Пра гэта піша архітэктар Уладзіслаў Чаховіч у свежым зборніку «Краязнаўчы рух на Полаччыне: вопыт, дасягненні і магчымасці». Упершыню «партрэт Васіля Цяпінскага» быў апублікаваны ў 1919 г. у віленскім часопісе «Biełaruskaje žyćcio» Рамуальдам Зямкевічам — з яго артыкулам пра асветніка. Бібліяфіл паведаміў, што знайшоў партрэт у бібліятэцы Канстанціна Святаполк-Завадскага ў Крошыне. Выява паслужыла крыніцай для шматлікіх мастацкіх увасабленняў асобы гуманіста (1530- 1540-я — 1603), піша тэлеграм-канал «De facto. Беларуская навука».
Партрэт Васіля Цяпінскага (злева), апублікаваны ў 1919 годзе Рамуальдам Зямкевічам, і партрэт французскага архітэктара Філібера Дэлорма (справа), апублікаваны ў пасмяротным выданні ў 1626 годзе
Аднак Чаховіч выпадкова выявіў, што пратограф (арыгінальная выява) была прысвечана французскаму архітэктару XVI ст. Філіберу Дэлорму (на ілюстрацыі — справа). Галоўная розніца ў выявах — у замене галаўнога ўбору (на характэрны для дзеячаў Рэфармацыі).
«Фальсіфікат быў удала падабраны і адпавядае адлюстраванай эпосе», — піша аўтар.
Ён выказвае здагадку, што выяву адаптавала жонка Зямкевіча — мастачка Лявонія з Дунін-Баркоўскіх.