Філіп Чмыр: «Нам вельмі падабаецца наша публіка»

Група Drum Ecstasy пасля двухгадовага перапынку зноў у туры па гарадах Беларусі. З сямі запланаваных канцэртаў два ўжо адбыліся і прайшлі нечувана добра. Людзей «набіваюцца» поўныя залы, як кажа лідэр гурта Філіп Чмыр.

4083389731_cc0d21d9bf2

«Пачатак туру быў паспяховы, — кажа Філіп. — Напрыклад, у Баранавічах быў выдатны поўны клуб, хоць мы там выступалі ўпершыню. Прыемна, што гэты клуб («Спякота») нічым не адрозніваецца ад стандартных еўрапейскіх клубаў. Ну, праўда, клуб у Еўропе наогул не тынкавалі б… Але ў цэлым нам вельмі спадабалася атмасфера: правільная арганізацыя, мінімальны дызайн, без пантоў і лішніх упрыгожанняў, танцпол, сцэна, бар і правільная класная публіка. Нам, дарэчы, вельмі падабаецца наша публіка, і кожны раз, гледзячы у залу на людзей, якія выглядаюць і думаюць па-еўрапейску, немагчыма зразумець, у якім горадзе ты граеш, у Берліне, у Маскве ці ў Баранавічах.

Беларускія канцэрты мы адыгралі пакуль толькі ў Гомелі і Баранавічах, але спадзяемся, што і далей паўсюль будзе такі ж добры прыём. Мы ўдзячныя кампаніі «Будзьма беларусамі!» за магчымасць правесці гэты вялікі беларускі тур і паказаць у абласцях нашу новую праграму. Drum Ecstasy даўно не гастралявалі па краіне, і нам вельмі прыемна, што, нягледзячы на двухгадовы перапынак, людзі прыходзяць на нашы канцэрты, збіраюцца поўныя залы і ўсім вельмі падабаецца музыка, якую мы робім.

Найбліжэйшыя канцэрты ў Беларусі — 11 чэрвеня ў Салігорску ў клубе Skyy-bar. Клуб знаходзіцца па адрасе: вул Казлова, 41.

Уваход: 10 000 бел.руб.

19 чэрвеня — канцэрт у брэсцкім Zio Peppe, далей — Віцебск, Наваполацк і Магілёў. Сачыце за афішай.

Новую праграму гурта пад назвай «Слухаць гучна» мінчукі ўжо маглі пачуць падчас Фестывалю іншай культуры, які днямі прайшоў у «Рэактары». Замежным прыхільнікам «беларускіх барабанераў» давядзецца дачакацца восені — менавіта тады гурт выправіцца ў тур па Расіі, а зімой наведае краіны Еўропы.

Турнэ ладзіцца ў межах кампаніі «Будзьма беларусамі!»

фота: www.single-photo.com

Тэгі: ,