Фэстываль «ПІКНІК.BY» перанесены на 1 ліпеня

04.06.2012

Арганізатары фэстываля прынялі рашэньне перанесьці мерапрыемства ў сувязі з тым, што субота, 30 чэрвеня абвешчана ў Беларусі працоўным днём. «ПІКНІК.BY» адбудзецца 1 ліпеня на хутары Шаблі. Праграма застаецца нязьменнай.

Рашэньне аб пераносе працоўнага дня на суботу 30 чэрвеня (з 2 ліпеня) было прынята Саветам Міністрам у пятніцу. У сувязі з гэтым арганізатары фэстываля «ПІКНІК.BY» палічылі мэтазгодным перанесьці мерапрыемства на нядзелю, 1 ліпеня. 2 і 3 ліпеня ў Беларусі будуць таксама выходнымі днямі.

Праграма фэстываля застаецца нязьменнай. Дзея пачнецца ў 14.00 і працягнецца да позьняга вечара. Склад удзельнікаў таксама ня зьменіцца. На двух сцэнах – асноўнай і «Жывы Тузін» плянуецца выступ больш чым двух дзесяткаў беларускіх гуртоў. Ня здолее выступіць толькі гурт «Адыс Абеба», у якога ў гэты дзень пачынаюцца гастролі па Расеі.

Ужо набытыя раней квіткі на «ПІКНІК.BY» дзейсныя. З чацьвера квіткі на фэст зьявяцца ва ўсіх касах TicketPro. Каштаваць яны будуць у раёне 110 000 руб. Квіткі па льготным кошце яшчэ можна набыць непасрэдна ў паб-клюбе «Графіці», што ладзіць фэст.

Падрабязнасьці пра праграму фэстываля, квіткі і даезд да фэсту.

Tuzin.FM