацвер, 10 лістапада, на запрашэнне суполкі “Рубон” Наваполацкай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны завіталі ў Наваполацк вядомы журналіст Глеб Лабадзенка, паэт Сяргей Панізнік і бард Таццяна Беланогая.Выступоўцы з цудоўным пачуццём гумару забаўлялі, смяшылі, расказвалі цікавыя гісторыі навучэнцам гімназіі №2 г. Наваполацка і Наваполацкага дзяржаўнага ліцэя.
Вучні з задавальненнем паслухалі песні маладога, прыгожага і надзвычай таленавітага барда Таццяны Беланогай, задумаліся над настроем песняў. Акрамя таго, Таццяна задавала пытанні, звязаныя з творчасцю і жыццём беларускіх пісьменнікаў, а тыя, хто найбольш актыўна на іх адказваў, атрымлівалі ад спявачкі падарункі: дыскі і паштоўкі з выявамі яе карцін.
Глеб безупынна мог расказваць пра Радзівілаў, дэманструючы фотаздымкі, якія варта пабачыць не толькі вучням, але і ўсім неабыякавым да гісторыі роднага краю. Яго манера аповеду, пачуццё гумару не давалі засумаваць нікому. Вучні даведаліся шмат цікавага і карыснага пра род Радзівілаў.
Сяргей Панізнік пазабаўляў дзяцей цікавымі гісторыямі, пачытаў вершы са зборніка «Дабрасвет», якія з задавальненнем слухалі і настаўнікі, і тыя, хто даведаўся пра сустрэчы ў школах і прыйшоў паслухаць і паглядзець на сталічных гасцей, хаця, спадзяемся, яны прыязджаюць на Полаччыну як дадому.
Полацкая зямля гасцінна ўсіх вітае, сустракае і чакае новых выступаў.