Сіла (і слабасьць?) беларусаў

Беларусь часьцяком называюць фэномэнам. Маўляў, стагодзьдзямі нашыя ворагі зьнішчалі нас, рабілі ўсё, каб і ценю нашага не засталося. А мы ўсё адно ня зьніклі, маем якую-ніякую дзяржаву, захавалі сваю мову і адметнасьць. Дый нават сёньня, калі ўжо дзяржава пад назваю «Беларусь» душыць усё беларускае, усялякае іншадумства, мы, нацыянальна сьведамыя беларусы, усё адно прарастаем цераз асфальт, у які, здавалася б, нас усіх даўным-даўно закаталі. У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік тлумачыць сакрэт гэтага фэномэну, а таксама распавядае пра яго моцныя і адначасова слабыя бакі.

Напярэдадні размаўляў са сваёй сяброўкай. Сярод іншага, яна мяне спытала, што я думаю пра ўсю гэтую гісторыю з «BYSOL»-ам. Якраз у навінах зьявілася інфармацыя пра рашэнне ўнутранай камісіі, якая пастанавіла пакінуць заснавальніка «Байсолу» Андрэя Стрыжака ў складзе фонду, хай і не на кіроўных пазыцыях. Ну і да таго ж яшчэ ня згасьлі эмоцыі ў сацсетках вакол пастановы «BYSOL» выплаціць палітвязьням толькі частку сумы, якую для іх былі зьбіралі людзі. Затым, штопраўда, пасьля масавага абурэньня ў тым ліку тых, хто ўласна і данаціў на гэты збор, фонд зьмяніў сваю пазыцыю і паабяцаў выплаціць усю суму.

Карацей, скандал на скандале. А таму мой адказ сяброўцы быў пэсымістычны: фонду — капец. Зрэшты, гэтак я думаў яшчэ два месяцы таму, калі гэты скандал наагул толькі быў усчаўся. Ну а сёньня зранку да ўсяго ж зьявілася інфармацыя пра тое, што напярэдадні «BYSOL» выключылі зь Міжнароднага гуманітарнага фонду.

Між тым мой пэсымізм грунтаваўся не выключна на канкрэтнай скандальнай гісторыі аднае арганізацыі, а на куды шырэйшай зьяве, якую, упэўнены, многія назіралі дзесяцігодзьдзямі і пра якую я вам і хачу распавесьці сёньня. Распавесьці, каб... знайсьці ўсё-ткі нейкае пазытыўнае выйсьце.

Vykinutyja ź Bielarusi palitviaźni i Śviatlana Cichanoŭskaja lia ambasady ZŠA ŭ Viĺni
Выкінутыя зь Беларусі палітвязьні і Сьвятлана Ціханоўская ля амбасады ЗША ў Вільні, 11 верасьня 2025 г. Фота: RFE.RL

Памятаю, як яшчэ з далёкага 1997 году, калі я толькі быў далучыўся да ўсяго нашага нацыянальна-дэмакратычнага беларускага варушняку, увесь гэты час назіраў адну агульную асаблівасьць нашых арганізацыяў, супольнасьцяў і ініцыятываў: яны ўсе былі максымальна пэрсаналізаваныя. То бок «адзін чалавек — адна арганізацыя»: зьяўляецца нейкі чарговы ініцыятыўны актывіст альбо актывістка — і пачынае ўсё цягнуць на сабе. Вядома ж, далучаюцца да арганізацыйных справаў і іншыя, але ня ўлазяць у справу напоўніцу, з галавою — і, у выніку, усё адно ўсю справу цягне фактычна адна апантаная асоба!

Ну і квінтэсэнцыяй гэтае зьявы заўжды з гонарам прыводзіўся адзін і тойсама прыклад: маўляў, ды вось у нас калі ў вёсцы ёсьць які апантаны мясцовы краязнаўца — усё, жыве вёска беларускім жыцьцём, там нашыя людзі!

І, у нейкім сэнсе, гэта і было тлумачэньнем усяго нашага змагарскага фэномэну, калі хочаце — цуду. Вось душаць улады змагароў, душаць — і нічога зрабіць ня могуць: дастаткова аднаго апантанага дзеяча — і ўвесь варушняк адразу ж ажывае!

Цуд — ён жа заўжды нелягічны і іррацыянальны, праўда? Гэтаксама і ўвесь наш варушняк, паводле маіх уласных назіраньняў, увесь час і трымаўся найперш на самаахвярнасьці самаадданых і апантаных самотнікаў. Замест таго, каб папросту спакойна жыць, уладкоўваць свой побыт і побыт сваіх блізкіх, усе свае жыцьцёвыя рэсурсы прысьвячаць высокай ідэі — гэта іррацыянальна. Цуд, адным словам.

Valiera Rusielik
Валера Руселік. Фота з архіву аўтара

Між тым, як вядома, ува ўсялякага мэдаля ёсьць два бакі. У нашага, беларускага — таксама. Уся гэтая апантанасьць і адзінаасобнасьць нашага беларускага руху — гэта ня толькі нашая моц, але і нашая... слабасьць. Ну вазьмі ты прыбяры таго краязнаўцу — і ўсё, патанула ягоная вёска ў змрочным самазабыцьці. Выключы зь дзейнасьці таго ці гэнага актывіста, які ўсё на сабе цягнуў — і ўсё, няма арганізацыяў, няма аніякае дзейнасьці. Ну альбо вось аступіўся адзін чалавек, зьдзейсьніў дрэнны ўчынак — пад удар, лічы, аўтаматычна, ставіцца ўся арганізацыя. Нейкі ня надта ўстойлівы наш фэномэн і цуд атрымліваецца, праўда?

Памятаеце, як пасьля 2020-га многія паўтаралі: маўляў, вось рэжым прэвэнтыўна пасадзіў тых, хто мог ачоліць вулічны пратэст і павесьці за сабою абураных людзей — і ўсё, таму рэвалюцыя і прайграла. То бок для таго, каб абурэньне мільёнаў сышло на нуль, дастаткова было пасадзіць жменьку-другую канкрэтных людзей.

І тут два моманты, каторыя таксама варта праартыкуляваць.

Па-першае, я аніякім чынам не хачу абясцэньваць працу многіх і многіх, хай і ня гэткую заўважную, як іх публічнага прадстаўніка, але ня менш, а часьцяком і больш важную. Калі гаворка не пра адзінаасобную дзейнасьць, а менавіта пра супольную, дзе адзінай мэтай задзіночаная пэўная колькасьць людзей — усе посьпехі іх дзейнасьці зьяўляюцца іх агульным дасягненьнем. Гэта факт. Тут нэгатыўная зьява палягае на тым, што публічная ўвага засяроджваецца на адным-адзіным прадстаўніку гэтае супольнасьці і ўся супольнасьць застаецца ў ягоным ценю — і са стараны выглядае, што ну вось жа чалавек адзіны ўсё цягне! Ну а хто, калі ня ён?

Дарэчы, знаёмы выраз, так? Гэта як раз другі момант, які таксама варта падкрэсьліць.

Адзінаасобнасьць, завязанасьць усяго на адным чалавеку — гэтая зьява характэрная ня толькі нашаму, змагарскаму, асяродку. Ну а што, у лукашыстаў неяк інакш? Ну выкінь ты з гэтае махіны Лукашэнку — і ўсё таксама разваліцца. Вось і трымаюцца яны за свайго «бацьку» сінімі пальцамі й пералякана паўтараюць: дык а хто, калі ня ён?!

Pratesty 2020
Сотні тысяч людзей у цэнтры Менску, 16 жніўня 2020 г. Хто задзіночыў ўсіх гэтых людзей? Дзе цяпер гэты Беларускі Акіян? Фота Reuters

Ня ведаю, магчыма, гэта сапраўды нейкая нашая агульная нацыянальная рыса — вось гэтая адзінаасобнасьць. Ну нездарма ж, урэшце, кажуць, што мы, беларусы, найбольш пасьпяховыя ў індывідуальных відах спорту. Там, дзе трэба дзейнічаць камандай: футбол, валейбол, хакей, што там яшчэ — зорак зь неба мы за рэдкім выняткам асабліва й не хапаем. А вось, скажам, у тайскім боксе, дужаньні альбо цяжкай атлетыцы, наадварот, пачуваемся ўпэўнена.

Магчыма. Ну але што ж тады нам, зацятым індывідуалістам, рабіць? Як гэтую нашую асаблівасьць апгрэйдзіць, каб моцны бок мэдалю застаўся, а слабы — зьнік? Думаю, адказ хаваецца ў «прынцыпе акіяну» (толькі што прыдумаў). Вось ён магутны, неабдымны, непераможны — і складаецца ж з паасобных кропляў, праўда?

Усялякае «мы» (а сіла нашая — у адзінстве, памятайма) пачынаецца з асэнсаваньня ўласнага «я». І вось толькі тады зьяўляецца шанец, што ўсе гэтыя асэнсаваныя «я» зьліюцца разам у адзіны беларускі акіян «мы».

Ну а што трэба для асэнсаваньня гэтага (у кожнага свайго) «я»? Спытаеце вы, і я вам адкажу. Трэба ўзяць адказнасьць за свае словы, свае ўчынкі і, урэшце, свой лёс — у свае рукі. Не перакладваць на іншага: маўляў, вось ты наш лідар — давай, цягні! Мы цябе вылучылі, прагаласавалі за цябе — давай-давай, далей ужо ты як-небудзь сам, гэта твой абавязак, а мы пасядзім на канапе й пачакаем.

Уявеце сабе дом, у якім усе сьцены — апорныя. Разбуры якую-заўгодна зь іх — і дом будзе працягваць стаяць. Гэтак і наш супольны Беларускі Дом будзе стаяць вечна, калі будзе абапірацца на кожнага і кожную з нас без вынятку.

Валера Руселік, Budzma.org