У новым выпуску на сваім канале Андрэй Хадановіч гаворыць пра кнігу ангельскай пісьменніцы Мэры Шэлі «Франкенштайн, або Сучасны Праметэй». Раман, напісаны на пачатку ХІХ стагоддзя, дагэтуль натхняе творцаў па ўсім свеце, якія экранізавалі сюжэт пра штучнага чалавека больш за 170 разоў.
Як звязаныя Дзень Франкенштайна і Ноч расстраляных паэтаў у Беларусі? Што натхніла аўтарку ў 18 год на напісанне «Франкенштайна» і да чаго тут Джордж Байран? Як прасунутыя бацькі Мэры Шэлі паўплывалі на яе адукацыю? Чаму Мэры Шэлі выдала раман ананімна? У чым агульная праблематыка твораў Мэры Шэлі і Сэмюэля Тэйлара Колрыджа? «Стварэнне — Франкенштайн» і «Чалавек — Бог» — ці ёсць паралелі ўзаемаадносінаў у творы? Гуінплен і Франкенштайн: чаму грамадства не гатовае прыняць чалавека, які адрозніваецца? Якія фільмы пра Франкенштайна варта паглядзець? «Франкенштайн» па-беларуску: ад папяровага варыянту да аўдыёверсіі кнігі на «Кніжным возе». Адказы на гэтыя і іншыя пытанні ў новым выпуску размоваў пра беларускую і сусветную літаратуру ад Андрэя Хадановіча.