У апошні дзень Стральцоўскага фэсту ў Вільні прайшла дыскусія «Тэндэнцыі ў сучаснай дзіцячай літаратуры». Распавядаем пра самыя цікавыя моманты гэтай дыскусіі.
Мадэратар дыскусіі, рэжысёр, перакладчык, паэт, празаік і журналіст Дзмітры Плакс на пачатку размовы прапанаваў удзельнікам вызначыцца з «простым пытаннем»: «што ж такое дзіцячая літаратура і дзеля чаго яна патрэбная»?
Ганна Янкута
Беларуская пісьменніца, перакладчыца, аўтарка кніг пра Ката Шпрота Ганна Янкута: «Я перыядычна пра гэта думаю, бо маё месца ў дзіцячай літаратуры, мой удзел увогуле ў пісанні дзіцячай літаратуры быў і застаецца для мяне вялікай загадкай — я ніколі не чакала, што буду пісаць кнігі для дзяцей, бо доўгі час займалася перакладамі дарослых кніг у асноўным. Увогуле вельмі часта чую ад бацькоў, што яны не хочуць ставіць для сваіх дзяцей абмежаванні, то бок калі дзіця хоча прачытаць нейкую кнігу, то яно мае на гэта права, але, безумоўна, ёсць рэчы, якія дзецям зразумець складана і іх даводзіцца абмяркоўваць з бацькамі. Для мяне дзіцячая літаратура — гэта тая, якую дзіця ў ідэале магло б чытаць з мінімумам каментароў дарослых».
Андрэй Хадановіч
Паэт, перакладчык Андрэй Хадановіч: «Для мяне дзіцячая літаратура — гэта найвышэйшы літаратурны пілатаж. Дарослага чытача можна ўвесці ў зман, падмануць высокім майстэрствам, глыбінёй зместу, адсылкамі кудысьці... Ёсць такая канцэпцыя «Прэзумпцыя асэнсаванасці» — гэта значыць, калі ты чагосьці не разумееш, то, хутчэй за ўсё, вінаваты не аўтар, а ты. Гэта цудоўна працуе з дарослай літаратурай. У дзіцячай літаратуры наіўнага, але разам з тым найбольш шчырага чытача, складаней падмануць, калі забракне гэтай шчырасці, гэтай непасрэднасці, гэтай цеплыні. Калі мы займаемся дзіцячай літаратурай, мы мусім быць гатовыя да пытання з Андэрсэна «А кароль — голы», тут альбо ёсць флюіды, альбо ёсць любоў, альбо ёсць цеплыня паміж аўтарам, тэкстам і чытачамі. Я думаю, што гэта цуд. І дзякуй цудатворцам, якім гэта раз-пораз удаецца».
Грэтэ Ротбёль, Дзмітрый Плакс, Ганна Янкута, Андрэй Хадановіч
Пісьменніца, старшыня Шведскага саюзу пісьменнікаў Грэтэ Ротбёль (у межах фэсту адбылася прэзентацыя яе дзіцячай кнігі «Вулкан і цялятка, якое выратаваў Пу»): «Гэта не простае пытанне. Калі я была ў Балонні, дзе пісьменнікі з усяго свету выстаўлялі свае кнігі, я ўсім — і мінакам на вуліцы, і кіроўцам таксі, і г.д. — задавала пытанне: якія самыя важныя кнігі для вас? І ўсе называлі самымі важнымі для сябе дзіцячыя кнігі. Няма такой тэмы, пра якую было б немагчыма пісаць для дзяцей».
Унікальнасць беларускай літаратурнай сітуацыі
Дзмітры Плакс: «Вельмі важны і, на маю думку, унікальны аспект для беларускай дзіцячай літаратуры — гэта аспект перадачы мовы ў спадчыну.
Паколькі, як мы ведаем, беларуская дзяржава змагаецца з беларускай мовай, а беларуская дыяспара расце цэлы час, то адукацыі на беларускай мове ў Беларусі становіцца ўсё менш і менш. І адзіны спосаб, як на мяне, перадаць беларускую мову ў спадчыну дзецям — гэта чытаць ім дзіцячыя кніжкі.
У Швецыі гэтай праблемы няма і гэта тое, што адрознівае тэндэнцыі развіцця дзіцячай літаратуры ў Беларусі і ў Швецыі».
Ганна Янкута
Ганна Янкута: «У гэтай сітуацыі гаварыць пра агульнае цяжэй, чым гаварыць пра адрознае. Калі глядзець на кнігі, якія выходзяць апошнім часам — іх выходзіць няшмат, але тое, што выходзіць на беларускай, мне здаецца, трапляе ў нейкія сусветныя трэнды. Напрыклад, ёсць цікавасць да кніг, у якіх дзяцей вучаць разумець свае эмоцыі. (...) Можна ўзгадаць кнігі Надзеі Ясмінскай «Кусь-кусяндра» ці «Сподачак для цмока», якія менавіта з гэтымі тэмамі працуюць».
Андрэй Хадановіч: «У мяне ёсць досвед перакладу з дапамогай Надзі Кандрусевіч і Алесі Башарымавай цудоўнай шведскай рыфмаванай дылогіі Гунілы Бэргстрэм пра Біла з Болаю. Пра дзяўчынку з асаблівасцямі, пра любоў, шчасце, якія сустракаюцца з моцнымі выпрабаваннямі. І трэба сказаць, што вельмі няпроста перакладалася гэта кніга і вельмі няпроста яна ўспрымалася беларускімі дзеткамі, чытачамі, калі потым пачалася прамоцыя. (...) Хтосьці плакаў, хтосьці нерваваўся, а хтосьці даў зразумець, што ў Беларусі не прызвычаеныя да такой вострай, балючай пастаноўкі пытанняў. Можна сказаць, што ладная частка беларускай дзіцячай літаратуры хавалася ад праблем і выпрабаванняў. (...) Шведскія пісьменнікі могуць з дзецьмі размаўляць пра смерць, пра няпростыя чалавечыя стасункі, пра хваробы, пра ўсё на свеце. Мне здаецца, мы толькі першыя-першыя нясмелыя крокі тут робім».
Няроўнасць. Ці глядзіць «дарослая» літаратура на кнігі для дзетак зверху ўніз?
Дзмітры Плакс: «Шведская акадэмія — тая, што вызначае Нобелеўскіх лаўрэатаў — не мае ў сваім складзе ніводнага дзіцячага пісьменніка. І ніводны дзіцячы пісьменнік за сваю творчасць не атрымліваў Нобелеўскай прэміі. Ці ёсць нейкае стаўленне з боку грамадства, дарослай літаратуры — кшталту зверху ўніз і ці не замінае гэта развіццю дзіцячай літаратуры?»
Ганна Янкута: «Я пабывала спачатку ў ролі дзіцячай пісьменніцы, а пару месяцаў таму выйшла мая першая празаічная дарослая кніга «Час пустазелля». І я бачу, наколькі гэта розныя ролі. За тры-чатыры месяцы пасля выхаду першай дарослай кнігі я атрымала ў разы больш водгукаў, чым за ўвесь час, што я пішу дзіцячыя кнігі, а «Кату Шпроту» летась споўнілася пяць гадоў.
Таму магу зрабіць выснову, што ў беларускай прасторы, дзе пісанне кніг гэта не прафесія — у тым плане, што ты не можаш з гэтага жыць, «дарослыя» пісьменнікі маюць у разы больш сімвалічнага капіталу, чым дзіцячыя пісьменнікі. І мне здаецца гэта няправільным. І гэтая няроўнасць не на карысць літаратуры.
А ў цяперашняй сітуацыі, калі беларускія кнігі стала асабліва складана выдаваць, таксама ёсць пэўны дысбаланс, бо выдаваць дзіцячую літаратуру заўсёды цяжэй за дарослую, бо яна вымагае больш грошай — заплаціць за ілюстрацыі, зрабіць прыгожы каляровы якасны друк. Я бачу па сваіх калегах у дзіцячай літаратуры, што зараз сапраўды многія не маюць магчымасці свае кнігі выдаваць ці выдаваць так добра, як хацелася б. Каб надрукаваць зараз дзіцячую кнігу, трэба сапраўды стаць на галаву і выдумаць нейкі неверагодны спосаб знайсці на гэта грошы. Гэта праблема, з якой трэба працаваць і пра якую трэба думаць, бо сёння беларуская дзіцячая літаратура яшчэ больш уразлівая, чым дарослая».
Дзмітры Плакс: «У Швецыі супраца паміж пісьменнікам і мастаком у дзіцячай літаратуры — натуральная рэч. Ілюстратары заўжды пазначаюцца як суаўтары. У беларускай сітуацыі — не так. Але ці ёсць тэндэнцыя на змены?»
Андрэй Хадановіч: «Пазітыўнай тэндэнцыяй мне здаецца заснаванне дзіцячай прэміі — прэміі Цёткі. І якая ўручаецца абсалютна раўналегла і аўтарам, і ілюстратарам».
Ганна Янкута: «Сітуацыя тут змяняецца да лепшага. Магчыма, у нас яшчэ не пішуць, як у Швецыі, імя аўтара/кі і ілюстратара/кі разам на вокладцы, але пішуць: кніга з ілюстрацыямі мастака ці мастачкі вось такой. (...) Спадзяюся, гэтая тэндэнцыя будзе пашырацца. Якраз у гэтым у нас аптымізм ёсць. І яшчэ крыху аптымізму: пасля 2020 года, калі вельмі шмат людзей пачало з’язджаць з Беларусі, актуалізаваўся праект «Кніжны воз», у якім запісваюць дзіцячыя аўдыякнігі — іх можна слухаць з любой краіны, паколькі гэта мабільная праграма, яе немагчыма заблакаваць у Беларусі. Там ужо каля сотні кніг, якія можна слухаць бясплатна. І раптам аказалася, што вельмі шмат дарослых з вялікай прыемнасцю, з вялікай радасцю і з захапленнем слухаюць кнігі для дзяцей».
Рыгор Сапежынскі, Budzma.org
Чытайце яшчэ:
«Мы вернемся, дапаўзём да рэальнай Бацькаўшчыны, да духоўнай Бацькаўшчыны». Пра што гаварылі на адкрыцці «Вершаў на асфальце»
Самыя яскравыя моманты «Стральцоўскага фэсту». Фотарэпартаж