У Гародні з’явілася электронная бібліятэка гарадзенскіх аўтараў і аўтараў, што пісалі ў сваіх творах пра Гародню.
Рэкламныя постары, на якіх размешчаныя спасылкі і назвы твораў, ужо з’явіліся ў грамадскіх месцах горада: гарадзенская антыкавярня “Жывы час”, турыстычны цэнтр на вуліцы Ажэшкі, грамадскія арганізацыі горада.
На плакатах – QR-коды і караценькія спасылкі на кожную кнігу. Пра ідэю стварэння і выданні, размешчаныя ў сеціве, расказвае адзін з аўтараў праекта, гарадзенец Ігар Ламека:
– Ідэя стварэння віртуальнай бібліятэкі з’явілася ў мітап-лабараторыі падчас адной з сустрэчаў, калі там абмяркоўвалі ўражанні ад паездак ва Украіну: у Львове, Адэсе, Кіеве такія бібліятэкі існуюць. У Мінску такая бібліятэка якраз стаяла. Яе абяцалі прывесці і паказаць у абласных цэнтрах. Не ведаю, будзе такое ці не будзе.
– Колькі твораў гарадзенскіх аўтараў у гэтай бібліятэцы?
– Мы вырашылі абмежавацца дзесяццю аўтарамі. Там ёсць як вершы, так і проза, ад класікаў беларускай літаратуры да нашых сучаснікаў: Эліза Ажэшка ў перакладзе на беларускую мову, Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў, Данута Бічэль, Ала Петрушкевіч, Сяргей Астравец, Сцяпан Стурэйка.
Маладыя людзі спадзяюцца правесці адмысловыя заняткі, каб навучыць карыстацца сваёй бібліятэкай, і мараць размясціць плакаты з рэкламай бібліятэкі на прыпынках грамадскага транспарту. А пакуль наведвальнасць гэтага электроннага сховішча кніг невялікая.
Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі