“Дзве зоркі беларускай культуры” спусціліся на Полацк

14 сакавіка ў Музеі-бібліятэцы Сімяона Полацкага адбылася  сустрэча над назвай “І тады закахалася хмара”, у кантэксце якой разглядалася творчасць Уладзіміра Караткевіча і творчасць першых збіральнікаў фальклора таварыства “Філаматаў і філарэтаў”.

Сама назва імпрэзы гаворыць аб глыбокім захапленні Уладзіміра Караткевіча вуснымі народнымі традыцыямі, аб якіх ён даведаўся ад дзеда, дзядзькі, а потым – ва універсітэце імя Шаўчэнкі (Украіна). Першы раз паважаны, выдатны перакладчык Васіль Сёмуха пачуў народную песню “Чорная гара” з вуснаў Уладзіміра Караткевіча, які меў прыгожы барытон.  “Чорная гара” – гэта вобраз гуцульшчыны, песня вольнага народа, які ня быў пад прыгонам.

У выкананні Рамана Яраша і Юліі Літвінавай прагучала песня “Ой, косю, мой косю”, любімая песня Уладзіміра Караткевіча, якую З. Я. Мажэйка запісала падчас фальклорнай экспедыцыі па яго роднаму  Паазер’ю.

Вядомы краязнавец Міхась Баўтовіч распавёў аб дзейнасці таварыства “Філаматаў і філарэтаў”, а таксама аб дзейнасці выдатнага філамата Яна Чачота, аднаго з першых збіральнікаў фальклора , ураджэнца Наваградчыны.  Дарэчы, Ян Чачот нарадзіўся на Яна, таму і быў названы гэтым імем. Пасля вяртання з высылкі у 1833 годзе, Ян Чачот жыў у Лепелі, збіраў на Полаччыне вясковыя песні, у выніку ён сабраў 194 песні з Наддзвіння (в. Камароўшчына, Казіміраўка, Забалоцце і іншыя ўздоўж Полацкага Тракту). У гэтай справах яму дапамагалі шмат высакародных паненак і некалькі паноў. Натхнёнасць Яна Чачота паспрыяла творчасці Аляксандра Грот-Спасоўскага, які жыў недалёка ад Лепеля ў м. Сціфанава. Свае стылізаваныя пад народныя творы ён называў беларускімі, за што спрачаўся з крытыкамі, якія абвінавачвалі яго ў правінцыйнасці. Яшчэ раз Полацк узгадваецца ў творах Чачота, калі фалькларыст жыў і працаваў у бібліятэцы Хрыбтовіча , ствараючы  цыкл баладаў “Спевы пра старадаўніх ліцвінаў”.

Ян Чачот – актыўны ўдзельнік таварыства “Філаматы і філарэты”, кіраўнік літаратурнага аддзела таварыства, выдаў у Вільні шэсць зборнікаў з сялянскімі песнямі.

Сапраўднай  іскаркай падчас мерапрыемства стала выкананне Раманам Ярашам твора Уладзіміра Караткевіча , які паэт прысвяціў Байрану. Гэтую тэму падхапіў Міхась Баўтовіч, які ўзгадаў, што Байран усхваляў у сваёй одзе Полацкі пехотны полк, які ўдзельнічаў у вызваленні Ізмаіла ад іга Асманскай імперыі. Так пранікнёна моцна гучалі песні Рамана Яраша “Дарогі”, “Быў. Ёсць. Буду” і іншыя песні на творы Караткевіча.

Вось што паведаміў Міхась Баўтовіч: “Cустракаецца полацкая тэма  ў знакамітай паэме Джорджа Байрана “Дон Хуан”. Гэтак 76-ы верш 8-й песьні утрымлівае радкі:

Then being taken by the tail-a taking

Fatal to bishops as to soldiers-these

Cossacques were all cut off as day was breaking,

And found their lives were let at a short lease —But

perished without shivering or shaking,

Leaving as ladders their heaped carcasses,

O’er which Lieutenant-Colonel Yesouskoi

Marched with the brave battalion of Polouzki

І можа падацца, што радкі аніяк ня тычацца горада на Дзьвіне, але гэта будзе памылкай. Дасьледчыкі творчасьці Байрана сьцьвярджаюць, што паэт, пішучы ў 1822 годзе ў італьянскай Пізе некалькі песень да паэмы ў апісаньні прыгодаў Дон Хуана карыстаўся францускай кнігай “Нарыс па старажытнай і сучаснай гісторыі Новай Расеі”, дзе маецца апісаньне аблогі расейскімі войскамі турэцкай цьвердзі Ізмаіл. Але ў самім нарысе ў разьдзеле “Аблога Ізмаіла” напісана: “Yesouskoï, qui commandait la réserve composée dun bataillon du régiment de Polozk” (Язуцкі, які камандаваў рэзэрвам, што складаўся з батальёна Полацкага палка). Тады надпіс “Polouzki” трэба ўважаць або за апіску аўтара, або памылку рэдактара.

Апісаны фрагмэнт штурму, калі казацкі аддзел расейскага войска быў расьсечаны турэцкім і цалкам палёг у рове перад мурамі Ізмаіла, але ўведзены рэзэрв на чале з камандзірам Полацкага мушкецёрскага палка скарыстаў целы палеглых як лесьвіцу, каб прарвацца ў горад. Паўстае пытаньне, што за Полацкі полк дзейнічаў ля муроў Ізмаілу ў сьнежні 1790 году. Полацкі полк у Расейскай арміі быў сфармаваны ў 1775 годзе з частак Санк-Пецярбурскага легіёну, але зь цягам часу большасьць асабовага складу (асабліва жаўнераў) сталі складаць выхадцы з Полацкай і Магілёўскай губэрняў, земляў што былі далучаныя да Расеі пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай. Як камандзір палка падпалкоўнік Мацей Яцунскі (так правільна гучыць прозьвішча), які загінуў пры штурме Ізмаілу, гэтак і палкавы сьвятар Трафім Куцынскі, былі таксама беларускага паходжаньня. Нам невядомы радавод камандзіра палка, але прадстанікоў роду Яцунскіх пазьней сустракаем між удзельнікамі паўстаньня 1863 году.

Байран быў захоплены ідэяй вызваленьня Грэцыі ад улады Асманскае імпэрыі, таму ён з адмуслова далучыў да твору апісаньне вялікае паразы туркаў, хаця сам даволі скептычна ставіўся да войнаў мяркуючы, што “толькі войны за свабоду вартыя высакароднага народу”.

Супрацоўнікі Полацкага дома рамёслаў, якія прысутнічалі на імпрэзе, упадабалі выступ Юліі Літвінавай і запрасілі ў гэты ж дзень выступіць спадарыню Юлію праспяваць  на адкрыцці выставы мастака з Полацка, а візуальны шэраг падчас выступа склалі фотаздымкі з экспедыцый студэнцкага  фальклорнага таварыства.

І калі на пачатку адкрывала канцэрт прызыўная дуда ў выкананні “Капэлы на таку”, то апошні задорны музычны твор падхапіў сваёй весялосцю, эмацыйнасцю паненак  да танцу.

Сустрэча ладзілася ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”

2013-03-14 15.18.53

2013-03-14 15.14.03

2013-03-14 15.04.53

2013-03-14 14.28.28

Тэгі: