«Усё прапала?!» Феадальная раздробленасць ХІІ ст. Дэградацыя ці прагрэс?

27.07.2023 Гісторыя

Напрыканцы ХІ стагоддзя на землях усходніх славян пачаўся падзел вялікіх дзяржаў-княстваў на меншыя. Якое значэнне ў гэтым працэсе меў з’езд 1097 года ў Любечы, на Чарнігаўшчыне? Чаму ва Украіне паставілі помнік з нагоды 900-годдзя Любечскага з’езда? Па якой прычыне полацкі князь Усяслаў-Чарадзей не браў удзел у гэтым з’ездзе? Як працэс феадальнай раздробленасці ацэньваецца гісторыкамі? Распавядаем у артыкуле.


Пад канец ХІ ст. па ўсёй хрысціянскай Еўропе праявілася новая раней мала заўважная з’ява — распад буйных дзяржаў на некалькі, здаралася і на некалькі дзясяткаў, малых. Гэтае драбленне ахапіла абедзве часткі хрысціянскай цывілізацыі — заходнюю на чале з Рымам (пачалося раней) і ўсходнюю з цэнтрам у Канстанцінопалі. На палітычную раздробленасць у той самы час цярпелі і арабскія дзяржавы на Іберыйскай паўвыспе. Адсюль вынікала выснова пра ўсееўрапейскасць працэсу.


Еўропа пасля Х стагоддзя
Еўропа пасля Х стагоддзя

Як адбываўся падзел буйных дзяржаў-княстваў ва ўсходніх славян

Вось і ва ўсходніх славян паўсюдна адбываўся падзел вялікіх раннефеадальных дзяржаў-княстваў, не абмінуў нават купецкую рэспубліку Вялікага Ноўгарада, ад якой актыўна пачаў аддаляцца Пскоў. Летапіс занатаваў нават афіцыйнае прававое афармленне палітычнай раздробленасці. У 1097 г. у Любечы на Чарнігаўшчыне адбыўся з’езд князёў, каб дамовіцца пра спыненне міжусобных войнаў і сумеснае змаганне з полаўцамі. Між іншым з’езд пастанавіў: «Кождо держить очьчину свою», г. зн. юрыдычна замацаваў незалежнасць уладанняў паасобных галінаў роду Рурыкавічаў.

02.png
Любеч. Дзядзінец

Ва Украіне ў 1997 г. на дзяржаўным узроўні адсвяткавалі 900-годдзе Любечскага з’езду і нават паставілі яму помнік як «першої вдалої спроби припинити процес розпаду Київської держави на дрібні удільні князівства».

Помнік з'езду князёў у Любечы. Пастаўлены ў 1997 г.

Помнік з'езду князёў у Любечы. Пастаўлены ў 1997 г.

Ключавое слова тут «прыпыніць», бо насамрэч працэс зусім не спыніўся, а пайшоў сабе далей.

У Любечскім з’ездзе не ўдзельнічаў полацкі князь Усяслаў Брачыславіч (Чарадзей), бо ягоная дынастыя і так незалежна валодала сваёй «очьчиной». Але агульны лёс не абмінуў і Полацкую дзяржаву. Па пісьмовых крыніцах вядома сямёра Усяслававых сыноў, і кожны хацеў у валоданне сваю долю бацькаўшчыны.

Так у канцы ХІ — першай палове ХІІ ст. з’явіліся самастойныя Менскае, Ізяслаўскае ўдзельныя княствы, пазней аддзяліліся Друцкае, Віцебскае, Лагойскае і іншыя драбнейшыя. Праўда, Полацк надалей лічыўся галоўным горадам зямлі. Ён заставаўся найбуйнейшым па плошчы ды багацці, адпаведна, ягоны княскі пасад быў самым прэстыжным.

Беларусь у ІХ – першай палове ХІІІ ст.
Беларусь у ІХ – першай палове ХІІІ ст.

Тое ж дзеелася ў Тураўскай, Смаленскай землях, у Панямонні і Пабужжы. Само сабой, паміж удзельнымі князямі адразу распачаліся варажнечы і войны. На Полаччыне часова ўзвысіўся менскі князь Глеб Усяславіч, але ягоную моц падарвалі ўварванні аб’яднаных войскаў паўднёварускіх князёў.

Феадальная раздробленасць як гістарычная з’ява: кепска ці добра

Феадальная раздробленасць як гістарычная з’ява ацэньваецца па-рознаму. Адназначна адмоўна разглядала/разглядае «ўдзельны перыяд» царска-савецка-расейская гістарыяграфія. Прычына ў ідэалогіі, менавіта ў першапачатковым імкненні абгрунтаваць пастулат імперскай тэорыі пра гістарычную місію Расеі — аднаўленне ўсходнеславянскага адзінства ў адной дзяржаве са сталіцай у Маскве. Пад гэтым лозунгам Расея і сёння ваюе ва Украіне.

Маўляў, разам пераможам усіх ворагаў. Вось калі б Кіеўская Русь не падзялілася, то і манголаў адбілі б і летувісам не далі адарваць «западнорусскіе землі». Дарэчы прыйшлася знаходка ў XVIII ст. рукапіснага літаратурнага твора нібыта з ХІІ ст., які асуджаў княскія свары і заклікаў да яднання. Гаворка аб «Слове пра паход Ігаравы», наконт аўтэнтычнасція якога да сёння трываюць дыскусіі.

Слова пра паход Ігаравы ў расейскім кантэксце
Слова пра паход Ігаравы ў расейскім кантэксце

Іншыя гістарычныя школы, не заангажаваныя ў расейскую ідэалогію, разглядаюць працэс феадальнай раздробленасці як заканамерную гістарычную з’яву, у аснове якой ляжаў імклівы дэмаграфічны ўздым у ХІ—ХІІІ ст. Калі закончылася Вандроўка народаў, якая спустошыла і вылюдніла кантынент, еўрапейцы пачалі актыўна размнажацца, паводле спецыялістаў-дэмографаў, уключыўся прыродны біялагічны механізм рэгуляцыі колькасці віду Homo sapiens.

Хуткі рост колькасці насельніцтва спрыяў развіццю эканомікі, асновай якой у сярэднявеччы з’яўлялася самадастатковая сельская гаспадарка. Мясцовыя супольнасці павялічыліся колькасна і былі ў стане пракарміць і забяспечыць уласных князёў з дружынай.

Акрамя таго, з-за цяжкай камунікацыі пры практычна поўнай адсутнасці дарог, акрамя рэк, моцна ўскладнялася арганізацыя ваенных паходаў. Хоць праз гэта лакальныя супольнасці былі ізаляваныя, але пачуваліся ў адноснай бяспецы. Мясцовыя князі былі бліжэй і маглі больш эфектыўна абараніць перад знешняй пагрозай.

6_sielskaia-haspadarka.jpg

Сельская гаспадарка ў Сярэднявеччы

Аднак усё пачало змяняцца з пачаткам XIV ст. Пагоршыўся клімат, спыніўся дэмаграфічны ўздым, а ў сярэдзіне стагоддзя на Еўропу навалілася пандэмія «Чорнай смерці». Палітычныя змены пачаліся яшчэ раней, ва ўсходніх славян іх запачаткавала магутная атака з боку азіяцкага вандроўнага свету — мангольская навала.


Канстанцін Семяновіч, budzma.org

Глядзіце яшчэ:

Чаму Усяслаў Чарадзей абраў Полацк, а не Кіеў? Раскрываем загадкі даўніны ў «Гісторыі за 5 хвілін»