«Ніколі такога не было, і вось ізноў», — любяць жартаваць пра нашую сітуацыю больш дасведчаныя людзі, праваабаронцы і журналісты. Сапраўды, шмат чаго было — і шматлюдныя мітынгі, і рэпрэсіі супраць іншадумцаў, і святлошумавыя гранаты былі скарыстаныя яшчэ пасля выбараў 2006 года… Аднак чаго не было дакладна — дык гэта самаарганізацыі народа праз дваровыя тэлеграм-каналы і вайбер-чаты.
Гэта сапраўды рэч новая. Прынамсі, раней яны не былі так распаўсюджаныя. Вядома, былі некаторыя групоўкі жыллёвых таварыстваў, створаныя для абмеркавання сваіх пытанняў, і нікога не здзівіць «бацькоўскімі чатамі» ў школе. Але вялікі распаўсюд яны атрымалі менавіта пасля падзей 9-11 жніўня і сталі ці не рухавіком лакальных пратэстаў.
Ці складана стварыць такі чат? Ці сапраўды гэта новая рэч? І што будзе далей? Пра гэта мы паразмаўлялі з адной са стваральніц такога дваровага тэлеграм-канала і адміністратарам у сваёй суполцы. Ва ўмовах, калі карныя органы палююць на адмінаў, шыючы ім «арганізацыю масавых беспарадкаў», такая размова, вядома, магла адбыцца толькі на ўмовах ананімнасці.
— Ёсць меркаванне, што тэлеграм-каналы двароў і чаты з’явіліся не цяпер, а значна раней. Першапачаткова яны былі створаныя чальцамі жыллёвых таварыстваў для вырашэння надзённых пытанняў…
— Ва ўсіх было па-рознаму. Ёсць чаты, якія існавалі задоўга да сённяшніх падзей. Асабіста мой канал быў створаны менавіта ў сярэдзіне жніўня, на эмоцыях. У пэўны момант я знайшла тэлеграм-канал суседняга раёна і прапісалася там. Ён быў даволі вялікі, але ў нейкі момант там забралі аднаго з адмінаў, і канал «памёр». Аднойчы мы сабраліся з людзьмі і паехалі «пастаяць на Пушкінскую» — цяпер усе ведаюць, што гэта азначае. Пастаялі, і я вырашыла, што патрэбны чат нашага раёна. І я яго зрабіла.
На самай справе зрабіць тэлеграм-канал можа любы школьнік. Для гэтага не трэба спецыяльных навыкаў, гэта робіцца двума націсканнямі кнопак на тэлефоне. Другая рэч, якую я зрабіла, — апублікавала яго ў агульным спісе тэлеграм-каналаў, і наш чат трапіў у мапу «dze.chat». Пасля гэтага да яго пачалі актыўна далучацца людзі.
Першыя сто чалавек проста захапляліся. Казалі: «У нас жа такі сумны раён, мы ўсе шчыра думалі, што ў нас тут толькі бабулькі на лавах ды алкашы». У нас сапраўды даволі старая забудова і раён побач з прадпрыемствам. Але аказалася, што ў нас шмат нармальных актыўных людзей.
Потым людзей стала больш.
— Як развіваўся тэлеграм-канал? Ці ёсць нейкая эвалюцыя?
— Цяпер чат сапраўды стаў супольнасцю. Што я бачу ад сябе як ад адміна? Я не прэтэндую на ролю лідара пратэстаў — гэта сапраўды кам’юніці, у якім мы проста падтрымліваем парадак.
У нас — а ў канале ўсяго чатыры адміны, — выпрацавалася агульная пазіцыя па некаторых пытаннях. Напрыклад, мы выдаляем усе паведамленні пра «дэананімізацыю» супрацоўнікаў сілавых структур. Растлумачу сваю пазіцыю. На маю думку, усе, хто датычны да жаху, які адбываўся і адбываецца ў краіне, мусяць быць асуджаныя па законе, у залежнасці ад ступені віны і іх дзеянняў. Не так, як цяпер, калі людзей хапаюць і садзяць без разбору. Мы таксама супраць спробаў пазасудовага пераследу, а гэтая «дэананімізацыя» якраз і можа прывесці да спробаў самасуду, у пазасудовым парадку і незалежна ад таго, актыўна чалавек шчыраваў у рэпрэсіях ці праседжваў штаны ў кабінеце і сабатаваў загады кіраўніцтва.
Акрамя таго, «дэананімізацыя» — гэта, па вялікім рахунку, разгалошванне персанальных дадзеных грамадзян. А за гэта нават не рэпрэсіўныя органы, а Тэлеграм сам па сабе можа выдаліць канал. Нам яно трэба?
У нашым канале таксама выдаляюцца ўсе сумнеўныя аб’явы. Напрыклад, у мяне ў хуткім наборы ёсць тэкст пра сцягі. Як правіла, раз на тыдзень нейкі новы ўдзельнік піша ў чаце: «Народ, у мяне ёсць сцягі, пішыце ў прыват, прыходзьце, купляйце сцягі». Такія паведамленні выдаляюцца з адказам: «Продаж, купля, пашыў, памахванне і іншыя дзеянні з “незарэгістраванай сімволікай” па сваіх асабістых каналах робіць кожны на свой страх, рызыку і меркаванне».
Чаму так? Прычына простая: мы не ведаем, хто сядзіць у чаце, у супольнасці, у якой больш за паўтысячы чалавек, немагчыма ведаць кожнага. Больш за тое, я ўпэўненая, што нехта «з таго боку» ўсё ж у чаце ёсць. Таму чалавек па наіўнасці можа пайсці купляць сцяжок, а яго там сустрэне «таварыш маёр». Ці да кагосьці прыйдзе «пакупнік у цывільным», што таксама магчыма.
— Але ў канале я бачу і іншыя рэчы. Хтосьці згубіў і знайшоў ключы, хтосьці знайшоў кацяня, хтосьці прыстроіў сабачку…
— Вось гэта абсалютна вітаецца. З майго пункту гледжання, з таго, што здарылася за апошнія месяцы, найлепшае, што мы назіраем, — гэта менавіта згуртаванне народа, узаемадапамога. Гэта не толькі коцікі. Быў прыклад, калі ў некаторых дамах знікла святло, — і з суседніх дамоў прыйшлі і забралі «на ператрымку» прадукты з маразілкі, каб яны не сапсаваліся. Вось гэта — выдатна! Я думаю, у наступным годзе людзі ў чаце будуць дамаўляцца, хто да каго ідзе мыцца, калі ў іх адключаць гарачую ваду.
Таму што калі-небудзь усё гэтае бязладдзе скончыцца, а чаты застануцца. Людзі змогуць дэананімізавацца, мець зносіны ўжывую, без страху, па-сапраўднаму. Не так, як цяпер, калі яны баяцца лішні раз нешта напісаць, выкласці ці нешта яшчэ. На маю думку, чаты раёнаў і вуліц — гэта адна з формаў аб’яднання народа. І гэта вялікі плюс таго, што цяпер адбываецца. Яны ж застануцца нават калі не будзе трыгераў, што ўсё гэта запусцілі.
— Мясцовыя тэлеграм-каналы як правобраз мясцовага самакіравання?
— Цалкам можа быць. Калі мы ўсе зможам дэананімізавацца, у нас з’явяцца актывісты, лідары. Бо цяпер жа ўсе баяцца быць лідарамі. Тыя ж адміны… Я, напрыклад, цяпер сяджу ціхенька, таму што сам факт стварэння чата — гэта ў нашых умовах ужо артыкул. Калі сілавікі ловяць адміна, яны адразу шыюць крыміналку, менавіта «арганізацыю масавых беспарадкаў». Таму я актыўнічаю мінімальна. Так, я стварыла гэты чат, я яго мадэрую, я сачу, каб там быў мінімальны парадак, каб не было экстрэмізму ці таго, за што можна прышыць экстрэмізм.
Я не скажу, што адміны спрабуюць ператварыць чат у «непалітычны». Гэта немагчыма: людзі хочуць абмяркоўваць тое, што іх хвалюе, а хвалюе ўсіх адно і тое ж. Таму жартачкі пра набалелае, рэпосты навін і гэтак далей — гэта нармальна. Можа быць, праз паўгода мы будзем размаўляць пра нешта іншае, але пакуль баліць гэта.
— У любым раёне, які ні вазьмі, шмат нявырашаных мясцовых праблем. Як па-твойму, цяпер ці ў будучыні чаты паспрыяюць іх вырашэнню?
— На самай справе і цяпер абмяркоўваюцца гэтыя праблемы — добраўпарадкаванне тэрыторыі, школы і гэтак далей. Людзі таксама гатовыя спрыяць у вырашэнні гэтых праблем — былі нават прапановы арганізаваць добраахвотныя суботнікі. Але пакуль гэтыя ініцыятывы стухлі — у сувязі з высокім градусам гвалту. Ніхто не ведае, як улады ўспрымуць арганізаваны не імі суботнік.
Як і ў любой справе, у нашым тэлеграм-канале ёсць актыў, які гатовы нешта рабіць, і ёсць людзі навокал. І я трымаю гэтае кам’юніці ў тым ліку для таго, каб да актыву быў прыток свежых сіл. У чат па-ранейшаму дадаюцца людзі, хтосьці навучыўся карыстацца Тэлеграмам толькі цяпер, хтосьці даведаўся пра чат зусім нядаўна і хоча актыўна знаёміцца...
Для гэтага таксама патрэбны вялікі тэлеграм-канал: каб людзі бачылі культурную супольнасць, бачылі, што яны не адны і што могуць далучыцца да нейкай актыўнай групы.
— З іншага боку, ад агульнага чата адгалінаваліся іншыя ініцыятывы. Напрыклад, асобны канал стварылі людзі, якія арганізуюць на раёне святы, чаяванні, культурныя мерапрыемствы... На тваю думку, гэта не азначае распаду кам’юніці на «гурткі па інтарэсах»?
— Як на мяне, дрэнна будзе толькі тады, калі людзі, прыйшоўшы з агульнага чата ў «гурткі па інтарэсах», пачнуць пакідаць агульны чат. Пакуль такога не адбываецца, і ў тым, што людзі гуртуюцца ў асобныя супольнасці па інтарэсах, нічога дрэннага няма.
Паўтараюся, у чаце раёна на больш чым 500 чалавек няма ніякай гарантыі, што не сядзіць «таварыш маёр». У маленькіх чатах людзі знаёмыя асабіста, і там вялікі ўзровень даверу, яны ходзяць адно да аднаго ў госці і сумесна нешта арганізуюць, гэта выдатна.
Галоўнае, паўтаруся, каб яны не пакідалі агульны, вялікі чат. Бо рана ці позна (хацелася б, каб рана) усё гэта скончыцца, а чаты застануцца. І калі людзі разыдуцца па маленькіх чаціках, потым у нас не будзе вялікага кам’юніці. А вялікае кам’юніці патрэбнае для таго, каб вырашаць большыя праблемы: ад акультурвання тэрыторый да праблем школ, дзіцячых садоў і паліклінік. Прынамсі, я спадзяюся, што так і будзе.
Днямі ў чаце выклалі праблему: у кагосьці на раёне пасля рамонту вуліцы будаўнікі не здолелі паправіць за сабою дваровую тэрыторыю. Падрадчык нават павесіў аб’яву для жыхароў: маўляў, выбачайце, але мы не можам закончыць працы, бо нам спынілі фінансаванне.
Больш пяць соцень чалавек, якія ў вялікім чаце, могуць нешта ў гэтай сітуацыі зрабіць: напісаць петыцыю, звярнуцца ў кантрольныя органы, у выканкам і гэтак далей. Сорак чалавек, якія арганізуюць салодкія сталы і выступленні клоўнаў для дзяцей у скверы, наўрад ці будуць важкім голасам для выканкама ў такой сітуацыі. Вядома, яны робяць файную справу, яны малайцы, бо кожны тыдзень у нас адбываецца нешта цікавае, але ў вырашэнні «праблемы рамонту» іх высілкаў, напэўна, будзе проста недастаткова.
— Як ты лічыш, што далей будзе з тэлеграм-каналамі і дваровымі чатамі? Апроч, вядома, аб’яднання ў супольнасць?
— Пра гэта складана казаць. Гэта людзі. Я не збіраюся быць лідарам групы на 500 чалавек. Усё, што адбудзецца, мусіць адбыцца само. Я сваю задачу як адміна бачу ў тым, каб у чаце быў парадак, каб людзі там не лаяліся, не посцілі адкрытую лухту. Усё астатняе — я назіраю. У што гэта выльецца, я не ведаю. Ініцыятывы, якія мне падабаюцца, я падтрымліваю, але гэтая падтрымка, зноў жа, з серыі «адмін ухваляе» і ўсё.
У што гэта выльецца, паглядзім. Мы ж не ведаем, такога ніколі раней не было.
Аліна Бялова, budzma.by