Суд па заяве пракуратуры Мінска прызнаў «Выбраныя творы» Вацлава Ластоўскага і «Выбраныя творы» Алеся Петрашкевіча «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Паводле інфармацыі ведамства, гаворка ідзе пра кнігі 1997 і 2017 года, выдадзеныя ў рамках праекта «Беларускі кнігазбор».
Вацлаў Ластоўскі — беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, пісьменнік, гісторык, філолаг, літаратуразнавец, этнограф, акадэмік АН Беларусі (1928), прем’ер-мiнiстр БНР, даследчык гiсторыi i культуры Беларусi, аўтар «Падручнага расiйска-крыўскага (беларускага) слоўнiка», «Гiсторыi беларускай (крыўскай) кнiгi», В. Ластоўскi быў выдатным публiцыстам, самабытным празаiкам, арыгiнальным паэтам i перакладчыкам. Быў рэпрэсаваны і прыгавораны да расстрэлу «як агент польскай разведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі».
Трэцi па лiку том «Беларускага кнiгазбору» знаёмiць чытача з найлепшай лiтаратурнай спадчынай Вацлава Ластоўскага.
Алесь Петрашкевіч — беларускі гісторык, пісьменнік і драматург. У 1991–1998 гадах кіраваў арганізацыйна-метадычным цэнтрам па выданні гісторыка-дакументальных хронік «Памяць». Пісаў п’есы на гісарычную тэматыку, у тым ліку пра Францішка Скарыну і пра перыяд БНР.
Аднатомнік Алеся Петрашкевіча пачынаецца самым значным яго празаічным творам «Крыніцы і каламуць», у якім аўтар шчыра расказаў пра сваё дзяцінства ў роднай вёсцы Пярэвалачня на Віцебшчыне, пра вучобу ў Белдзяржуніверсітэце, працу ў ЦК КПБ (разам з П. М. Машэравым), у БелСЭ (з П. Броўкам, І. Шамякіным) і інш. У кнігу ўключаны таксама яго найбольш цікавыя гістарычныя п’есы. Гэта дзевяносты том кніжнага праекта «Беларускі кнігазбор».
«Беларускі кнігазбор» — кніжны праект пра беларускую літаратуру, заснаваны ў 1995 годзе. Галоўны рэдактар праекта — пісьменнік і літаратуразнаўца Кастусь Цвірка.
Чытайце яшчэ:
Кастусь Цвірка: «Буду жыць, пакуль не выдам усе 200 тамоў «Беларускага кнігазбору!»
«Падарожнік». Комікс пра вандроўку Вацлава Ластоўскага