7 кастрычніка 2016 года ў мінскім Палацы мастацтваў пачне працу найбуйнейшая ў Беларусі выстава-продаж сучаснага мастацтва “Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам”.
Гэты грандыёзны арт-праект другі раз прадставіць у Мінску шырокую панараму творчасці маладых беларускіх мастакоў. У параўнанні з мінулым годам значна выраслі маштабы і якасны ўзровень арганізацыі мерапрыемства. У экспазіцыі “Восеньскага салона з Белгазпрамбанкам” будуць дэманстравацца каля 500 мастацкіх твораў, выкананых у самых розных відах і тэхніках выяўленчага мастацтва (жывапіс, графіка, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, фатаграфія, інсталяцыя). Усяго ў праекце ўдзельнічаюць 162 мастакі ва ўзросце ад 18 да 40 гадоў, адабраных прафесійным журы на аснове пададзеных электронных заявак. Сваіх аўтараў таксама вылучылі 9 мастацкіх галерэй, прыватных і дзяржаўных, якія прадстаўляюць розныя рэгіёны нашай рэспублікі.
Выставу беларускіх мастакоў ярка дапоўняць творы сучасных французскіх аўтараў, прызёраў знакамітых Восеньскіх салонаў апошніх гадоў, якія рэгулярна праходзяць у Парыжы з 1903 года.
З мэтай надання імпульсу прафесійнаму развіццю маладых айчынных аўтараў пераможцам праекта, вызначаным міжнародным экспертным журы, будзе аказанае садзейнічанне ва ўдзеле ў інтэрнацыянальным Восеньскім салоне ў Парыжы, які пройдзе на Елісейскіх палях у кастрычніку 2017 года.
Ацэньваць удзельнікаў будзе аўтарытэтнае журы, у складзе якога – прызнаныя эксперты ў галіне сучаснага мастацтва міжнароднага ўзроўню: Аляксандр Бароўскі (мастацтвазнаўца, загадчык Аддзела найноўшых плыняў Дзяржаўнага Рускага музея (Санкт-Пецярбург), Сільвія Кошлін (скульптар, прэзідэнт “Восеньскага салона” (Парыж), Канстанцін Дарашэнка (арт-крытык, куратар, Кіеў), Гіда Фасбендэр (куратар сучаснага мастацтва, Берлінская галерэя), Давіле Тамкутэ (мастак, дырэктар галерэі Arka, Вільня).
“Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам” задуманы як актыўная пляцоўка прэзентацыі сучаснага беларускага мастацтва, і насычаная адукацыйная праграма (лекцыі, інтэрактыўныя экскурсіі, квэсты, заняткі з дзецьмі) закліканая ажывіць дыялог публікі з мастацкім светам.
Па словах старшыні праўлення ААТ “Белгазпрамбанк” Віктара Бабарыкі, “адна з асноўных задач “Восеньскага салона” – фармаванне арт-рынку, які рэгулюе як творчыя, так і эканамічныя пытанні”. У сувязі з гэтым усе працы беларускіх удзельнікаў, прадстаўленыя ў экспазіцыі, выстаўленыя на продаж. Азнаёміцца са спісам прапанаваных твораў і іх коштам можна ў інтэрнэт-краме artcenter.by, якая дапускае магчымасць карэктавання і ўзгаднення цаны паміж аўтарам і пакупніком. Сюрпрызам для аматараў мастацтва стане магчымасць набыць упадабаныя творы ў растэрміноўку з дапамогай “Карты пакупак” Белгазпрамбанка.
Першы “Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам” прайшоў з 8 кастрычніка па 8 лістапада 2015 года ў фармаце выставы-продажу ў мінскім Палацы мастацтваў. З экспазіцыяй азнаёміліся больш за дзесяць тысяч чалавек, было прададзена каля сотні выстаўленых твораў – 30% ад агульнай колькасці. Наведнікі дзяліліся ўражаннямі ў кнізе водгукаў, блогах і сацыяльных сетках.
Маштабная панорама творчасці маладых мастакоў Беларусі разгарнулася з удзелам 90 найлепшых айчынных аўтараў ва ўзросце ад 18 да 40 гадоў, адабраных экспертамі з шырокага кола прэтэндэнтаў.
Адлюстраваць пераемнасць пакаленняў у экспазіцыі атрымалася спалучэннем работ сучасных беларускіх аўтараў з шэдэўрамі сусветнага жывапісу і скульптуры з карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка, створанымі нашымі знакамітымі суайчыннікамі, прадстаўнікамі легендарнай Парыжскай школы, рэальнымі ўдзельнікамі французскіх восеньскіх салонаў першай паловы ХХ стагоддзя: Маркам Шагалам, Хаімам Суціным, Дзмітрыем Сталецкім, Палінай Хентавай, Леонам Індэнбаўмам, Міхаілам Кікоіным, Яўгенам Закам, Восіпам Любічам.
У межах першага “Восеньскага салона” была заснаваная прэмія маладым мастакам “Арт-Беларусь”, прымеркаваная да 25-годдзя Белгазпрамбанка і накіраваная на прафесійнае развіццё найбольш перспектыўных аўтараў. Уладальнікам “2Вялікага прыза” (15 000 еўра ў валютным эквіваленце) рашэннем журы быў прызнаны Андрэй Лянкевіч, “Малога прыза” (7000 еўра) – Аляксандр Балдакоў. “Прыз глядацкіх сімпатый” (3000 еўра) дастаўся Алесі Скарабагатай.
Яркі поспех першага “Восеньскага салона з Белгазпрамбанкам” натхніў арганізатараў зрабіць выставы-продажы твораў маладых мастакоў Беларусі штогадовым упрыгожаннем культурнага жыцця беларускай сталіцы.
Паводле арганізатараў