Беларуская альтэрнатыва Святому Валянціну: каханне ў традыцыйнай культуры нашых продкаў

У легендзе пра святога Валянціна ён спрыяе шлюбу закаханых. У беларускай традыцыйнай культуры таксама каханне звязана са шлюбам, які быў адзіным магчымым станоўчым вынікам адносінаў між хлопцам і дзяўчынай. Хто ж апекаваўся шлюбам? Як апісваецца флірт у беларускім фальклоры? Ці была магчымасць паправіць сітуацыю, калі каханне неўзаемнае?


3 2022-08-11-14 skansen Białystok_A.Leshkevich_051.jpg
Фота Алены Ляшкевіч


Каханне і шлюб

Пра святога Валянціна захавалася мноства легенд. Адна з іх прыпісвае яму ролю апекуна закаханых і спарадзіла сучаснае святкаванне з усімі яго камерцыйнымі атрыбутамі (валянцінкі, падарункі, рамантычныя спатканні). Згодна з гэтай легендай, Валянцін быў святаром у Рымскай імперыі часоў імператара Клаўдзія ІІ (кіраваў у 268–270 гг.). Імператар забараніў жаўнерам браць шлюб: нібыта жанатыя салдаты неахвотна ідуць на вайну. Валянцін таемна вянчаў закаханых, за што быў схоплены і пакараны смерцю.

Што ў гэтай легендзе праўда, а што выдумка, мы, бадай, ніколі не даведаемся. Існуе мноства версій жыція святога Валянціна, якія сыходзяцца ў адным: ён быў закатаваны за спавяданне хрысціянства. Кананізацыя святога адбылася ў 494 г., яшчэ да падзелу хрысціянскай царквы на каталіцкую і праваслаўную. Католікі адзначаюць Дзень святога Валянціна 14 лютага, а праваслаўныя — 12 жніўня. Аднак афіцыйна ні каталіцкі касцёл, ні праваслаўная царква не прызнаюць «рамантычную» версію жыція святога, дзе ён выступае ў ролі апекуна закаханых.

Як бы там ні было, у легендзе пра святога Валянціна варта звярнуць увагу на адну дэталь: ён спрыяе шлюбу закаханых. У беларускай традыцыйнай культуры таксама каханне звязана са шлюбам, які быў адзіным магчымым станоўчым вынікам адносінаў між хлопцам і дзяўчынай. Такі падыход можна праілюстраваць радкамі з песні:

Любілася, кахалася, не дазнала толку (адносіны не скончыліся шлюбам).

У іншай песні дзяўчына просіць хлопца не хадзіць да яе, бо не бачыць перспектыў стварэння сям’і праз іх рознае матэрыяльнае становішча:

Ты богач, я бедна, ты мяне не возьмеш.


Вянок 0367_2016-06-23-26 Bierahinia_Rakau_IMG_5270.JPG
Шлюбны вянок. Фота Алены Ляшкевіч


Флірт

Па сюжэце мноства лірычных песень дашлюбная страта вянка (сімвалізуе цнатлівасць) кепска сканчваецца для дзяўчыны, прыносіць ёй усялякія няшчасці. Адна з функцый такіх твораў — перасцярога для маладых дзяўчат. Напрыклад, у знакамітай песні «Ой, сівы конь бяжыць»:

— А падай, дзеўчына, на коня ручаньку!
Рукі не падала, тры словы сказала:
А каб жа я была, кахання не знала!
А тое кахання з вечара да рання.
Як сонейка ўзыдзе, каханне разыдзе.

На пачатку метафарычна апісваецца сцэна флірту, нібыта даволі нявіннага. Але калі ведаць, што ў беларускай традыцыйнай культуры конь можа выступаць як сімвалічны займеннік мужчынскага палавога органу, то дыялогі ў песнях граюць ужо іншымі, даволі жарснымі, фарбамі:

— Дзяўчына мая, напаі каня.
— Як буду твая, напаю каня — дзяўчына фактычна адказвае «Толькі пасля вяселля».


2 2022-08-11-14 skansen Białystok_A.Leshkevich_011.jpg
 Фота Алены Ляшкевіч


Прыварот

У беларускай традыцыйнай культуры існавалі розныя спосабы прываражыць чалавека супрацьлеглага полу, які падабаецца, але не звяртае ўвагі. Яны зваліся прыварот, прысушка. Для сучаснага чалавека некаторыя з іх выглядаюць даволі экзатычна:


Змясціць жывога кажана ў мурашнік, пачакаць, пакуль мурашы яго з’ядуць, потым знайсці сярод костачак тыя, якія нагадваюць па форме кручок і відэльчык. Незаўважна прыцягваючы да сябе кручком, можна прываражыць чалавека, а адпіхваючы відэльчыкам — адвадзіць навязлівага кавалера.

Паклікаць каханага альбо каханую па імені, уклаўшы галаву ў чэрава печы з адкрытым комінам.

Падмяшаць уласную менструальную кроў каханаму ў піццё альбо ў ежу.

Такім чынам нібыта можна нават звесці чужога мужа з сям’і (пра замужніх жанчын чамусьці такіх звестак мне не сустракалася). Але такое чараўніцтва ў народзе асуджаецца. Лічыцца, што праз некаторы час прыварожаны чалавек ачомаецца і ўсё роўна разлюбіць, а створаную з дапамогай прывароту сям’ю чакае няшчасце.

Але не будзем пра сумнае. Вобраз святога Валянціна невядомы ў беларускай традыцыйнай культуры. Хто ж дапамагаў закаханым?

Божая Маці

Свята Пакровы святой Багародзіцы праваслаўныя адзначаюць 14 кастрычніка. Існавала павер’е, што да гэтага дня павінны выпасці першы снег, хоць цяпер падчас змены клімату ў гэта і цяжка паверыць. Незамужнія дзяўчаты маліліся: Прасвятая Багародзіца, укрый маю галаву шлюбным пакровам, як ты ўкрываеш зямлю снегам. З 28 лістапада ў праваслаўных пачынаўся калядны пост, падчас якога царква забараняла гуляць вяселлі. А перыяд з 14 кастрычніка да 28 лістапада зваўся вялікая вясельніца і лічыўся спрыяльным для стварэння сям’і.

Сулука

З нешматлікіх захаваных фальклорных тэкстаў даследчыкі робяць выснову пра існаванне ў беларусаў дахрысціянскага боства шлюбу Сулукі. Напрыклад, радкі з вясельнай песні:


Сын Божы вянец дзержыць,
Святая Сулука салучаець
Салучы ж, Госпадзі, гэтых дзетак…

А на Віцебшчыне казалі: Божы дом вянец даець, а святэй Сулука сулучаець.

Сулуку ў якасці злучальніка маладых у некаторых тэкстах замяшчае святы Лука альбо святы Антоній.

Цярэшка

Падчас каляднай абрадавай гульні Жаніцьба Цярэшкі моладзь жартам злучалася ў пары, у якіх гуляла ўсю ноч. Часам пасля такога жартоўнага шлюбу ўтвараліся сапраўдныя сем’і: да Вялікага посту акурат працягвалася малая вясельніца — час, калі хрысціянская царква дазваляла вянчацца. Пра міфічнага персанажа Цярэшку, які даў назву гульні, вядома няшмат. Фалькларыстка Лія Салавей выказвала думку, што гэта дахрысціянскі вобраз продка-апекуна маладых сямейных пар.

Дзень святога Валянціна — свята моладзі?

У сучаснай беларускай масавай культуры Дзень закаханых з’явіўся ў 1990-я гады. Ён успрымаецца ў першую чаргу як свята пар, якія яшчэ не стварылі сям’ю, што даволі дзіўна, калі ўзгадаць легенду пра святога Валянціна. Мне здаецца, аднак, што паступова ў масавай свядомасці замацоўваецца абавязак мужа віншаваць у гэты дзень сваю жонку (па аналогіі з 8 Сакавіка).

Дзень святога Валянціна вельмі любяць падлеткі і моладзь. Прынамсі ў маім дзяцінстве ў канцы 1990-х — пачатку 2000-х у Магілёве было прынята таксама дарыць валянцінкі ўсім сяброўкам. Адпаведна сацыяльным апытанням беларусаў, працэнт людзей, якія святкуюць Дзень закаханых, скарачаецца з павелічэннем узросту рэспандэнтаў. Аднак, на маю думку, у масавай свядомасці ён прысутнічае: недзе ўжо ў сярэдзіне 2010-х у Мінску я пачала заўважаць, што людзі віншуюць адно аднаго з Днём святога Валянціна, як з Новым годам, незалежна ад полу і ўзросту.

Алена Ляшкевіч, budzma.org