Лявон Вольскі піша пра пачатак так званай выбарчай кампаніі ў Беларусі, флэшмоб «Нада» і вынікі выбараў у ЗША. «Абралі Трампа. Для кагосьці гэта дзіўна — што ён такога зрабіў падчас свайго папярэдняга прэзыдэнцтва, каб зноў яго выбіраць? Але, насамрэч, нічога дзіўнага няма». Чаму так? Разважае Лявон Вольскі.
Лявон Вольскі
Мы традыцыйна сачылі за амэрыканскімі выбарамі, і вось іхні вынік. Як заўсёды — для кагосьці — шакавальны, для кагосьці — чаканы й жаданы.
Перамог Дональд Трамп. Калісьці спадар Трамп паабяцаў, што, калі пераможа на выбарах, дык спыніць вайну ва Ўкраіне цягам 24 гадзінаў. Цяпер усе чакаюць, ці выканае вядомы бізнэсоўца й палітык сваё абяцаньне.
Але перад гэтай падзеяй адбываліся выбары ў іншых краінах. Адкрыўся так бы мовіць, цэлы «выбарчы сэзон».
Аўстрыя
Прайшлі выбары ў Аўстрыі, і там перамаглі правыя папулісты. Якія крычэлі пра вяртаньне былое велічы, вызваленьне ад мігрантаў і сяброўства з Расеяй (дзякуючы якому газ з нафтаю патаньнеюць, і будзе як раней).
Малдова
Потым адбыліся выбары ў Малдове, і мы ўбачылі, што далёка ня ўсе насельнікі гэтае сонечнае краіны імкнуцца ў Эўразьвяз, шмат хто дагэтуль мэнтальна павязаны з прывідам СССРу і баіцца зьменаў. Зрэшты, потым высьветлілася, што гэтыя «шмат хто» яшчэ болей прасякаюцца ідэямі сяброўства з Расеяй праз стымуляваньне расейскімі грашыма, то бок, кажучы простай моваю, куплю іхных галасоў. Але ў другім туры эўрапейскаарыентаваная дзейная прэзыдэнтка ўсё ж-такі ўпэўнена перамагла.
Беларусь
У РБ абвясьцілі канчатковую дату сваіх выбараў. 26 студзеня. Адразу стартавала флэшмоб-кампанія «Надо», дзе выкладчыкі, вайскоўцы, студэнты, навучэнцы і іншыя групы насельніцтва просяць нязьменнага ўжо на працягу трыццаці гадоў лідэра зноў балятавацца на пост прэзыдэнта.
Зноў. Просяць. Гучна так просяць.
«Нада!» — крычаць выкладчыкі калісьці паважанай навучальнай установы. «Нада!» — крычаць студэнты. «Нада!» — заклікаюць заводзкія рабочыя. «Нада!» — пераконваюць інжынэры.
«Нада дык нада», — неахвотна і сарамліва пагадзіўся калісьці першы, а цяпер ужо шосты (!) прэзыдэнт (?) РБ і высунуў сваю кандыдатуру. А што было рабіць? Народ папрасіў.
ЗША
Малюнак Лявона Вольскага
Увесь сьвет сачыў за чарговай шточатырохгадовай барацьбой амэрыканскіх дэмакратаў з рэспубліканцамі. Спачатку на другі тэрмін зьбіраўся пайсьці цяперашні прэзыдэнт Байдэн, але з прычынаў узросту і здароўя партыя папрасіла яго зьняцца. «Ня нада», — папрасіла партыя. Неахвотна і сарамліва, рыхтык, як беларускі лідэр, толькі з супрацьлеглым зарадам, Джо Байдэн пакінуў прэзыдэнцкую гонку, і яго замяніла гаваркая й сьмяшлівая дэмакратка Камала Харыс.
З рэспубліканскага ж боку выскачыў, як чорт з табакеркі, стары знаёмы Дональд Трамп. І адразу паабяцаў у выпадку сваёй перамогі спыніць вайну ва Ўкраіне за 24 гадзіны, вярнуць Злучаным Штатам былую веліч (у сваё мінулае прэзыдэнцтва недавяртаў), і што цэны на бэнзын вернуцца на даваенны ўзровень. І ўсё патаньнее. Ну, і мігранты... Карацей, вы зразумелі.
І вось яны (Камала і Дональд) паехалі па штатах — пераконваць народ. Адна казала пра небясьпеку дыктатуры, пагрозу дэмакратыі, пра неабходнасьць падтрымкі гэтае дэмакратыі ў сьвеце і дапамогу Ўкраіне. Другі — пра 24 гадзіны, веліч, падзеньне цэнаў і, безумоўна, пра мігрантаў. Народ сабе слухаў і рабіў высновы, экзыт-полы паказвалі, што ў кандыдатаў шанцы, прыблізна, роўныя.
Нічога дзіўнага
Абралі Трампа. Для кагосьці гэта дзіўна — што ён такога зрабіў падчас свайго папярэдняга прэзыдэнцтва, каб зноў яго выбіраць? Будаваў сьцяну на мяжы з Мэксыкай? Скарачаў колькасьць мігрантаў? А яшчэ што?
Але, насамрэч, нічога дзіўнага няма. І ў Аўстрыі, і ў Нямеччыне, дзе набіраюць папулярнасьць нацыянал-папулісты, і ў цяперашніх Злучаных Штатах, і ў колішняй Беларусі 90-х дэмакраты зьвяртаюцца да народа на незразумелай гэтаму народу мове. Яны гавораць пра небясьпеку дыктатуры, неабходнасьць умацаваньня дэмакратыі і панаваньня дэмакратычных каштоўнасьцяў, перадусім, правоў чалавека, пра стрымліваньне агрэсіі і мэтазгоднасьць вылучэньня на гэта дзяржаўных сродкаў...
Гэтыя словы пераканаўча гучаць для падрыхтаванага чалавека, які і так абраў сабе дэмакратыю як адзіны магчымы лад жыцьця.
Для большасьці ж выбарцаў (як высьвятляецца, у любой краіне, і тут ня мае значэньня адукацыя жыхароў і заможнасьць гэтае краіны) найпрывабней выглядаюць простыя й зразумелыя (іх яшчэ называюць папулісцкімі) лёзунгі — ну, вы памятаеце: вяртаньне велічы, рабочыя мейсцы, абмежаваньне і жорсткі кантроль міграцыі, поўны няўдзел у расейска-ўкраінскай вайне (бо на падтрымку Ўкраіны вылучаюцца велізарныя сродкі, мы лепей гэтыя грошы раздамо вам, калі вы нас абераце), танны бэнзын, газ, усё будзе, як раней, калі трава была зелянейшая і неба блакітнейшае.
Гэта працуе. Гэта народу падабаецца. А вашыя дэмакратычныя каштоўнасьці... Свабода... Гэта ўсё на хлеб не намажаш. Як той казаў.
Рэха слова «Нада!»
А той, хто казаў, з асалодаю слухае заахвочвальныя крыкі: «Нада!», «Нада!». І рэха шматкроць адбівае гэтае расейскае слова па калідорах навучальных установаў, па шматпавярховых спальніках, па восеньскіх алеях паркаў...
— Нада! — хорам крыкнулі выкладчыкі некалі паважанага ўнівэрсытэту, і рэха адказала:
— Нада!
— Нада! — выгукнула аддзяленьне міліцыянтаў.
— Нада! — азвалася рэха.
— Нада! — заклікаў гурт студэнтаў некалі паважанага ўнівэрсытэту.
— Нада! — паўтарыла рэха.
— Нада! — крыкнулі дзяржаўныя лекары.
— Нада...кучыў! — раздражнёна адрэзала рэха.
Лявон Вольскі, Budzma.org