Увечары 16 лютага ў Вільні пачаўся чарговы міжнародны паэтычны фестываль «Вершы на асфальце».
Як ужо паведамляла Budzma.org, лаўрэатам прэміі імя Міхася Стральцова стаў паэт Усевалад Сцебурака з кнігай «Беларускія зоркі». Падчас адкрыцця выступілі Андрэй Хадановіч, Таццяна Нядбай, Грэтэ Ротбёль, Яўген Вапа, Алена Стральцова і інш. Прапануем вашай увазе вытрымкі з выступаў першага дня фэсту.
Андрэй Хадановіч
Паэт, перакладчык Андрэй Хадановіч: «13 гадоў таму Саюз беларускіх пісьменнікаў быў ля вытокаў фестывалю. (...) Фестываль адбыўся і адбываецца кожны год. Ён — незаменны для розных пакаленняў, розных пляцовак, розных эстэтык. Усё гэта сустракаецца, віруе, а гэта яшчэ госці замежныя, якія далучаюцца да беларускіх паэтаў».
Грэтэ Ротбёль
Пісьменніца, старшыня Шведскага саюзу пісьменнікаў Грэтэ Ротбёль (Grethe Rottböll): «Дарагія беларусы, сябры, таварышы, калегі. Проста цяпер мы ў Шведскім саюзе пісьменнікаў адчуваем больш агульнага з вамі, чым шмат з кім у нашай уласнай краіне. Бо і ў нас антыдэмакратычныя сілы хочуць кіраваць нашай краінай. Яны хочуць кіраваць мастацтвам, хочуць вызначаць, якія кнігі нам чытаць. Гэтага не мусіць адбыцца, мы не можам адчуваць сябе дома — у такой краіне. Але вы — частка таго, што мы з гонарам можам назваць нашым домам. Дэмакратыя — наш агульны дом. Паэзія — наш агульны дом. Літаратура — наш агульны дом. Абарона нашых розных моў — наш дом. Наш дом тут — у Беларускім доме ў Вільні і ў Пісьменніцкім доме на выспе Готланд. Месцы свабоды — наш дом. Гэта вельмі проста. Мы маем наш дом з сабою, куды б мы ні пайшлі. Мы дома там, дзе мы сустракаемся. Нашыя дзверы заўжды адчыненыя. І мы, шведскія пісьменнікі і перакладчыкі, прыйдзем, калі вы паклічаце».
Таццяна Нядбай
Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру, паэтка і выдавец Таццяна Нядбай: «Для мяне самымі важнымі словамі ў апошнія гады сталі нязломнасць і крохкасць. Яны найбольш, напэўна, адлюстроўваюць нашу сітуацыю і наша жыццё. Я хачу нагадаць, што за папярэдні год у зняволенні памерлі тры дзеячы культуры. Гэта мастак Алесь Пушкін, мастак Руслан Карчаулі , культурны менеджар і блогер Мікалай Клімовіч. Усяго Беларускі ПЭН, які праводзіць маніторынг парушэння правоў чалавека ў сферы культуры, зафіксаваў у мінулым годзе 1499 выпадкаў парушэнняў, 155 дзеячаў культуры, як мінімум 155, знаходзяцца ў зняволенні альбо маюць частковае абмежаванне свабоды. З іх 104 прызнаныя праваабаронцамі палітзняволенымі. (...) Хацелася б нам пажадаць гэту нашу нязломнасць захаваць у сабе, як таксама і захаваць гэту крохкасць і не даць яе зруйнаваць».
Яўген Вапа
Яўген Вапа, рэдактар беластоцкага штотыднёвіка «Ніва» і кіраўнік «Радыё Рацыя»: «І калі ж гаварыць пра тую нашу бязмежную беларускасць і сённяшнюю сітуацыю... (...) Так, вернемся мы з усіх бадзянняў, з усіх вар’ятняў, з усіх рэчаў, якія не спрыяюць. Вернемся, дапаўзём да рэальнай Бацькаўшчыны, да духоўнай Бацькаўшчыны. І яна лунае, прабіваецца праз усе бетоны, асфальты, праз усе зброі, праз усе кардоны. Так што гэтае слова прабівае не толькі асфальты, слова прабівае, ідзе і вядзе нас у добрую беларускую бязмежную вечнасць».
Алена Стральцова
Алена Стральцова, удава Міхася Стральцова і сябра журы фестывалю: «Больш за ўсё я жадаю, каб нашы беларусы, якія не згубілі Радзіму, але вымушаныя былі рассеяцца, каб яны хутчэй, як мага хутчэй вярнуліся ў сваю краіну. Каб мы працягвалі сустракацца ўжо ў Беларусі. Канечне, дзякуй нашым сябрам, якія дазваляюць нам сустракацца ў Вільні і так далей. Але мару, жадаю, каб усё гэта было ў Беларусі. Гэта самая мая вялікая мара. Канечне, я не магу не быць радаснай, што ў трынаццаты раз святкуем фэст, які прысвечаны Міхасю Стральцову. Гэта проста нейкі цуд».
Праграма сёлетняга фэсту тут.
Наведнііцы фестывалю «Вершы на асфальце»
Сёння падчас фестывалю будуць абвешчаны лаўрэаты Прэміі Цёткі.
Глядзець анлайн-трансляцыю Стральцоўскага фэсту можна па спасылцы.
Budzma.org