27 чэрвеня а восьмай гадзіне раніцы студэнтка першага курса праграмы «Еўрапейская спадчына» Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Таццяна Барысава абвесціла сухую галадоўку. Па словах дзяўчыны прычынай такой акцыі пратэсту стала тое, што па абавязковай дысцыпліне «Праект першага года» не былі праведзены заняткі, акрамя ўступнага, а адміністрацыя ігнаравала яе звароты з просьбай разабрацца ў сітуацыі. Увечары 28 чэрвеня Таццяна прыпыніла галадоўку: адміністрацыя паабяцала выканаць першае з яе патрабаванняў.
Таццяна Барысава на другі дзень галадоўкі. Крыніца: t. me/wasted_ehu
Першым патрабаванне дзяўчыны быў дазвол ёй і ўсім жадаючым студэнтам перапрайсці дысцыпліну ў наступным семестры бескаштоўна.
Другім патрабаваннем была грашовая кампенсацыя ад універсітэта ёй і ўсім студэнтам, якія таксама будуць перапрахадзіць дысцыпліну. Калі першае патрабаванне адміністрацыя яшчэ была згодная неяк выканаць, то наконт кампенсацыі трымалася прынцыпова. Супрацоўнікі сцвярджалі, што гэта наўпрост немагчыма юрыдычна. Таццяна засталася ночыць там жа, дзе і абвясціла галадоўку: на брукаванцы ля ўваходу ва ўніверсітэт. З ёй засталіся некаторыя са студэнтаў — так званая «група падтрымкі».
Картонка, якая была навесам для Таццяны
На другі дзень акцыі, цягам якой, нагадаем, Таццяна нічога не ела і не дакраналася да вады, асноўная дыскусія паміж прадстаўнікамі адміністрацыі ўніверсітэта і Таццянай вялася наконт фінальнай фармулёўкі службовай запіскі. Студэнтка настойвала, каб, акрамя дазволу студэнтам прайсці дысцыпліну ў наступным семестры, у дакуменце таксама была пазначана прычына: як лічыць Таццяна, сітуацыя склалася па віне ўніверсітэта.
А пятнаццатай гадзіне 28 чэрвеня пачалося экстранае пасяджанне сената ЕГУ — калегійнага акадэмічнага кансультацыйнага органа ўніверсітэта. Пасяджанне прадстаўляла сабой зум-канферэнцыю, да якой, апроч прадстаўнікоў сената, маглі далучыцца ўсе жадаючыя студэнты і выкладчыкі ў якасці гледачоў. Колькасць прыстуных хутка дасягнула 100 чалавек — ліміт, які дазваляе Zoom.
Скрыншот папяраджання праграмы Zoom пры спробе далучыцца да канферэнцыі
Да канферэнцыі далучаліся студэнткі з «групы патрымкі» Таццяны. Дзяўчыны дамовіліся з адміністрацыяй, што будзе падпісаны новы тэкст службовай запіскі. У гэтым тэксце мусіць быць пазначана, што студэнтам дазваляюць прайсці дысцыпліну ў наступным семестры, бо адміністрацыя не растлумачыла новаўвядзенні: замест лекцый і семінараў маюць быць індывідуальныя заняткі з навуковым кіраўніком. Акрамя таго, адміністрацыя павінна была прызнаць у службовай запісцы, што новай вучэбнай праграмы ўвогуле не існуе.
Але новы дакумент так і не быў падпісаны: па якіх прычынах мы дакладна не ведаем.
Працоўны дзень 28 чэрвеня скончыўся. Большасць супрацоўнікаў, у тым ліку рэктар і кіраўнік дэпартамента, з’ехалі. Таццяна засталася ляжаць на зямлі, падтрымліваемая новымі сябрамі. Дзяўчына разумела неабходнасць ісці на перамовы, але згадзілася размаўляць толькі з адным чалавекам — Уладзіславам Івановым, палітолагам, выкладчыкам іншага дэпартамента. Як кажа сама Таццяна, Уладзіслаў быў адзіным выкладчыкам у тыя дні, хто не проста праходзіў міма яе, ідучы ва ўніверсітэт, а публічна падтрымліваў.
Уладзіслаў Іваноў прыехаў ва ўніверсітэт а 19 гадзіне ўвечары.
Уладзіслаў Іваноў. Крыніца: ehu.lt
«Таццяна, Ваша пасланне пачулі, вы вельмі шмат дамагліся», — казаў Уладзіслаў.
«Сэнс быў не ў тым, каб пачулі, а ў тым, каб было рашэнне», — адказала Таццяна і выбачылася, што не можа стрымаць слёзы.
«Тое, што пачулі — гэта таксама рэзультат, — настоваў Уладзіслаў. — Усе ўключыліся, нават людзі, з іншых дэпартаментаў, якія раней аб гэтым і не думалі. Гэта не значыць, што ўсё на гэтым скончыцца. Будуць новыя этапы, але зараз вам трэба адпачыць. Напрыклад, вы можаце звярнуцца ў камісію па этыцы ў міністэрства адукацыі Літвы».
«Можа і праўда праз тое, што я зрабіла наступным студэнтам будзе лягчэй, — разважала Таццяна, — я тут даведалася, што за год да мяне студэнткі з цяжкасцю дабіліся перавода на індывідуальнае навучанне, а я праз год гэта зрабіла ўжо без аніякіх праблем».
У выніку студэнтка згадзілася скасаваць галадоўку, калі Уладзіслаў прачытае вынікавы тэкст, і будзе задаволены фармулёўкай, а кіраўнік дэпартамента Аляксей Махнач публічна паабяцае, што вынікавы варыянт службовай запіскі з прызнаннем адказнасці ЕГУ будзе падпісаны раніцай.
Праз гадзіну з таго моманту, як прыехаў Уладзіслаў, дазваніліся да Алексея Махнача. Пад відэазапіс быў зачытаны фінальны варыянт службовай запіскі, дзе былі ўлічаны патрабаванні Таццяны. Аляксей падцвердзіў, што раніцай 29 чэрвеня дакумент будзе падпісаны і адпраўлены Таццяне па электроннай пошце.
Таццяне зачытваюць канчатковы варыянт службовай запіскі. На сувязі па тэлефоне Аляксей Махнач
«Добра, дзякуй», — адказала Таццяна і пацягнулася за вадой.
Таццяна п’е ваду пасля скасавання сухой галадоўкі
Дзяўчына не змагла ўстаць самастойна, таму студэнты пазванілі ў хуткую. Хуткая адмовілася прыязджаць. Справа ў тым, што супрацоўнікі ЕГУ на працягу акцыі некалькі разоў выклікалі хуткую, але Таццяна адмаўлялася ад шпіталізацыі.
Праз некаторы час прыехала паліцыя. Хто яе выклікаў, дакладна невядома. Але яшчэ праз некалькі хвілін прыехала хуткая.
Фельчар, дазнаўшыся ў чым справа, павіншавала Таццяну з перамагой у яе барацьбе, Памераўшы ціск і агледзеўшы дзяўчыну, фельчар, сказала, што калі нехта падвязе Таццяну дамоў, і яна пап’е салодкага чаю і пакрысе пачне спажываць ежу, то неабходнасці ў шпіталізацыіі няма. Таццяну сапраўды адвезлі дамоў яе сябры. Па стане на раніцу, 29 чэрвеня, Таццяна адчувае сябе добра.
Да Таццяны прыехала хуткая. Крыніца: t.me/wasted_ehu
Усе 36 гадзін, што Таццяна трымала сухую галадоўку, лежачы на вуліцы, тэмпература паветра ў Вільні ўдзень трымалася на ўзроўні каля 30 градусаў і не апускалася ніжэй за 20 градусаў нават ноччу.
29 чэрвеня Таццяна Барысава на сваёй старонцы ў Instagram размясціла фатаграфію службовай запіскі з канчатковай фармулёўкай. Адміністрацыя выканала сваё абяцанне.
Д. Г. budzma.org