Лявон Вольскі выправіўся ў паўночнаамерыканскі тур. Там музыка грае канцэрты ды, вядома ж, знаёміцца з цікавымі ініцыятыўнымі людзьмі... У сваёй аўтарскай калонцы «Мама, не журыся!» Лявон дзеліцца з чытачамі Budzma.org сваімі думкамі і ўражаннямі ад туру ды разважае пра вымушаную эміграцыю беларусаў.
Лявон Вольскі падчас канцэрта ў Вільні. Фота Яўгена Ерчака
Раней беларусы эмігравалі. Выбіралі краіну, дзе лепей жыць, прадавалі на радзіме маёмасьць, падвучвалі замежную мову, пакавалі валізкі. Рыхтаваліся да пераезду — маральна й матэрыяльна. Супакойвалі сябе, што, калі ня пойдзе, заўжды можна вярнуцца. Дый калі пойдзе, можна заўжды знайсьці час для наведваньня радзімы. Прыехаць, убачыцца з сябрамі-сваякамі і назад — у сваю новую краіну. Туды, дзе лепей жыць. Дзе болей пэрспэктываў і высокія заробкі.
Гэта была прадуманая, лягічная эміграцыя. Натуральна, да яе падштурхоўвалі падзеі ў Беларусі — напрыклад, вынікі чарговых выбараў і разгон пратэстаў (хапун) — карацей, адчуваньне, што тут ніколі нічога ня зьменіцца, а жыцьцё ляціць, і ня хочацца яго марнаваць на млява-нэрвовае існаваньне ў краіне, дзе ад твайго меркаваньня нічога не залежыць.
Так было калісьці. Але прыйшоў час, калі давялося не эміграваць, а бегчы. Гэта былі масавыя ўцёкі. Беглі ад рэпрэсіяў, ад турмы, ад сініх пальцаў, якія маглі да цябе дацягнуцца ў любым мейсцы тваёй Сінявокай. Як тут дарэчы аказалася Карта паляка, якую шмат хто рабіў «на ўсякі выпадак», а раптам спатрэбіцца? Вось, прыдалася.
І візы. Я дык вельмі няўтульна пачуваўся ў РБ без шэнгенскае візы. І ведаю шмат людзей, якім безь яе было некамфортна. І возь празьвінеў званочак. Прыдалася.
Але ёсьць беларусы, якія ня мелі ані Карты паляка, ані візы. А зьяжджаць трэба ўжо сёньня. Проста вось зараз. І паляцелі туды, дзе бязьвізавы рэжым — у Сакартвэла, ва Ўкраіну, у Чарнагорыю...
Беглі без маёмасьці, бяз мовы, зь мінімумам рэчаў у заплечніку.
Ва Ўкраіне выбухнула вайна. Пабеглі адтуль — хто куды.
У Сакартвэла прыйшла прарасейская ўлада. Уцекачы зь Беларусі цяпер ужо ня надта віталіся. Давялося зноў бегчы. Хтосьці зрабіў візу ды паляцеў у Эўразьвяз.
Найбольш рызыкоўныя, сьмелыя і авантурныя паляцелі ў Мэксыку. У спадзяваньні дабрацца да Злучаных Штатаў. І там, у Мэксыцы, шмат каму давялося праседзець ледзьве ня год у чаканьні магчымасьці патрапіць у ЗША. Амаль не выходзілі са здымнай кватэры, толькі за ежай. І цяпер камусьці пашчасьціла, і ён атрымаў станоўчы вэрдыкт у сваёй уцякацкай справе. А хтосьці, пакуль доўжыцца разгляд, сядзіць у адмысловай турме...
І ўсё гэта праходзіць у рэжыме абсалютнае сакрэтнасьці — нельга нічога публічыць, бо на радзіме — сваякі, бацькі, ім гэта можа нашкодзіць.
Лагер для уцекачоў. Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: "Радыё Свабода"
І — вы мне не паверыце! — у Злучаных Штатах таксама ёсьць людзі, якія рэгулярна лётаюць у Беларусь. Ня тыя, якія беглі ад перасьледу, а тыя — з пачатку майго аповеду — якія прыехалі значна раней, выбралі сабе камфортную краіну і пасьпяхова там атабарыліся. Якія не засьвяціліся ў пратэснай дзейнасьці і добра пачуваюцца.
А ў РБ рэпрэсіі не спыняюцца. Таму беларусы працягваюць бегчы. Бягуць і бягуць — хто куды. Уцякаюць. Колькі яшчэ будзе доўжыцца гэты вымушаны бег?
P. S. Я зараз у паўночнаамэрыканскім туры. Знаёмлюся зь цікавымі таленавітымі ініцыятыўнымі людзьмі, граю канцэрты... Буду працягваць дзяліцца з вамі сваімі думкамі ды новымі ўражаньнямі. Да сустрэчы праз тыдзень!
Лявон Вольскі, Budzma.org