• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • «Музыка»
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Гісторыя за 5 хвілін»
  • «Трызуб і Пагоня»
  • «Разумняты»
  • Вандруем разам
  • Афіша
09.07.2022 | Грамадства Замежжа Адукацыя

«ЕГУ — люстэрка беларускага грамадства». Еўрапейскаму ўніверсітэту пагражае русіфікацыя?

ЕГУ — так званы беларускі ўніверсітэт у выгнанні, які з 1992 па 2004 год працаваў у Мінску, а ў 2006 годзе, праз ануляванне беларускімі ўладамі ліцэнзіі, пераехаў у Вільню. На сёння ўніверсітэт працягвае трымаць марку прэстыжнай навучальнай установы, аднак апошнім часам паміж студэнтамі і адміністрацыяй узнікаюць непаразуменні, у якіх пазіцыя студэнтаў гучыць цвёрда і зразумела, а кіраўніцтва — не заўжды.


3.jpg

Студэнтка другога курса ЕГУ праграмы «Сусветная палітыка і эканоміка» Кацярына Луцэвіч звярнулася ў рэдакцыю «Новага Часу» з праблемай, якая ўвогуле ставіць пад пытанне саму ідэю Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта і, вядома, яго рэпутацыю.

Кацярына распавяла, што апошнім часам ва ўніверсітэце з’яўляецца ўсё больш прадметаў на рускай мове. Студэнтка лічыць, што гэта супярэчыць еўрапейскаму курсу, які першапачаткова абраў для сябе ўніверсітэт, і на які, адпаведна, яна разлічвала пры паступленні. Таму Кацярына вырашыла змагацца супраць русіфікацыі ЕГУ.

Большасць аднагрупнікаў дзяўчыны — беларусы, таму ў ідэальным варыянце Кацярына жадала б, каб навучанне вялося па-беларуску. Але ў групе яшчэ ёсць студэнты з Расіі і Азербайджана, таму студэнтка выступіла з ініцыятывай замяніць рускую мову на занятках англійскай, каб задаволіць патрэбы ўсіх.

— Мне падавалася, што гэта добры варыянт. Мы праходзілі курс палітычнай тэрміналогіі на англійскай мове, ды і ўвогуле студэнты, якія спецыялізуюцца на міжнародных адносінах, абавязаныя ведаць англійскую добра. На адной рускай у нашай спецыяльнасці не выедзеш, большасць акадэмічнай літаратуры ў нас на англійскай мове, па ўсіх прадметах, — расказвае Кацярына.

Студэнтка вырашыла сабраць подпісы ў падтрымку сваёй ініцыятывы.

— Большасць аднагрупнікаў мяне падтрымала. Некалькі чалавек не пажадалі падпісвацца, хоць быццам супраць самой ініцыятывы нічога не мелі. Адзін студэнт англійскай мовы не ведаў, ён далучыўся да нашай групы не адразу, пазней, і курс англійскай тэрміналогіі верагодна не праходзіў. Ён азербайджанец, нават рускую мову не надта добра разумее і не можа нармальна фармуляваць на ёй думкі. Такое адчуванне, што яго прынялі ва ўніверсітэт, каб проста напоўніць групу і ўзяць грошы, — здзіўляецца Кацярына. — У астатніх аднагрупнікаў праблем з англійскай няма. Праўда, рэакцыя некалькіх чалавек на ідэю перавесці навучанне з рускай мовы на англійскую падалася ім дзіўнай. Казалі, маўляў, якая розніца, руская мова — універсальная, нейтральная, можна і на ёй займацца. Але ж такім чынам універсітэт ператвараецца з міжнароднага, еўрапейскага — у расійскі!

Кацярына вырашыла даслаць калектыўны зварот у адміністрацыю ўніверсітэта з просьбай замяніць рускую мову навучання англійскай, сабрала большасць подпісаў аднагрупнікаў. Праз тры тыдні дзяўчына атрымала наступны адказ:

4.jpg

5.jpg

— Вельмі зручна зацягваць з адказам, каб сказаць, што ўжо позна і няма сэнсу нічога мяняць, — каментуе гэты адказ студэнтка. — У выніку праз двух чалавек, якія не бачаць небяспекі ў русіфікацыі ЕГУ — беларускага ўніверсітэта ў выгнанні, нічога не змянілі. Ну і, вядома, праз трэцяга студэнта, які не разумее ні рускай, ні англійскай. У выніку мне сказалі, што зваротаў і подпісаў недастаткова, таму што ўсё ж не ўсе добра ведаюць англійскую мову. Але ўзнікае пытанне: чаму ў мінулым годзе ў нас былі курсы на англійскай, на ёй выкладалася большасць прадметаў? Навошта мы так старанна яе вывучалі? Каб у ЕГУ набралі новых студэнтаў з Расіі і Азербайджана, якія раней з намі не навучаліся, не праходзілі адпаведныя курсы? Ну, вядома, у іх стаўка аплаты вышэй, чым у нас, беларусаў, — адзначае студэнтка. — Першапачаткова я жадала данесці, што мне не хапае беларускай мовы ў ЕГУ, але як мінімум — хачу вучыцца па-англійску, каб развіваць сваё валоданне мовай не толькі на дадатковых курсах, якія я сама выбіраю, але і на курсах спецыяльных. Таму што гэта поўны абсурд, калі ў еўрапейскім універсітэце не застаецца месца мове міжнароднай. Затое мае месца русіфікацыя, нейкая саўковага тыпу камерцыя. Замест таго, каб арыентавацца на еўрапейскі свет, заахвочваць да навучання ў ЕГУ студэнтаў з Францыі, Нямеччыны, ва ўніверсітэт запрашаюць людзей, якія папросту не адпавядаюць усталяваным стандартам.

Кацярына кажа, што беларускай мовы ў ЕГУ сёння фактычна няма.

— То-бок яе, вядома, ніхто не забараняе — мы можам адказваць па-беларуску, але ж заняткі на ёй не вядуцца. У свой час я навучалася ва ўніверсітэце імя Янкі Купалы ў Гродне. Узнікае пытанне: чаму там беларуская мова захоўваецца, на ёй чытаюць лекцыі, выкладаюць экзаменацыйныя прадметы? А ў ЕГУ пачынаюць арыентавацца на нейкую меншасць, на людзей, якія не ведаюць ні англійскай, ні рускай, якія проста плацяць грошы, каб заставацца тут — вось чаму дзеля іх мы пазбаўленыя права навучацца на роднай мове? — абураецца дзяўчына. — З’яўляцца ўніверсітэтам, які атрымлівае гранты, як беларускі ўніверсітэт у выгнанні, і нічога не рабіць дзеля таго, каб беларуская мова была не проста прадметам даследавання і тэмай вебінараў, а паўнавартаснай мовай у навучальным працэсе — гэта не справядліва.

Кацярына падкрэслівае, што наогул у ЕГУ выкладаюцца цікавыя прадметы і збольшага студэнтка атрымлівае задавальненне ад навучання там.

— Але мяне не задавальняе моўная палітыка і тое, што тут настолькі наплявалі на ўсё беларускае. Чаму б для студэнтаў з Расіі не зрабіць адмысловыя курсы па-беларуску? — цікавіцца Кацярына. — У Варшаўскім універсітэце ёсць кафедра беларускай філалогіі, прадметы, якія выкладаюцца на беларускай мове, але яны не называюць сябе беларускім універсітэтам у выгнанні і гранты такія шалёныя не бяруць.

На афіцыйным сайце ЕГУ можна ўбачыць, што ўніверсітэт, падаецца, і сам не вызначыўся са сваёй моўнай палітыкай і пазіцыянаваннем. Калі адкрыем рускамоўную версію сайта, даведаемся, што «ЕГУ — гэта міжнародны ўніверсітэт для студэнтаў з Усходняй Еўропы. Дзякуючы ліберальнай мадэлі навучання студэнты ЕГУ могуць навучацца на рускай, беларускай і англійскай мовах». У беларускамоўнай версіі на тым жа месцы знойдзем іншы тэкст: «ЕГУ — гэта міжнародны ўніверсітэт для студэнтаў з Беларусі і рэгіёна, мэтай якога з’яўляецца ўмацаванне грамадзянскай супольнасці шляхам выкладання свабодных навук і мастацтваў». Ёсць яшчэ версія таго ж сайта на англійскай мове. Там «ЕГУ з’яўляецца міжнародным універсітэтам, які садзейнічае развіццю грамадзянскай супольнасці праз гуманітарныя навукі». Дык для каго ж гэты ўніверсітэт і ці здольны ён падладжвацца пад патрэбы сваіх студэнтаў, як падладжваецца пад розных карыстальнікаў ягоны афіцыйны сайт?

— На мой погляд, мова — гэта вельмі важна! Калі я хачу, каб у ЕГУ была беларуская мова, я патрабую на самай справе мінімальнага: хаця б некалькі прадметаў па-беларуску зрабіце, зрабіце асобныя групы для расійцаў, у чым праблема? У якім універсітэце я навучаюся — у беларускім ці ў нейкім расійска-арыентаваным, камерцыйным? Гэтае пытанне мяне вельмі хвалюе і бянтэжыць, — дзеліцца Кацярына. — Мая сяброўка ўкраінка, якая навучаецца ў ЕГУ на праграме «Медыя і камунікацыя», распавядала, што ўсе яе аднагрупнікі — беларусы. Пры гэтым выкладчык павінны пытацца ў студэнтаў-беларусаў, на якой мове яму выкладаць. Дык калі яны беларусы, тут пытанне такое не павінна ўзнікаць! Фактычна адміністрацыя, кіраўніцтва ЕГУ абмяжоўвае беларускіх выкладчыкаў у праве выкладаць на іх роднай мове. То-бок мае месца дыскрымінацыя выкладчыкаў, студэнтаў, беларускай мовы, русіфікацыя. Я хачу звярнуцца да ўніверсітэта, спрабую звязацца са студэнцкім прадстаўніцтвам, але пакуль яны ігнаруюць мяне. Напэўна, буду пісаць лісты, звароты сама, у чарговы раз, і прасіць іншых студэнтаў далучыцца.

Чытайце яшчэ: Студэнтка ЕГУ скончыла галадоўку: адміністрацыя паабяцала выканаць першае з яе патрабаванняў

Па нашай просьбе апісаную студэнткай сітуацыю пракаментаваў Уладзіслаў Іваноў-Гарбацкі, выкладчык паліталогіі, дацэнт Дэпартаменту сацыяльных навук ЕГУ:

«Вось мая асабістая думка: у ЕГУ няма наўпроставай дыскрымінацыі беларускай мовы, але, сапраўды, ёсць скарачэнне ўжытку беларускай мовы ў навучальным працэсе за апошнія гады. Гэта выклікана і тым, што ва ўніверсітэт паступаюць расійскамоўныя (расійцы, літоўцы, украінцы), але і тым, што вельмі часта самі беларускія студэнты выказваюцца на карысць рускай мовы выкладання (прынцып «нам так лягчэй»).

На маім дэпартаменце няма такой сітуацыі, якую апісвае студэнтка: ніхто не набірае наўмысна небеларусаў, бо яны плацяць больш. Амаль 90% студэнтаў на дадзены момант, якія навучаюцца ў нас, — маюць беларускі пашпарт.

Але я згодны з тым, што беларускай мовы становіцца ўсё менш у ЕГУ. Але яе становіцца менш і ў Беларусі. ЕГУ — гэта люстэрка беларускага грамадства, таму ён ані ў лепшай, ані ў горшай сітуацыі ў моўным плане.

Расійская і англійская мова дамінуюць у курсах, але паўтаруся, так сталася і ў выніку таго, што большасць беларускіх абітурыентаў — расійскамоўныя і выказваюць пазіцыю, што па-расійску ім вучыцца лягчэй. Універсітэт не з’яўляецца рэвалюцыйнай структурай і не можа праводзіць у Літве беларусізацыю, на жаль. ЕГУ — прыватны ўніверсітэт у выгнанні. Але ёсць іншыя рэсурсы і спробы выправіць сітуацыю. Якраз цяпер мы займаемся выпрацоўкай моўнай палітыкі ЕГУ, і сярод асноўных пунктаў стаіць падтрымка беларускай мовы. Дакумент яшчэ не прыняты — мы працуем з ім. Таму навідавоку станоўчы зрух — універсітэт рэагуе на выклікі, звязаныя з падзеямі ў Беларусі 2020-2022 гг. і з вайной ва Украіне і спрабуе падтрымаць і вярнуць ва ўніверсітэт беларускую мову. Прыняцце гэтага дакумента прадэманструе рэальны погляд/падыход ЕГУ на моўнае пытанне. Таму б я пачакаў, пакуль будзе прыняты гэты дакумент, каб канчаткова зрабіць высновы. Але пазначу, што большасць выкладнікаў-цаў вельмі заклапочаныя станам беларускай мовай і актыўна ўдзельнічаюць у выпрацоўцы дакумента.

Стаўленне да студэнтаў-ак з Беларусі добрае і аднолькавае да ўсіх: беларусаў і небеларусаў. Я выкладаю ў ЕГУ амаль 15 год, сяджу ў шматлікіх камісіях па наборы студэнтаў і магу пацвердзіць гэта 100%. Безумоўна, могуць быць нейкія асобныя кейсы, але яны — выключэнне», — распавёў Уладзіслаў Іваноў-Гарбацкі.

Ганна Ермаковіч, «Новы Час»

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Літаратура

У Беларусі хутка з'явіцца кніга ўспамінаў рэпрэсаваных гродзенцаў

У красавіку выйдзе з друку кніга ўспамінаў рэпрэсаваных гарадзенцаў «Ніколі болей», — паведаміў Андрэй Янушкевіч...

valiancina_shauchenka
Тэатр

Па старонках памяці. Гісторыя і традыцыі тэатральнага мастацтва Беларусі

Сёння, 27 сакавіка, у свеце адзначаюць Дзень тэатра. У беларускага тэатральнага мастацтва найбагацейшая гісторыя...

valiancina_shauchenka
Літаратура

Стартуе падкаст «Супердудко»: Наста Грышчук густоўна не пагаджаецца з наяўным

Выйшла пілотная серыя падкасту «Супердудко», — паведамляе «Літрадыё». Крытык Наста Грышчук п’е таматны гозэ і ўспамінае...

valiancina_shauchenka
Краіна

«Увага, стукач!» Беларусы звязаліся з даносчыкамі на пратэстоўцаў 2020-га і знялі фільм

Што можа быць больш сумным і дзікім за даносы беларусаў на іншых беларусаў? У 2020 годзе гэта было нормай, на жаль,...

Апошнія навіны

    Літаратура
    У Беларусі хутка з'явіцца кніга ўспамінаў рэпрэсаваных гродзенцаў
    Тэатр
    Па старонках памяці. Гісторыя і традыцыі тэатральнага мастацтва Беларусі
    Літаратура
    Стартуе падкаст «Супердудко»: Наста Грышчук густоўна не пагаджаецца з наяўным
    Краіна
    «Увага, стукач!» Беларусы звязаліся з даносчыкамі на пратэстоўцаў 2020-га і знялі фільм
    Грамадства
    У Вязынцы вясну гукалі. І нагукалі! Шмат фота
    Мастацтва
    Таша Кацуба. Мяккая зброя
    Гісторыя Літаратура
    Мікалай Гусоўскі і «Песня пра Зубра»
    Гісторыя
    Першая ў старадаўняй Беларусі жанчына-лекар. Лёс і вандроўкі Саламеі Русецкай
    Грамадства Літаратура
    Бяляцкі гаворыць пра нацыянальнае прымірэнне, падымае іншыя дыскусійныя тэмы не пад прымусам, а з-за сваёй інтэлектуальнай смеласці
    Грамадства «Музыка»
    Музыку Фёдара Чаранкова арыштавалі на 15 сутак
    Каляндар
    Каляндар з 27 сакавіка па 2 красавіка. Што святкуем? Па чым сумуем?
    Мастацтва Беларусы свету
    Выстава пад знакам Пагоні ў Нью-Ёрку
    Замежжа
    Гайд па беларускай Вільні: усё, што трэба мігрантам з Беларусі
    Грамадства
    Упершыню ў беларускага горада з’явіліся свае духі. Гэта Брэст
    Культура
    Песням-вяснякам навучаць усіх жадаючых у Веткаўскім музеі стараверстваў і беларускіх традыцый

Афіша

  • 28.03

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Прэзентацыя беларускага перакладу «Дзьмухаўцовага віна» Рэя Брэдберы у Мінску

  • 28.03 — 22.04Выстава ткацкіх працаў у Мінску
  • 28.03 — 30.03Экспазіцыя да 100-годдзя з дня нараджэння Алены Васілевіч у Мінску
  • 28.03 — 31.03Выстава, прысвечаная мастаку кіно Яўгену Ганкіну, у Мінску
  • 28.03 — 31.03«У краіне мар». Выстава, прысвечаная Канстанцыі Буйло, у Мінску
  • 28.03 — 30.04Выстава «Ян Вермеер» у Мінску
  • 28.03 — 02.04Выстава Усевалада Швайбы і Тамары Дзяменцьевай «Узы меж нами» ў Гродне
  • 28.03 — 30.04 «Партрэт часу»: калекцыя жывапісу Белгазпрамбанка ў Магілёве

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • Як, дзе і калі беларусы свету будуць адзначаць Дзень Волі
    • Ва Украіне з’явіўся сайт пра тое, чаму ў Беларусі ўсё так і беларусы такія
    • Адкуль мы ўзяліся: 7 кніг пра нашу гісторыю
    • Міты Другой Сусьветнай вайны. Да дня спаленьня Хатыні
    • Што вядома пра серыял пра Уладзіміра Мулявіна «За паўгадзіны да вясны», трэйлер якога з’явіўся ў сеціве?
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип