Фолк-фэст “Камяніца” запрашае творчых людзей

12.08.2014 Музыка

6 верасня на тэрыторыі Музея народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам пра падтрымцы ААТ “Банк БелВЭБ” адбудзецца шосты па ліку фолк-фэст “Камяніца”. У гэтым годзе арганізатары плануюць пашырыць культурны напрамак мерапрыемства.

– За гэтыя гады мы адбудавалі якасную музычную праграму фэсту, забавы і рамёствы. Наша наступная мэта – пашырыць культурны напрамак “Камяніцы”. Таму мы запрашаем да ўдзелу фатографаў, дызайнераў і мастакоў, якія працуюць у рэчышчы нацыянальнай культуры. Запрашаем адукацыйныя праекты і проста творчых людзей, якія жадаюць паказаць сваю працу шырокай аўдыторыі, – распавядае каардынатар фестывалю Сяргей Чэгрынец. – Свае прапановы дасылайце да 25 жніўня на мэйл kamianica2003@gmail.com з апісаннем, прыкладамі і кантактамі.

Склад музыкаў арганізатары плануюць абвесціць у хуткім часе. У фэсце бяруць удзел лепшыя прадстаўнікі беларускай фолк-сцэны і замежныя госці. У мінулыя гады на “Камяніцу” прыязджалі “Даха Браха” (Украіна), Orkiestra Sw.Mikolaja (Польшча), “Іван Купала” (Расія), “Фолькнери” (Украіна) і шэраг іншых выканаўцаў.

 

 

Фестываль “Камяніца” адбываецца з 2009 года і мае дабрачынны характар. Усе сродкі ад квіткоў ідуць на рахункі Музея народнай архітэктуры і побыту у вёсцы Азярцо пад Мінскам (4 км за аўтарынак “Малінаўка”), дапамагаючы захоўваць самую вялікую ў Беларусі калекцыю аўтэнтычнай драўлянай архітэктуры XVIII-XX стагоддзяў.