Публічныя гадзіннікі, пра якія сёння раскажам, ужо больш за стагоддзе рэгулююць рытмы жыцця гарадоў ды мястэчак краю. Кожны з іх мае доўгую і цікавую гісторыю. Некаторыя — неаднаразова рэстаўраваліся, іншыя — амаль цалкам складаюцца з аўтэнтычных дэталяў. Такім чынам сёння наведаем Будслаў, дзе на вежы касцёла ажно з ХVIII стагоддзя захаваўся амаль цалкам у першасным выглядзе публічны хранаметр. Ішчалну, дзе пры касцёле захаваўся адзіны ў Беларусі такога кшталту сонечны гадзіннік, а таксама Пінск, Гродна і Гомель, дзе таксама ёсць свае старадаўнія вымяральнікі часу.
Гарадскі гадзіннік у Пінску. Фота: p-v.by
Будслаў, касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Будынак храма Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе захаваўся з XVII–XVIII стагоддзяў. Базіліка, якую мы можам пабачыць сёння, была ўзведзена ў 1783 годзе ў стылі барока пад патрэбы айцоў-бернардынаў, якія атрымалі мясцовыя землі ў 1504 годзе ад князя Аляксандра.
Будслаўскі гадзіннік. Фота: sputnik.by
На правай вежы касцёла можам убачыць гадзіннік, які быў выраблены, верагодна, яшчэ ў XVIII стагоддзі. Як мяркуюць спецыялісты, яго маглі зрабіць альбо нямецкія, альбо польскія майстры.
Унікальнасць дадзенага хранаметра ў тым, што гэта адзіны вежавы гадзіннік у Беларусі, які на 95 адсоткаў складаецца з арыгінальных дэталяў.
Стрэлкі і рымскія лічбы на цыферблаце пасля апошняй рэстаўрацыі майстры таксама пакінулі арыгінальныя. Рэстаўрацыя гадзінніка адбывалася на працягу двух гадоў, дагэтуль хранаметр не працаваў недзе паўстагоддзя. Рамантавалі ўнікальны вымяральнік часу прафесійныя гадзіннікавыя майстры Аляксандр Петракоў, Аляксандр Лагуновіч-Чарапко і Аляксандр Лабус. Рэстаўратары далі рады дамагчыся прыстойнай дакладнасці старажытнага механізма, і ён цяпер спраўна адлічвае час, як і 200 гадоў таму.
Механізм будслаўскага гадзінніка. Фота: realt.onliner.by
Механізм будслаўскага гадзінніка
Механізм гадзінніка, дзеля дакладнасці вымярэння часу, неабходна заводзіць раз на два дні. Для гэтага трэба ўзняцца на самы верх вежы па вузкай пакручатай лесвіцы на вышыню эквівалентную 18 паверхам. Гэтую пачэсную місію, як правіла, выконвае пробашч Будслаўскага касцёла. Дзеля таго, каб завесці механізм, неабходна з дапамогай рычага ўзняць тры сярэдніх памераў камяні на тросах, якія звісаюць з-пад самай вежы касцёла. Гэта частка гадзіннікавага механізму. Каб узняць гэтыя каменныя «гіры», трэба пакруціць цяжкую ручку: тройчы па 196 абаротаў і трохі яшчэ. Яны пасля паступова апускаюцца і такім чынам рухаюць старадаўні механізм. Пагрэшнасць на некалькі хвілінаў, што патрэбныя дзеля заводу гадзінніка, таксама ўлічана ў механізме, і ад заводу да заводу гадзіннік паспявае «дагнаць» гэтую розніцу. Як б’юць гадзіннікавыя званы, можна пачуць у Будславе кожную гадзіну.
Механізм будслаўскага гадзінніка. Фота: realt.onliner.by
Выгляд з вежы касцёла ў Будславе
Ішчална, касцёл Найсвяцейшай Тройцы
Далей рушым у Шчучынскі раён Гродзенскай вобласці, у вёску Ішчална да касцёла Найсвяцейшай Тройцы, узведзенага ў стылі барока ў 1755-1758 гадах. З паўднёвага боку бажніцы, на прыкасцёльнай тэрыторыі захаваўся ўнікальны для Беларусі сонечны гадзіннік. На дадзены момант такога кшталту вымяральнік часу ў краіне захаваўся толькі адзін.
Сонечны гадзіннік у Ішчалне. Фота: minsknews.by
Гадзіннік побач з касцёлам у Ішчалне быў усталяваны майстрам Язэпам Малецкім з Вільні на пачатку XIX стагоддзя. Выглядае ён як круглы каменны пастамент вышынёй каля метра. У цэнтры прымацавана медная пласціна, на ёй — трохкутная алавяная стрэлка, напалову зламаная. Верхні кут накіраваны на Палярную зорку. У сонечнае надвор’е цень ад стрэлкі падае на цыферблат, размешчаны гарызантальна, і паказвае час. Вядома, што дакладнасць такога гадзінніка дастаткова прыблізная, але дзякуючы гэтаму можна яскрава ўявіць, як людзі вымяралі час да ўзнікнення механічных, больш дакладных хранаметраў.
Сонечны гадзіннік у Ішчалне. Фота: planetabelarus.by
Гомель, палац Румянцавых-Паскевічаў
Каб пабачыць наступны гадзіннік, скіруемся ў Гомель у гарадскі парк да палаца Румянцавых-Паскевічаў, узведзенага на мяжы ХVIII-ХІХ стагоддзяў польскім архітэктарам Адамам Іздкоўскім у стылі позняга класіцызму. Калі на палацы з’явіўся першы публічны гадзіннік дакладна невядома. Але адбылося гэта, паводле меркавання гісторыкаў, раней за 1863 год. Як выглядала вежа палаца і гадзіннік на ёй, можам пабачыць на малюнку Напалеона Орды 1878 года.
Малюнак Напалеона Орды 1878 года
Падчас Другой сусветнай вайны вежа з гадзіннікам, як і ўвесь палац, моцна пацярпелі. За аднаўленне гадзінніка спецыялісты ўзяліся толькі напрыканцы 1960-х, паводле эскізаў арганізацыі «Моспраект». Агучылі той хранаметр кампазіцыяй «Люблю наш край, старонку гэту» на словы Канстанцыі Буйло і музыку Міколы Равенскага. У 2000-х гадах, калі паўстала неабходнасць чарговага абнаўлення гадзінніка, было прынята рашэнне вярнуцца да дызайну цыферблатаў, максімальна падобнага на дарэвалюцыйны. Менавіта яго зараз могуць пабачыць наведвальнікі палацава-паркавага ансамбля ў Гомелі. Стары механізм тады замянілі на электронны, меншы па памерах. Гукавы сігнал падаецца кожныя 15 хвілін. А кожную гадзіну гучыць песня, на жаль, ужо зусім не беларуская.
Гадзіннік на палацы Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі
Пінск, будынак колішняга езуіцкага калегіюма
Каб пабачыць яшчэ адзін старадаўні публічны гадзіннік, варта скіравацца ў Пінск да мясцовага музея, які размясціўся ў колішнім калегіюме езуітаў, пабудаваным пад патрэбы ордэна ў 1675 годзе. Будынак мае вельмі незвычайны знешні выгляд, бо быў узведзены на стыку архітэктурных стыляў рэнесансу і барока, дакладней у часы трансфармацыі аднаго стылю ў іншы, таму калегіюм спалучыў у сабе геаметрычнасць, сіметрыю, правільныя прапорцыі, уласцівыя для рэнесансу, і выкшталцоныя, ненатуральныя барочныя формы. Акурат на фасадзе былой навучальнай установы езуітаў можна пабачыць гадзіннік, зроблены ў 1913 годзе.
Пінскі гадзіннік. Фота: budzma.org
Спачатку гадзіннік быў усталяваны на фасадзе аднаго з мясцовых банкаў, а потым заняў месца на будынку калегіюма. Першапачаткова хранаметр меў тры званы, якія адбівалі чвэрць, палову і па гадзіне. За савецкім часам гадзіннік граў мелодыю песні «Где же вы теперь, друзья однополчане». Пасля працяглай рэканструкцыі калегіюма ў 80-х гадах механізм гадзінніка папсаваўся і амаль цалкам, за выключэннем некаторых дэталяў быў страчаны.
Механізм пінскага гадзінніка. Фота: p-v.by
Механізм пінскага гадзінніка. Фота: p-v.by
Механізм і цыферблаты пінскага хранаметра былі адрэстаўраваны 10 гадоў таму. Сёлета кіраўніцтвам горада было прынята рашэнне «агучыць» галоўны пінскі гадзіннік наноў. Адносна мелодыі, якая будзе гучаць з галоўнага вымяральніка часу ў горадзе адбываліся публічныя дыскусіі, дзе было прапанавана шмат варыянтаў, сярод якіх перавага аддавалася гімну Пінска.
Фота: p-v.by
Гродна, лютэранская кірха Святога Яна
Гадзіннік, які знаходзіўся на будынку лютэранскай кірхі ў Гродне, — равеснік Пінскага, сёлета яму споўнілася 111 год. Хранаметр быў усталяваны на лютэранскай бажніцы падчас апошняй перабудовы храма, якая адбылася ў 1913 годзе. Сам жа будынак кірхі больш старажытны. Першапачаткова ён быў узведзены напрыканцы ХVIII стагоддзя, а першым публічным гадзіннікам на вежы абзавёўся ў 1873 годзе, але той не ацалеў да нашых дзён.
Вежа гродзенскай кірхі, дзе быў усталяваны гадзіннік. Фота: static.dw.com
Цыферблаты гадзінніка гродзенскай кірхі моцна пацярпелі падчас Другой сусветнай вайны, у той жа час спыніўся і сам механізм. Рэстаўрацыяй хранаметра займаўся легендарны магілёўскі майстар Генадзь Галоўчык. Ён зрабіў копіі чатырох цыферблатаў, якія планавалася ўсталяваць у нішах на вежы кірхі з чатырох бакоў.
Адноўлены цыферблат гадзінніка з гродзенскай кірхі. Фота: sputnik.by
Механізм гадзінніка з кірхі. Фота: sputnik.by
На другім этапе рэстаўрацыі майстар займаўся механізмам гадзінніка. Дэталі для рамонту ён замаўляў у Нямеччыне, у той самай фірме, дзе першапачаткова быў сабраны дадзены гадзіннік на пачатку ХХ стагоддзя. Але большую частку дэталяў майстар аднаўляў самастойна. Пасля рэстаўрацыі атрымалася захаваць ажно 70% арыгінальных дэталяў хранаметра. Гадзіннік меліся ўсталяваць на вежу яшчэ ў 2020 годзе, пасля ў 2021. Але гэтага так і не адбылося, а сам гадзіннікавы майстар Генадзь Галоўчык быў вымушаны з’ехаць з краіны. Адноўлены механізм гадзінніка да сёння выстаўляецца леваруч ад алтара ў гродзенскай кірсе і не выкарыстоўваецца па прызначэнні.
Механізм гадзінніка з кірхі
Язэп Вараніцкі, Budzma.org