Кніжная графіка — мастацтва нягучнае, не займае столькі месца, як манументальны роспіс ці скульптура, і здавалася б, уплыў яе таксама невялікі... Аднак гэта не так, таму што ілюстрацыя стварае вобраз кнігі, яе настрой, узмацняе сэнсы, падсвечвае нюансы — і менавіта таму заваёўвае сэрцы чытачоў.
Працоўнае месца мастачкі Ліліі Бусаравай таксама не займае шмат месца, але творы яе разлятаюцца па ўсім свеце — у форме графічных аркушаў ці ўтульна ўладкаваўшыся ўнутры кніг. Сям’я здымае другі паверх дома ў Бельску-Бялым, у куточку аднаго з пакояў мастачка ўладкавала сваю мабільную майстэрню. Графіку стварае за сталом, а карціны акрылам піша проста на падлозе. Цесна, часам няўтульна, аднак вобразны свет аўтаркі насуперак усяму — інтрыгоўны, нястрымны і відавочна — экспансіўны.
Лілія Бусарава каля працоўнага стала. Фота: Лада Таўкачова
Лілія Бусарава нарадзілася ў горадзе Акцябрск Самарскай вобласці. Ва ўзросце трох гадоў пераехала з бацькамі ў Мінск, тут скончыла факультэт народнай культуры Мінскага педуніверсітэта. Размову мы пачалі з перыпетый біяграфіі і культурнага самавызначэння.
— Вы нарадзіліся ў Расіі, у тры гады з бацькамі пераехалі ў Беларусь. Цяпер у вас цудоўная беларуская мова і відавочнае захапленне народнай культурай. Дзе вашы карані?
— Ніякіх беларускіх каранёў у нас няма, ні ў мяне, ні ў мужа: муж з Украіны, а мая сям’я з Расіі. У Беларусі працаваў брат майго бацькі, мы прыехалі да яго ў госці, бацькам так тут спадабалася, што вырашылі пераехаць.
У школе беларускую мову і літаратуру ў нас выкладала неверагодна прыгожая і стылёвая жанчына, якая і па-за ўрокамі размаўляла выключна па-беларуску. Мы вельмі ганарыліся, што яна нас вучыць.
Беларуская мова мне спадабалася, я лёгка яе прыняла, радавалася, што вольна магу на ёй размаўляць. Нават думкі часам прыходзілі па-беларуску, а калі іх перакладала на рускую, яны гублялі сэнс і гучалі па-іншаму.
Калі вучылася ва ўніверсітэце, мы праходзілі курс традыцыйнай культуры, і так захапіліся, што час ад часу студэнты пераходзілі на беларускую мову. Муж у сям’і заўсёды размаўляў па-ўкраінску, так што сям’я наша шматмоўная.
Лілія Бусарава. Фота: Лада Таўкачова
— Вы вучыліся на факультэце народнай культуры. Як так атрымалася, што сталі займацца графікай?
— Калі я паступала, на факультэце была спецыялізацыя «кераміка». Я была фанатам керамікі і ўсе пяць гадоў не вылазіла з майстэрні. І потым займалася керамікай як магла і дзе магла. Кераміка скончылася, калі мы пераехалі ў Польшчу.
Першыя графічныя малюнкі я рабіла для газеты «Навінкі»: муж пісаў тэксты, а я малявала. А потым сяброўка скінула інфармацыю, што выдавецтва «Белфакс» шукае мастака-ілюстратара. Я спачатку адмаўлялася, але ў выніку вырашыла паспрабаваць і намалявала ілюстрацыі для пяці дзіцячых кніжак. Тады не надта ведала пра адметнасці працы ілюстратара, законы кніжнай кампазіцыі і іншыя тонкасці. Малявала, як уяўляла.
Пасля «Белфакса» праілюстравала кнігу на вершы знаёмай, якая жыла ў Галандыі. Ідэя кнігі ў тым, што вершы з рускай перакладалі на галандскую менавіта дзеці, якія валодаюць дзвюма мовамі: і галандскай, і рускай. Зараз гэта кніга знаходзіцца ў Брытанскай нацыянальнай бібліятэцы.
"Бельскія замалёўкі" Ліліі Бусаравай
Прайшло шмат часу, пакуль аднойчы да мяне не звярнулася яшчэ адна дзяўчына з прапановай намаляваць ілюстрацыі да яе вершаў. На той момант у мяне быў планшэт, і я захацела зрабіць ілюстрацыі ў лічбавым фармаце. Але калі заўсёды малюеш рукой, складана перабудаваць мозг. Пасля трэцяга малюнка я зайшла ў тупік. І мяне не задавальняла тое, як я малявала раней, хацелася іншага ўзроўню. Бо ілюстрацыі — гэта не проста малюнкі, іх трэба ўбудаваць у кнігу. І я звярнулася па дапамогу да ілюстратаркі Каці Дубовік. Яна была маім і кансультантам, і настаўніцай на працягу сямі месяцаў, пакуль мы стваралі гэтую кніжку.
А цяпер я ўсё раблю сама — малюю, сканую малюнкі, рыхтую іх да друку, стаўлю тэкст. Але часам, калі кніга ідзе ў друк, тэкст перасоўваюць, а малюнкі выразаюць, усё гэта мне вельмі не падабаецца, бо бывае сорамна за канчатковы вынік. Кнігу ж успрымаюць як твой твор. Таму калі рабіла апошнюю кнігу, прасіла нічога не мяняць, хіба толькі шрыфт, каб ён пасаваў пад патрэбы выдавецтва.
— Як адбываецца праца над кнігай, з чаго вы пачынаеце — з персанажа, каларыту, асяроддзя? Натуральна, спачатку з чытання...
— Так, спачатку чытаю тэкст, і не адзін раз. Бо з другога разу адкрываецца нейкі падтэкст, потым з’яўляюцца вобразы. Але агульная карціна складаецца, безумоўна, не адразу. У кніжцы, якую мы рабілі з Кацяй, і якая, на жаль, не выйшла, першым крокам была прапрацоўка персанажа. Каця казала, што калі персанаж пачне рухацца як у анімацыі і ты яго пачнеш бачыць, значыць, ты яго знайшла. Для мяне гэта была самая цікавая частка працы — прыдумаць гэтага персанажа. Па-рознаму гэта адбываецца, бывае, што ён з нейкай плямы вырастае, пасля спрабуеш яго стылізаваць. Ён павінен стаць пазнавальным, нягледзячы на розныя ракурсы і прапорцыі.
У апошняй кнізе, якую мы робім з Надзеяй Ясмінскай, галоўны герой — вершык. Мне не хацелася яго ачалавечваць, і я вырашыла, што не будзе выявы героя. А будуць пачуцці і асацыяцыі.
У кожнага графіка свае метады. Хтосьці робіць раскадроўку, прамалёўвае ўсе развароты.
Я таксама раблю нейкую ўмоўную раскадроўку, каб уся кніжка была сабраная ў адзін арганізм. Каб старонкі адрозніваліся, але былі часткай цэлага. Гэтыя накіды алоўкам у мяне падобныя на каракулі. Бывае, што на кожны разварот раблю дзясяткі эскізаў. А потым, ужо калі робіш чыставік, таксама па-рознаму адбываецца. Часам ты прамаляваў нейкі разварот, але тут нешта з-пад рукі вылазіць, ты здзіўляешся і забіраеш гэта сабе.
Праца над кніжкай — бясконцая, колькі яе робіш, столькі пра яе думаеш, днём і ноччу. Бывае, што прачынаешся з гатовымі ілюстрацыямі ў галаве. Устаеш і хутчэй за стол, маляваць. Гэта значыць, што мозг і ноччу працягвае працаваць...
— Давайце падсумуем: мастак-графік, які працуе ў станковай графіцы, мае чатырохкутны аркуш, у якім кампануе свае вобразы. А кніжны мастак аперуе не чатырохкутнікам, а больш складаным фарматам, дзе ёсць шрыфт, тэкст, з якім трэба перагуквацца на кніжным развароце — і візуальна, і сэнсава. Вы павінны ўлічваць гэтыя межы, у іх упісвацца? Ці малюнак іх дыктуе?
— Нават калі я маленькую кампазіцыю каракулькамі прамалёўваю, я заўжды прыкідваю, што тут павінен быць тэкст. Але так атрымлівалася, што ўсе кніжкі, што я малявала, былі дзіцячымі кніжкамі-карцінкамі, там тэксту мінімум — літаральна адзін-тры радочкі на ўвесь разварот. Але гэта не значыць, што я ўсё запаўняю выявай, у кнізе важна ўмець ствараць пустоты. Тады тэкст лепш гучыць.
Важны момант у працы з кніжкай — не варта ілюстраваць тэкст напрамкі. Калі ў тэксце напісана «Пеця сеў на крэсла», то не трэба маляваць ні Пецю, ні крэсла. Бо пра гэта ўжо сказана ў тэксце, у цябе пры чытанні вобраз склаўся, а тут мастак яго адбірае. Таму трэба прыдумаць штосьці, што пасуе да гэтага тэксту, але знаходзіцца паміж радкамі.
Ёсць яшчэ больш складаныя задачы, напрыклад, я ілюстравала фразу «заглядалі ў сэрцы», трэба было так намаляваць, нібыта ты ў сэрцы знаходзішся, гэтае сэрца не малюючы.
— У вашым жывапісе — шмат колераў. Як вы працуеце з каларытам у сваіх ілюстрацыях?
— Мае ілюстрацыі не такія, як мае станковыя малюнкі. Таму што кніга — гэта матэматыка, там усё пралічана. Такі ўмоўны хаос, які я раблю ў сваіх станковых малюнках, складана пранесці праз дзясяткі ілюстрацый да нейкай кнігі.
Па гэтай жа прычыне важна выбіраць адну тэхніку для кожнай кнігі.
Напрыклад, апошнюю кніжку я раблю ў выглядзе калажу, але не склейваю, а малюю калаж на паперы. Толькі часам нейкія кавалкі магу даклеіць. Нібыта раблю дэкарацыі да тэатральнай падзеі.
Калаж Ліліі Бусаравай
— Вы — удзельніца праекта пра 16 знакамітых жанчын Беларусі «Яна была» ў межах серыі «Гендарны маршрут». Як вы туды патрапілі?
— Праект быў феміністычны, у ім я ўдзельнічала як мастачка. Ідэя была ў тым, што беларускія мастачкі выбіраюць выбітных жанчын, які прыўнеслі ўклад у развіццё Беларусі. Кожная з нас малявала сваё, у сваім стылі, кніга не павінна была быць звязанай агульнай стылістыкай. З гэтай кнігай мы з’ездзілі на арт-рэзідэнцыю ў Турцыю, каб маляваць другую кнігу. Яна пакуль не выдадзена.
— Ваша кніга «Мая яблыня за кратамі» мяне моцна ўразіла. Бо ў гэтым праекце кніжка — толькі частка нейкай містычна-рытуальнай дзеі...
— Беларускія мастачкі ў сакрэтным месцы высадзілі яблыньку. Як сімвал надзеі. А потым мне напісала мастачка і куратарка Людміла Хрысцесева, якая была арганізатарам рэзідэнцыі ў Турцыі. У яе была ідэя выпякаць пірагі з яблыкамі па рэцэпце нашых бабуль, што засталіся далёка, бо многія з нас вымушаны былі эміграваць. Гэта была частка гэтага праекта з высаджанай яблынькай. Але я прапанавала зрабіць кнігу пра стары яблыневы сад каля маёй хаты ў Беларусі, дзе такія смачныя яблыкі... Польскія яблыкі мне зусім не смакуюць, не магу іх есці. Гэта дадатковы боль маёй эміграцыі.
Лілія Бусарава. Мой дом пад аблокамі. Акрыл. 2024
Бывае, што нейкі твор ты сябе прымушаеш рабіць. Шкадуеш, што ўзяўся. А тут я тыдзень працавала цэлымі днямі, так мяне гэта захапіла. Я стварала ў першую чаргу для сябе.
Сум па доме стаў часткай цябе, ты яго не заўважаеш, ён проста жыве ўнутры.
Я набыла старую кніжку, абцягнула кавалкамі працёртага ільну, які прывезла з сабой з Беларусі. Вышыла назву. І гэта праца стала для мяне арт-тэрапіяй у самым наўпроставым сэнсе. Штосьці адбылося такое, што мяне адпусціла.
Я зразумела, што і мая хата, і дрэвы, і рака — усё гэта жыве ўва мне.
Пасля паводле кнігі я зрабіла анімацыйны фільм «Мая яблыня за кратамі», для якога запісала на дыктафон тэкст да відэа з кніжкай.
Так гэта кніга стала адной з магчымасцей расказаць пра тое, што з намі адбывалася...
Мы паказвалі гэты праект у розных краінах. Беларусы ўсё ўмомант счытвалі — слёзы на вачах, украінцам падабалася, але яны не зразумелі той момант, калі прыходзіць ліст у турму. Што за турма, што за ліст? Шмат хто яшчэ не ведае...
Лілія Бусарава. Тым, каго няма поруч. Акрыл, 2021
— Вы — лаўрэатка прэміі Цёткі за мастацкае афармленне кнігі Эдзі Агняцвет «Мой рыжы Бім» 2022 года. Таксама за яе атрымалі прэмію і на Нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі» ў Мінску. Што гэта за кніга такая пераможная, як вы над ёй працавалі?
— З выдавецтва «Мастацкае літаратура» да мяне звярнуліся з прапановай праілюстраваць кнігу на вершы Эдзі Агняцвет, і я нечакана для сябе пагадзілася. Прачытала вершы, яны мне спадабаліся, важна, што мяне не абмяжоўвалі ні па часе, ні па стылістыцы. Пасля пачалася вайна, і я вырашыла, што цяпер не час і працу закінула, хоць там заставалася толькі некалькі ілюстрацый. Заканчвала малюнкі ўжо ў Польшчы.
Гэтая дзіцячая кніга вельмі гарэзлівая, дызайнерка цікава папрацавала са шрыфтамі — яны нібы намаляваныя дзіцячай рукой. Частку ілюстрацый я рабіла адмыслова для кніжкі, частка — мае іншыя малюнкі. Мне здавалася, што розныя па стылі малюнкі не вельмі добра спалучаць разам, але дызайнерка настояла і спалучыла — у выніку атрымалася стылістычна разнастайная і надзвычай вясёлая кніжка.
Прэмія Цёткі сталася для мяне сюрпрызам, я нават не ведала, што кніжка намінуецца.
— Як вы прыстасоўваліся да новай краіны? Як графік пачувае сябе на польскім арт-рынку? Дзе знаходзіце замовы?
— У мяне няма цяпер сталай працы, перыядычна займаюся беларускімі праектамі. Нейкі час я малявала дыяфільмы да беларускіх вершаў. Цяпер ілюструю кнігу пра вершык.
У графічным мастацтве часта ўсё залежыць ад самога чалавека, хто як умее прабівацца. Нехта знаходзіць свайго пісьменніка, які хоча, каб яго ілюстраваў адзін і той жа аўтар. У мяне ўсё выпадкова, таму што я не пагаджаюся на любую працу.
Быў досвед камунікацыі з прыватным польскім выдавецтвам, якое прапанавала папрацаваць з фантастыкай, але я адмовілася. Важна, каб з кнігай нараджалася суладдзе.
Міхаліна Мехавіч, Budzma.org