Калі вам падаецца, што ў вашым жыцці нешта не так, альбо проста не хапае пазітыву, пачытайце гэты жыццесцвярджальны тэкст ад Марыі Грыц. Бонусам — чэк-ліст доказаў, што вы добра трымаецеся.
Марыя Грыц. Фота з асабістага архіву аўтаркі
Мы ўсе ходзім па свеце, нібыта павінны ведаць інструкцыю. І кожны дзень публічная прастора з запалам школьнай настаўніцы фізкультуры тыкае табе ў галаву пальцам: ты ўсё не так робіш.
Не так, не тое і не ў той час ясі.
Замала ці зашмат п’еш (і я нават не пра алкаголь!).
Няправільна трымаеш спіну, ходзіш, сядзіш, не так і не з тымі спіш.
Не тое, не ў той час і не так апранаеш.
Занадта, замала ці агулам не так сумуеш па радзіме.
Мала гаворыш пра пачуцці — кепска. Шмат гаворыш — душыш (хаця гэта мая найменшая праблема: што я не выкажу словамі, тое будзе напісанае на маім твары).
І так — да бясконцасці.
Пры гэтым ніхто, абсалютна ніхто на планеце не ведае на 100%, як правільна жыць. Ну добра, не зусім ніхто. У сеціве знойдзецца бясконцасць людзей, гатовых навучаць. Некаторыя нават з сапраўднымі дыпломамі. Вось мне педыятарка неяк сказала: «Так рабіць нельга. Гэта і вожыку зразумела». Трасца, шкада, што я не вожык! Бо напраўду мы тут упершыню і эксперыментуем на сабе. І ўсе аднолькава разгубленыя, проста не ўсе гатовыя прызнацца.
І з аднаго боку падаецца, што раз узяцца, разабрацца за месяц ці паўгады са сваім жыццём і далей кайфаваць — выглядае як выдатны план. Але праблема ў тым, што свет пастаянна змяняе правілы гульні.
Учора есці бульбу — загана, а сёння — нармальна.
Раней 2 літры вады было ледзь што не падмуркам жыцця, цяпер ужо «піце па патрэбе».
Не, я не адмаўляюся ад базы, што трэба ўключаць у жыццё фізуху, сачыць за тым, што кладзеш у рот, знаходзіць час для сябе і паведамляць блізкім пра свой стан і ягоныя прычыны наўпрост словамі. Але гэта ўжо зусім пражытковы мінімум!
І зноў жа, зваліцца на вас вядро ліпкага кісялю дэпрэсіі, ці чарговая эміграцыя, ці яшчэ якая «радасць» — пачынай нанова. То раз і назаўжды ўсё наладзіць — занадта амбітна, як па мне.
Днямі я ехала ў адным вагоне разам з бамжом. Іншыя пасажыры цураліся яго, адсоўваліся далей, а я... я ўсміхалася ўва ўсе зубы. Я была шчыра рада. Бо ён быў маладзейшы за мяне.
Не, то не злараднасць. То — момант нечаканага, дзіўнага, але вельмі чалавечага гонару за сябе.
Хлопец, які мае польскае грамадзянства, польскую мову, увесь пакет правоў і магчымасцяў — здаўся раней за мяне. А я, без такога скарбу, даўжэй працягваю кожны дзень неяк радзіць са сваім жыццём. І гэта не пра тое, што ён дрэнны, а пра тое, што я — малайчына.
Гэта пра тое, што мы ўсе ходзім па мінных палях жыцця, не маючы мапы. Што мы трымаемся, як можам. І гэта ўжо шмат.
Я суперпераканана: калі вы чытаеце гэты тэкст, то:
а) вы знаходзіцеся ў бяспечным асяроддзі;
б) вы сядзіце на крэсле, а не пад мостам у скрынцы з-пад лядоўні;
в) у вас ёсць вольны час;
г) вы насамрэч даяце рады жыццю значна лепш, чым вам здаецца. Бо калі вы яшчэ не здалі ў ламбард тую прыладу, з якой цяпер чытаеце — значыць, усё збольшага ў парадку.
Насамрэч вы даяце рады жыццю значна лепш, чым вам здаецца. Малюнак Андруся Такінданга
Таму давайце прабяжымся па асноўных паказчыках:
Калі вы дагэтуль не ляжыце тварам уніз у рэчцы Бялай ці любой іншай рэчцы — вы жывяце агулам нармальна.
Калі вы смеяцеся час ад часу — вы малайцы.
Калі вы не страцілі здольнасць да цёплых пачуццяў, нават калі яны балючыя — вы ўжо пераможцы.

Калі вы не страцілі здольнасць да цёплых пачуццяў, вы ўжо пераможцы. Малюнак Андруся Такінданга
Калі вашыя дзеці ходзяць у школу (хаця б туды і назад, халера на тыя адзнакі), яны апранутыя, накормленыя і з парамантаванымі зубамі — вы яшчэ і з бацькоўствам радзіце! А гэта задача «з зорачкай».
І няхай ніхто не пераконвае вас у адваротным. Так, магло быць і лепей. Але і тое, што мы сёння не разваліліся — ужо вялікае дасягненне.
Марыя Грыц, Budzma.org