Пры Сталіне працавалі выдатныя жывапісцы Сяргей Герасімаў і Аляксандр Дэйнэка. Пры Гітлеры — скульптары Фрыц Клімш і Ёзэф Торак. Нават пры Машэраве былі Савіцкі і Кішчанка. А хто пры Лукашэнку?.. Святлана Жыгімонт.
Экзальтаваная актывістка, якая ўмее маляваць, Святлана Жыгімонт урэшце прабралася ў Нацыянальны мастацкі музей. На 20 лістапада прызначана яе персанальная выстава. Чаму «актывістка», а не «мастачка»? Дастаткова зірнуць тг-канал аўтаркі: там «благадаць», іконы, харугві, танкісты ЛНР — ДНР, і — нон-стоп барацьба з каталіцкім Касцёлам.
Святлана Жыгімонт на фоне карцін, прысвечаных усхваленню расійскай ваеншчыны. Фота: тэлеграм-канал Святланы Жыгімонт.
Так бывае: актывісты ўмеюць маляваць, спяваць, робяць гімнастыку па раніцах. Але ад гэтага яны не стаюць мастакамі, спевакамі, спартоўцамі. Карціны аўтаркі — гэта гіперрэалізм, які спазніўся гадоў на 80. Дарэчы, акурат да «80 гадоў Вялікай Перамогі» і прымеркаваная яе выстава.
Нагадаю, што Жыгімонт стала вядомая праз трэш-палотны пасля 2020-га. Напрыклад, трыпціх «Сказка-быль о Беларуси»: там Лукашэнка адпачывае пад дрэвам, а побач — Ціханоўская і Вячорка выклікаюць Сатану. Яшчэ — дзіўная карціна «Женский марш» з фурыямі ў белых сукенках. Яшчэ ёсць сюжэт пра хлопца, які сыходзіць на пратэсты са сцягам, пакуль яго бацька трымаецца за цяжкую пахмельную галаву.

Карціна Святланы Жыгімонт "Сказка-быль о Беларусі". Фота: інстаграм Святланы Жыгімонт
За кадрам, як правіла, застаюцца партрэты расійскіх баевікоў, бясконцыя алюзіі на праваслаўную містыку і блакітнавокія дзеці з кветкамі. Часам здаецца, што карціны малюе не чалавек, а штучны інтэлект ранніх узораў. Гляньце палатно «Дзень вышыванкі» з дзецьмі ў трунах, ад якога — дрыжыкі па скуры. Дэвід Лінч, якога мы заслужылі.

Карціна Святланы Жыгімонт «Дзень вышыванкі». Фота: інстаграм Святланы Жыгімонт
Што гэта? Сацрэалізм?.. Не. Сацрэалістам быў Васіль Ефанаў. Ён пісаў сонечнае жыццё ў сталінскім СССР, дзе ўсе ўсміхаюцца, усе дні — святочныя, усе людзі — шчаслівыя. Пашукайце — «Сталін і Молатаў з дзецьмі» або «Незабыўная сустрэча» — зразумееце атмасферу. Але нават у яго было больш жыцця і чалавечнасці, чым у Жыгімонт. Не таго сапраўднага жыцця ў СССР, але — казачнага.
Карціна Васіля Ефанава «Незабыўная сустрэча»
Ефанаў пісаў казку, разлітую у паветры. Казку, у якую верылі мільёны. Шчыра верылі. Гэта пампезная класіка таталітарнага мастацтва, магчымая толькі ў той час, калі яна была створаная. Яе немагчыма паўтарыць. Гэтым яго жывапіс і цікавы, безадносна поглядаў (ці адсутнасці поглядаў) аўтара. Злепак часу.
Цяжка ўявіць, што ў творы Жыгімонт вераць не тое, каб мільёны, а хоць і бы і тысячы. Тыя, хто верыць — не цікавяцца жывапісам. Хто цікавіцца — не верыць. Намаляваны ёй сусвет — хваравіты сон. У які, магчыма, верыць сама аўтарка. Ну, можа яшчэ Бондарава. Раней, відаць, верыў Азаронак, але нават з ім Жыгімонт пасварылася.
Эпоха Лукашэнкі, сярод іншага, запомніцца цэтлікам «нізкі мастацкі ўзровень» датычна апазіцыйных творцаў. Сам гэты цэтлік ужо стаў мемам і — знакам якасці. Забаранілі — значыць, нешта цікавае. Сапраўднае. Але сама сістэма Лукашэнкі так і не нарадзіла ніякага мастацкага стылю хоць з якім узроўнем, блізкім да мастацкага.
Ані ў літаратуры, ані ў музыцы, ані ў жывапісе. Чаргінец. Саладуха. Жыгімонт... Чарговая ўлада, якая прыйдзе пасля Лукашэнкі, не будзе мець патрэбы гэта забараняць. Навошта? Наадварот, трэба выставіць, паказаць. Вось ён — мастацкі код эпохі.
Страчаныя пустыя гады.
Алесь Кіркевіч, Budzma.org