15 снежня 1859 года ў Беластоку нарадзіўся сусветна вядомы стваральнік мовы эсперанта Людвіг Лазар Заменгоф. З 1920 года па ініцыятыве венгерскага эсперантыста Дзьюла Багі ў гэты дзень святкуецца ўсеагульнае свята эсперантыстаў. І, напэўна, самы час распавесці, як Людвіг Заменгоф звязаны з Беларуссю і што стала падставай стварэння мовы эсперанта.
Людвіг Заменгоф
Людвіг Заменгоф нарадзіўся ў сям’і настаўніка нямецкай мовы, таму ўжо з дзяцінства пачаў вывучаць і цікавіцца мовамі розных народаў. З малых гадоў хлопец авалодаў рускай, французскай, нямецкай, а таксама іўрытам. Паступіўшы ў гімназію, вывучыў ангельскую і лацінскую мовы. Усяго за сваё жыццё Людвіг авалодаў 20 мовамі.
Праз тое, што сям’я жыла на Беласточчыне, а тут жыхары размаўлялі на некалькіх мовах: польскай, ідыш, і беларускай, — вельмі моцна адчувалася праблема разнамоўя і час ад часу даходзіла да канфліктаў на моўных падставах. Гэта моцна ўразіла маленькага Людвіга, і ў яго з’явілася ідэя стварэння агульнай і нейтральнай для ўсіх мовы, каб сцерці моўныя бар’еры, непаразуменні і канфлікты.
Людвіг Заменгоф вучыўся ў Маскве, Варшаве і Вене. Скончыўшы адукацыю, з’ехаў у Варшаву працаваць афтальмолагам. У 1887 годзе ў Расіі была выдадзеная невялікая кніга на 40 аркушаў, якая ўключала поўную граматыку і 912 каранёў. Кніга была падпісаная «Доктарам Эсперанта» пад дэвізам «Для таго каб мова была ўніверсальнай, недастаткова назваць яе так». Праз год выйшла другое выданне, дзе Людвіг пісаў:
«Я не стваральнік, я толькі ініцыятар, зрабіць лепшым яго можа толькі свет».
Людвіг Заменгоф шмат часу пачаў вылучаць мове эсперанта, таму ўсё менш часу заставалася на асноўны занятак — медыцыну. У пошуках новай медычнай практыкі ў 1893 годзе Людвіг з сям’ёй пераязджае ў Гародню, дзе на вуліцы Паліцэйскай (сёння Кірава, 5) адкрывае афтальмалагічны кабінет у найманай кватэры.
Вуліца Кірава Гродна. Будынак дзе жыў Заменгоф
Падчас жыцця ў Гародні аўтар мовы працягваў сваю працу над паляпшэннем эсперанта. Менавіта ў гэты перыяд Людвіг Заменгоф скончыў працу над «Усеагульным слоўнікам», а таксама «Зборнікам практыкаванняў». У горадзе быў арганізаваны клуб эсперантыстаў. Падчас свайго жыцця тут Людвіг пераклаў на мову надзеі адзін з найвядомейшых твораў сусветнай класікі — «Гамлета» Уільяма Шэксіра, а таксама аповесць «Марта» гарадзенскай пісьменніцы Элізы Ажэшка.
Нягледзячы на тое, што перыяд пражывання ў Гародні склаў усяго 4 гады (1893–1897 гг.), тут памяць пра сусветна вядомага жыхара захоўваецца ў назве вуліцы, а таксама памятнай шыльдзе на будынку, дзе жыў Людвіг Заменгоф з сям’ёй. У 2020 годзе ў гэтым жа будынку распачала працу вінная рэстарацыя пад назвай «Эсперанта».
У 1905 годзе Людвіг Лазар Заменгоф быў узнагароджаны Ордэнам Ганаровага легіёна і з таго часу ўдзельнічаў ва ўсіх з’ездах і кангрэсах на тэму эсперанта.
Паштоўка з выявай Заменгофа
Стваральнік мовы эсперанта памёр 14 красавіка 1917 года ў акупаванай нямецкімі войскамі Варшаве, дзе і быў пахаваны.
Антон Шаранкевіч, budzma.by