«Карані» для беларусаў Варшавы, якія сумуюць па доме: фотавыстава Наталлі Дораш

У варшаўскім Цэнтры Беларускай салідарнасці 25 лістапада адкрылася выстава фотамастачкі Наталлі Дораш. Здымкі зроблены цягам 2010–2020 гг. у ваколіцах Гродна.


2021-11-25 Н Дораш_А Ляшкевіч_021.JPG

Наталля Дораш не змагла прыехаць на вернісаж. Невялікую экскурсію па выставе правяла куратарка, рэдактарка партала hrodna.life Ірына Новік.

Ірына Новік_2021-11-25 Н Дораш_А Ляшкевіч_004.JPG
Ірына Новік

«Цяпер аккурат час гаварыць пра карані, пра глыбокае. Пра тое, што калі гэтыя карані ёсць, калі мы іх не цураемся, памятаем, трымаемся, то кветкі ад гэтых каранёў узыдуць і будуць цвісці. Спрадвечная вёска ўсё парадзіла, усіх вырасціла, усё перажыла, засталася ці стала нейкай іншай. Беларусы — гэта не толькі тыя, хто ўсталі летась і выйшлі на вуліцы, а і тыя людзі, якія жылі спрадвеку на гэтай зямлі, трывалі розныя ўлады, перамагалі ў войнах. Яны, беларусы, ёсць даўно і не выскачылі раптам летась на плошчы як чорт з табакеркі», — кажа Ірына.

2021-11-25 Н Дораш_А Ляшкевіч_007.JPG

Куратарка падкрэсліла ролю лакальнага патрыятызму ў фармаванні і падтрыманні нацыянальнай свядомасці беларусаў на эміграцыі. Марк Шагал кожнага, хто прыязджаў у Парыж, пытаўся «Ці Вы не з Віцебска?» Сёння таксама беларусу за мяжой прыемна не проста сустрэць іншага беларуса, а чалавека са сваёй малой Радзімы. Таму здымкі Наталлі Дораш з-пад Гродна выклікаюць моцныя пачуцці ў гарадзенцаў. Але выхадцы з іншых частак Беларусі, гледзячы на яе творы, узгадваюць уласныя вёскі, кажуць, што гэтаксама было, напрыклад, на Віцебшчыне. "Я важу Гародню па свеце, як вандроўная артыстка, і паказваю ўсім гарадзенскі спектакль",— дзеліцца ўражаннямі Ірына Новік.

2021-11-25 Н Дораш_А Ляшкевіч_009.JPG

На здымках Наталлі Дораш — сучаснае вясковае жыццё, як яно ёсць, без прыхарошвання, людзі амаль не пазіруюць, займаюцца звыклымі справамі. «Вось бабуля, мабыць, ішла рэзаць траву, узяла серп. Панамка на ёй, падобна, прывезеная з Польшчы. Як яна ішла, так Наталля яе і сфатаграфавала, — каментуе здымак Ірына Новік. — І такія звычайныя гісторыі можна дадумаць амаль для кожнага фота на выставе».

2021-11-25 Н Дораш_А Ляшкевіч_019.JPG

«А вось жанчына-гераіня вязе мужчыну, пэўна, мужа. Мо ён стаміўся? Ці што яшчэ стала? І мы разумеем гэту сітуацыю...» — працягвае Ірына.

2021-11-25 Н Дораш_А Ляшкевіч_011.JPG

«А пра гэты здымак мне Наталля рассказала рэальную гісторыю. Гаспадыня каточка памерла, яго забралі жыць у іншае месца, але ён усё адно прыходзіў у сваю старую хату. Такі дух гэтага дома», — гучыць расповед пра чарговы твор.

2021-11-25 Н Дораш_А Ляшкевіч_029.JPG

Акрамя пазнавальных побытавых сюжэтаў, на здымках Наталлі Дораш можна заўважыць этнаграфічныя дэталі, рэчы, аздобу хат, архітэктурныя дэталі, якія паступова знікаюць з сучаснага вясковага жыцця.

2021-11-25 Н Дораш_А Ляшкевіч_014.JPG

2021-11-25 Н Дораш_А Ляшкевіч_015.JPG

Наведвальнікі-палякі кажуць, што беларускія жывёлы на здымках Наталлі Дораш выглядаюць не так, як у Польшчы.

2021-11-25 Н Дораш_А Ляшкевіч_023.JPG

Вёска для Ірыны Новік — захавальніца беларускасці: «У савецкі час гараджане, напрыклад, дзеці вайскоўцаў, маглі напісаць заяву і не вучыць беларускую мову ў школе. А ў вяскоўцаў не было магчымасці не быць беларусамі. Іх спрадвечная песня — поле, грады, коні, каровы. Хочаш — не хочаш, а ты ўсё роўна беларус, жывеш у гэтым асяроддзі, прымаеш яго і неяк перажываеш».

2021-11-25 Н Дораш_А Ляшкевіч_033.JPG

Ірына Новік прывезла фотавыставу «Карані» ў Варшаву з Вільні. У польскай сталіцы творы Наталлі Дораш будуць экспанавацца да 10 снежня. Іх можна пабачыць у Цэнтры беларускай салідарнасці (вул. Oleandrów, 6) па будніх днях з 10 да 18 гадзін. Потым плануецца выстава ў Беластоку. Ірына таксама атрымала запрашэнне паказаць фотаздымкі ў Італіі.

Алена Ляшкевіч, budzma.org