8 фільмаў да Дня Святога Валянціна на беларускай мове

Зусім хутка ўвесь свет будзе адзначаць Дзень Закаханых. Для тых, хто вырашыў правесці 14 лютага дома, Budzma.org зрабіў падборку фільмаў у беларускай агучцы (ці з субцітрамі). І не мае значэння, адзначаеце вы гэтае свята са сваёй парай ці ў самоце, бо мы сабралі кінакарціны на розны густ: ад рамантычных меладрам да чорных камедый.



«Ла Ла Лэнд» (La La Land)

La la land

Жанр: меладрама, мюзікл

Рэжысёр: Дэм’ен Шазел

Год: 2016

Ці могуць два творчыя чалавекі ўжыцца разам? Што рабіць, калі кар’ера становіцца перашкодай у адносінах?

У падобнай сітуацыі аказваюцца героі мюзікла «Ла Ла Лэнд». Мія (Эма Стоўн) — маладая акторка, паралельна працуе афіцыянткай у кафэ ў Лос-Анджэлесе. Себасцьян (Раян Гослінг) — таленавіты музыка, які марыць адкрыць свой джазавы клуб. Яны абое захопленыя творчасцю, і гэта збліжае іх. Але неўзабаве поспех, які раптоўна напаткаў іх, пачынае перашкаджаць іх адносінам.

Назва «Ла Ла Лэнд» адначасова адносіцца да горада Лос-Анджэлес і да ідыёмы, якая азначае страту сувязі з рэальнасцю.

 
«Лобстэр» (The Lobster)

Łobster

Жанр: чорная камедыя, драма

Рэжысёр: Ёргас Ланцімас

Год: 2015

«Лобстэр» — сатырычны фільм вядомага рэжысёра Ёргаса Ланцімаса.

Галоўны герой — Дэвід жыве ва ўтапічным свеце, дзе кожны павінен мець пару. Адзінокіх людзей адпраўляюць у гатэль, дзе яны на працягу 45 дзён павінны завесці адносіны, каб не ператварыцца ў жывёл.

Дэвід трапляе якраз у такі гатэль і адчувае сябе відавочна лішнім на гэтым свяце жыцця. Бо ён нядаўна страціў жонку, і штодзённыя спатканні выклікаюць у яго хіба што нуду і агіду. Але раптоўна Дэвід сустракае таго, хто падзяляе ягоныя пачуцці.

«Вечнае ззянне чыстага розуму» (Eternal Sunshine of the Spotless Mind)

Viečnaje źziańnie čystaha rozumu

Жанр: меладрама, навуковая фантастыка

Рэжысёр: Мішэль Гандры

Год: 2004

Фільм — класіка пачатку 2000-х гадоў. Меланхалічны Джоэль выпадкова знаёміцца з яркай і эксцэнтрычнай Клеменцінай. Яны хутка закахаліся адно ў аднаго, але розніца ў тэмпераменце прыводзіць да канфліктаў і разрыву. Дзяўчына вырашае сцерці ўсе ўспаміны пра Джоэля з дапамогай новай тэхналогіі. Аднак Джоэль не гатовы змірыцца са стратай: ён вырашае змагацца за сваё каханне і спрабуе вярнуць памяць Клеменціне.

«Сумная валянцінка» (Blue Valentine)

Sumnaja valancinka

Жанр: драма

Рэжысёр: Дэрэк Сіенфрэнс

Год: 2010

Яшчэ адзін фільм пра каханне з Раянам Гослінгам у галоўнай ролі. Толькі ў адрозненне ад «Ла Ла Лэнду», героі пражылі разам доўгае сямейнае жыццё.

«Сумная валянцінка» — фільм-настальгія па страчанай рамантыцы і закаханасці. Гарачы раман перарастае ў сямейнае жыццё, поўнае праблем. Дын не рэалізаваў сябе ў кар’еры і працуе маляром. Сіндзі ж наадварот марыць дасягнуць поспеху ў медыцыне. Пара ўсё часцей сварыцца. Тады Дын вырашае запрасіць Сіндзі на выходныя ў гатэль: ён спадзяецца, што там яны адпачнуць і змогуць наладзіць адносіны.

Цікавы факт: фільм быў названы ў гонар альбома «Blue Valentine» (1978) знакамітага блюзмена Тома Уэйтса.

«Пусты Дом» (Bin-jip)

Pusty Dom

Жанр: драма

Рэжысёр: Кім Кі Дук

Год: 2004

Галоўны герой Тэ Сук — матацыкліст. Ён расклейвае рэкламныя брашуры на дзверы дамоў і кватэр, каб вызначыць, дзе няма гаспадароў. Затым ён залазіць у чужое жытло і жыве там, пакуль не вернуцца яго ўладальнікі. У знак падзякі ён робіць дробную працу па доме.

Але аднойчы Тэ Сук сустракае ў адным з такіх дамоў жанчыну — Сун Ван. Яе муж хатні тыран, а яна сама — ціхая і маўклівая, як і Тэ Сук. Паміж героямі завязваюцца рамантычныя адносіны.

Фільм вядомага Кім Кі Дука зняты фактычна без дыялогаў. І хоць героі амаль не гавораць адно з адным, рэжысёр з асаблівым майстэрствам перадае глыбіню пачуццяў паміж Тэ Сук і Сун Ван.

«Хачу зʼесці тваю падстраўнікавую» (Kimi no Suizou wo Tabetai)

Chaču zʼjeści tvaju padstraŭnikavuju

Жанр: анімэ, рамантыка, драма

Рэжысёр: Сіндзі Ісіхіра

Год: 2018

Гэта кранальнае японскае анімэ пра першую закаханасць і першыя страты. Галоўны герой, Хару, выпадкова знаходзіць дзённік сваёй аднакласніцы Сакуры і даведваецца, што дзяўчына сурʼёзна хворая: у яе рак падстраўнікавай залозы.

Хару і Сакура пачынаюць праводзіць больш часу разам. Хлопец спрабуе выканаць усе жаданні дзяўчыны, бо не зразумела, колькі яшчэ адведзена ёй пражыць.

«Дзяўчаты, дзяўчаты» (Tytöt tytöt tytöt)

Dziaŭčaty

Жанр: меладрама

Рэжысёр: Алі Хаапсала

Год: 2022

Фільм распавядае гісторыю сталення трох сябровак з Фінляндыі. Мімі — хуліганка, але за яе саркастычнасцю хаваецца ранімая і адчувальная душа. Яе лепшая сяброўка Ронка, з якой яны працуюць у кафэ, спрабуе знайсці сябе, у тым ліку ў адносінах з хлопцамі, але сутыкаецца з мноствам няўдач. А Эма — спартсменка, якая жыве па раскладзе, але ў душы марыць весяліцца і здзяйсняць варʼяцкія ўчынкі, як і яе аднагодкі.

«Дзяўчаты, дзяўчаты» — атмасферны і стылічна прадуманы да дробязяў фільм пра маладосць, закаханасць ды пошук сябе.

«Партрэт дзяўчыны ў агні» (Portrait de la jeune fille en feu)

Partret dziaŭčyny ŭ ahni

Жанр: гістарычная драма

Рэжысёр: Селін Сіяма

Год: 2019

Дзеянні фільма адбываюцца ў Францыі 1760-х. Мастачку Марыяну наймае багатая сямʼя, каб тая намалявала партрэт Элаізы — маладой дзяўчыны, якую рыхтуюць да вяселля.

Марыяна прыбывае на востраў, дзе жыве Элаіза, і высвятляецца, што будучая нявеста зусім не хоча замуж. Яна ўсяляк пярэчыць, у тым ліку не хоча пазіраваць для карціны, праз што папярэдняму мастаку давялося зʼехаць. Таму Марыяна павінна запомніць Элаізу і напісаць партрэт па памяці.

Дзяўчаты праводзяць шмат часу разам, і неўзабаве паміж імі зʼяўляюцца пачуцці.

Марта Радушкевіч, budzma.org