“Новую кнігу Андрэя Федарэнкі складаюць творы, напісаныя ў апошнія гады”, – такая вось вельмі лаканічная анатацыя да зборніка “Сузіральнік”, які нядаўна пабачыў свет у выдавецтве “Кнігазбор. Па-спартанску кароткая і інфармацыя пра аўтара. Яно і лагічна, бо хто-хто, а Андрэй Федарэнка дакладна не мае патрэбы ў прадстаўленні.
Складаецца кніга з дзвюх аповесцяў, двух апавяданняў і двух эсэ, якія друкаваліся ў часопісе “Дзеяслоў” і на старонках “Літаратурнай Беларусі”. Той, хто сочыць за літаратурным жыццём у нашай краіне, пэўна, ужо чытаў нешта з гэтай кнігі, а мо і ўсе тэксты. І тым не менш варта зрабіць кароткі агляд твораў, змешчаных пад вокладкай.
“Ксю”
Аповесць пра каханне і страчаныя магчымасці. Галоўны герой Аляксей прыязджае з правінцыі ў Мінск, каб набыць стартар для сваёй “Кіа”. А потым сустракаецца з Аксанай, Ксю, у якую быў закаханы ў юнацкія гады.
Насамрэч гэта гісторыя кахання без шчаслівага фіналу. Яму 20, ёй амаль 17 гадкоў. Ён толькі прыйшоў з войска, вярнуўся да маці ў родную вёску, рыхтуецца да паступлення. Яна – сірата, якая жыве са старэйшай сястрой у невялікім правінцыйным горадзе, дзе няма асаблівых перспектываў. Каб падзарабіць, Аляксей часова ўладкоўваецца праз сваяка Ксю, які, уласна, іх і пазнаёміў, на чыгунку. Ксю наязджае часам да гэтага сваяка ў вёску, дзе і завязваюцца адносіны. Яны шмат часу бавяць разам, ён нават прыязджае да яе ў госці, каб “папіць кавы”. Але потым Ксю паступае ва ўніверсітэт, а Аляксей – не, таму так і застаецца жыць у вёсцы ды працаваць на чыгунцы. І вось праходзіць 15 гадоў, як яны не бачыліся, а тут сустрэча. І магчымасць не толькі сказаць адно аднаму тое, што не паспелі тады, у маладыя гады, але і зрабіць.
Добры тэрапеўтычны тэкст для тых, хто любіць заганяцца па мінулым ды настальгаваць. Як той казаў, лепей абмінаць жанчын з мінулага і ніколі ні пра што не шкадаваць.
“Сузіральнік”
Калі папярэдняя аповесць нечым нагадвае “Вёску”, але з больш пазітыўным фіналам і ўзнёслым сэнсам, то “Сузіральнік” – гэта нібыта лагічны працяг знакамітай і нашумелай “Мяжы”. Тыя ж героі, ды і настрой падобны.
Тут аўтар паказвае ўсё сваё майстэрства – прыгожае і прыемнае апісанне ранішняй Кунцаўшчыны. Апавядальнік трапна заўважае і фіксуе ўсё, што бачыць: сумных алкаголікаў, якія панура таўкуцца ля зачыненай крамы, гандляроў на невялікім кірмашы, малых дзетак, што гуляюць у вайнушку ў садку, ды іншых жыхароў гэтага раёна. А потым апісанне вёскі, сустрэча са стрыечнай сястрой Таццянай, якая там жыве. Ключавы момант у гэтым тэксце – сябры, якія нарадзіліся з апавядальнікам у адзін час, але якія ўжо не жывуць. Абодва былі забітыя рыдлёўкамі, кожны праз сваё. Вяртаючыся з заснежаных могілак, герой задаецца пытаннем:
“Ці праўда, што існаваў некалі на Заходнім Палессі суровы спартанскі абрад, жорсткі звычай, які так і называўся – “лапатня”: старых, нямоглых, слабых заводзіць на могілкі ды забіваць лапатаю?”
Не адпускаюць яго думкі пра памерлых сяброў дзяцінства і ў далёкім Берліне. Каб памянуць іх, апавядальнік бярэ сабе невялічкую пляшачку “Апфеля” ды выпраўляецца на мясцовыя могілкі, куды наведваецца ў кожны свой прыезд. Аповесць гэтая для тых, хто ўжо паспеў страціць каго-небудзь з блізкіх. Мне ўсяго 31, а я і цяпер не магу без дрыжыкаў прайсці па вясковых могілках, дзе ўжо не адзін год ляжаць некаторыя мае таварышы…
“Сахалінка”
Замалёўка з жыцця Васіля Ропата – старога, які ніяк не можа змірыцца з тым, што вёска, дзе ён жыве, больш не такая, як раней. Дзед на дух не пераносіць прыезджых, называе іх “збродам” і імкнецца ўсяляк пазбягаць. Сітуацыя набывае патавы характар, калі ў суседнюю хату прыязджае жанчына з Сахаліна, каб дажываць свой век ужо на нашай, беларускай, зямлі. Яна імкнецца наладзіць стасункі з негаваркім суседам, які нават і не думае ісці на кантакт. Гісторыя такая – не навіна. Адно што ў тых краях, дзе мне даводзілася бываць, замест “зброду” ўжывалі іншы тэрмін – “навалач”. А ў астатнім тое самае.
“Шчасце”
Гісторыя пра тое, як будаўнік Шаўцоў-Бузук вырашыў пісьменнікам стаць і што з гэтага выйшла. Чалавек працаваў сабе на будоўлі, жыў у фактычна камунальнай кватэры з не найлепшымі суседзямі, а потым, пасля выпадковай сустрэчы з прафесійным літаратарам, вырашыў у адзін момант змяніць не толькі сферу дзейнасці, але і ўсё жыццё. Як на мяне, дык у гэтым апавяданні аўтар бліскуча паказаў некаторыя памылковыя ўяўленні пра літаратараў. Многія ж рэальна думаюць, што пісаць – гэта не цагліны класці.
“Манголія”
Эсэ пра вандроўку Андрэя Федарэнкі ў Манголію ў 1990 годзе. Чытаецца, праўда, як апавяданне. Чатыры маладыя пісьменнікі – беларус, рускі, малдаванін і асецін – выпраўляюцца ў далёкую экзатычную краіну. У кожнага свой характар, свае рысы і патрэбы. І ўсё гэта адбываецца перад самым развалам Саюза. Героі задаюць адзін аднаму актуальныя на той час (ды і цяпер таксама) пытанні і спрабуюць знайсці адказы. Спадабаецца тым, хто любіць познесавецкую эстэтыку, напрыклад, заліпае ў вядомым кантактаўскім пабліку “Она развалилась”.
“Пташнікаў”
Эсэ пра Івана Мікалаевіча Пташнікава, які пайшоў з жыцця ў 2016 годзе. Думкі, згадкі пра сустрэчы, развагі пра творчасць. Жыццяпіс кожнага беларускага пісьменніка – гэта такая сабе мазаіка, якая складаецца з асобных фрагментаў. І чым болей чытаеш розных тэкстаў пра пэўную асобу, тым яснейшым робіцца ягоны вобраз. Што не згадае адзін, абавязкова адзначыць другі. Тэксты такія чытаюцца нашмат цікавей, чым сухая пісьменніцкая біяграфія.
Канстанцін Касяк, budzma.by
Шукайце новую кнігу Андрэя Федарэнкі ў кнігарнях, а таксама замаўляйце на сайце knihi.by