Анлайн-каталог карцін рэпрэсаваных мастакоў стварылі ў «Доме творцаў». Вось ужо больш як год гэты праект Сержука Доўгушава падтрымлівае беларускіх аўтараў. Для іх у «Доме» рабілі рэзідэнцыі і ладзілі паспяховыя выставы. Чарговым крокам наперад стала галерэя, якая не толькі пазнаёміць з творчасцю беларускіх аўтараў, а і дасць магчымасць замовіць іх работы. Дастаўку абяцаюць па ўсім свеце.
Пра стварэнне ўнікальнага онлайн-каталогу мы паразмаўлялі з куратаркай «Дома творцаў» Вольгай Шніп.
Вольга Шніп. Фота з асабістага архіхву
«Гэта першая кропка для мастакоў Дома Творцаў, якая можа ўзрасці да нечага большага — а гэта ўжо ў планах», — распавядае Воля пра галерэю, якая аб’яднала 15 мастакоў. Сярод іх Антось Радзівонаў, Тася Валошка, Міхась Чыбоўскі, Віктар Сяргей, Вольга Шніп. І ўсё ж большасць работ у галерэі — ананімныя.
«Не ўсе могуць падпісвацца сваімі сапраўднымі імёнамі па зразумелым нам усім прычынам. І гэта вельмі балюча. Але збіраючы творы ў каталог мы такім чынам зможам захоўваць творы і даць розным людзям магчымасць пазнаёміцца з гэтымі работамі. Хай нават пакуль без імён», — адзначае Вольга.
Зрэшты, на сітуацыю можна паглядзець і з іншай перспектывы:
«Затое як цікава будзе потым дазнацца ў будучыні, што ты калісьці набыў карціну вось такога беларускага мастака!»
S-T. Палатно, акрыл. 2023 год
«Над каталогам асабіста працую я. Але мне на радасць з’явілася адна вельмі таленавітая мастачка Даша, якая дапамагае. Ёй прывітанне», — працягвае свой аповед Вольга.
«У нашай галерэі — працы мастакоў, якія прайшлі тым, ці іншым шляхам праз Дом Творцаў, яго розныя праекты, рэзідэнцыі, выставы. Таму мы ўсіх называем з любоўю „нашымі“ мастакамі. Але ёсць і аўтары, якія пішуць нам у асабістыя з просьбай аб размяшчэнні іх прац у каталогу. І мы адкрытыя да зваротнай сувязі і заўсёды ідзём насустрач. Бо наша мэта — пазнаёміць свет з разнастайнасцю стыляў, тэхнік і жанраў беларускага мастацтва».
У галерэі — самыя розныя работы. Пераважна гэта жывапісныя палотны, кошт якіх стартуе ад 100 долараў. Самая дарагая праца — 1500.
Міхась Чыбоўскі. Палатно, акрыл. 2023 год
— Воля, а што цябе кранае ў гэтым праекце?
— Тое, што нягледзячы на ўсякія цяжкасці, з якімі мы сутыкаемся, з нашым бясконцым альтруізмам дзеля папулярызацыі беларускага мастацтва мы не спыняемся. А нашыя мастакі ўражваюць сваімі працамі, сваімі думкамі, ідэямі і сваім асабістым светам.
— Ёсць любімыя карціны ў каталогу?
— Мне шмат твораў падабаецца. Я люблю рознае мастацтва. І, дарэчы, сам дом творцаў я ўпрыгожваю карцінамі нашых мастакоў. І для кожнай працы знаходзіцца сваё месца. Але сцен не так шмат, таму я перыядычна змяняю нашую стацыянарную галерэю, каб астатнім карцінам не крыўдна было.
Антось Радзівонавў. Палатно, алей. 2023 год
Любую працу з анлайн-каталогу можна замовіць з дастаўкай па ўсім свеце. Вольга кажа, што галерэя будзе абавязкова папаўняцца новымі работамі, бо нават цяпер гэта далёка не ўсе карціны і не ўсе мастакі, якія прайшлі праз праект.
— Хутка будуць новыя працы. І каталог створаны такім чынам, каб мы маглі яго заўсёды абнаўляць. Таму сачыце за нашымі навінамі.
Мастацтва, на мой погляд — гэта найлепшы падарунак. А набываючы мастацкі твор, вы сапраўды дапамагаеце ў развіцці адной з галін нашай культуры.
Паліна Часноўская, budzma.org