Гайд па скарэньні навакольнага сьвету

Падарожжы — цудоўная магчымасьць ня толькі азірнуцца на бакі, пабачыць навакольны сьвет, але й зазірнуць углыб самога сябе. У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік дзеліцца вандроўнымі лайфхакамі з уласнага досьведу і спадзяецца, што яны будуць карысныя і вам, шаноўнае чытацтва!


4.jpgПа дарозе з Каргілу ў Падум (Ладакх)

Каб ня быць галаслоўным у сваіх парадах, буду абапірацца на ўласны досьвед з майго нядаўняга падарожжа па поўначы Індыі.

Ну і адразу, як той казаў, давайце расставім кропкі над «і». Асабіста для сябе я разрозьніваю турызм і падарожжы. Умоўна турызм — гэта калі я б узяў з сабою ў дарогу жонку з малым дзіцём. А вось у падарожжа — прабачце, але ня ўзяў бы: яно і складанейшае, і небясьпечнейшае. У падарожжы я гатовы рызыкаваць сабою, але сваімі блізкімі — не.

Ну добра, з тэрмінамі вызначыліся — можна і да справы!

Na pieravalie Stonhde La
У самалёце. Насустрач прыгодам, сьвету і сабе. Фота аўтара Фота аўтара

Мэта: вам — падарожжа ці папросту пашвэндацца?

Вядома ж, можна папросту ўзяць квіткі, прыляцець у якую-небудзь экзатычную краіну й пабадзяцца там — суцэльны экспромт, чаму б і не? Аднак я ўсё-ткі параіў бы акрэсьліваць для сябе нейкую адну (альбо дзьве ці на колькі там вас хопіць) галоўную мэту. Да прыкладу, калі я зьбіраўся на поўнач Індыі — у штат Ладакх, які з-за надзвычайнага падабенства з суседнім Тыбэтам яшчэ называюць Малым Тыбэтам і другой радзімай тыбэцкага буддызму — то разумеў, што пабачыць на ўласныя вочы ўсе багацьці рэгіёну: старажытныя храмы, сьвятыя мясьціны, паселішчы з аўтэнтычным ладам жыцьця, велічныя горы, ледавікі і г. д. — я папросту фізычна не пасьпею. Менавіта таму я пастанавіў для сябе, што галоўным пунктам майго 15-дзённага падарожжа станецца горны трэк вакол старажытнага каралеўства Занскар.

Schiema treku vakol karalieŭstva Zanskar
Схема трэку вакол каралеўства Занскар

Падрыхтоўка: Google, графік і фізуха

Адно з галоўных правілаў вандроўніка: добрая падрыхтоўка да падарожжа істотна падвышае яго насычанасьць, а таксама бясьпеку і камфорт.

Вядома ж, выдатна, калі хтосьці з вашых сяброў ужо быў там, куды вы зьбіраецеся. Яшчэ лепей — калі ён ці яна былі там нядаўна. Тады варта сустрэцца за кубачкам гарбаты і распытаць пра ўсё як мага падрабязьней: на што зьвярнуць увагу, куды абавязкова варта завітаць, якія цяжкасьці й непрадбачаныя перашкоды могуць сустрэцца і г. д.

Ну а што рабіць, калі вы зьбіраецеся туды, дзе ніхто з вашых знаёмцаў ня быў? Ясная рэч — гугліце!

Даведвайцеся пра месца будучага падарожжа больш, чым плянуеце прайсьці. Варта памятаць, што заўсёды можа здарыцца нешта непрадбачанае й вы ня зможаце працягнуць заплянаванае падарожжа (не прыехаў транспарт, які мусіў прыехаць, вы падкруцілі нагу альбо атруціліся, мясцовыя ўлады раптоўна ўвялі забарону на наведваньне тых ці іншых мясьцінаў, дажджы ўлупілі і размылі адзіную дарогу і г. д.). Альбо, скажам, неспадзявана ў часе падарожжа ў вас з’явіцца вольны час: вы абсалютна выпадкова сустрэлі кіроўцу, які ехаў у патрэбным вам кірунку і падкінуў вас у патрэбнае месца за 7 гадзінаў замест заплянаванага трохдзённага боўтаньня мясцовымі аўтобусамі, вашая акліматызацыя прайшла на дзень раней і куды лягчэй, чым вы спадзяваліся, і г. д. — і цяпер вы можаце заехаць у суседнюю вёску, каб пагладзіць якаў, альбо ўскараскацца на гару непадалёк, у якой захаваўся старажытны храм у пячорах.

Ачмурэнна ж, праўда?

Карыснымі будуць і водгукі іншых падарожнікаў — абавязкова пагугліце чужыя аповеды і ўражаньні ад мясьцінаў, якія зьбіраецеся наведаць.

Карацей, вы зразумелі: добрая падрыхтоўка да падарожжа — гэта магчымасьць апэратыўна перагуляць альбо дапоўніць заплянаваны маршрут, каб падарожжа зазьзяла новымі фарбамі, а не ператварылася ў маркотнае чаканьне адлёту ці ад’езду дадому ў якім-небудзь задрыпаным гатэльчыку.

MieniuМэню ў мясцовай рэстарацыі. У забягалаўцы, куды ходзяць не турысты, а толькі мясцовыя, цэны будуць істотна ніжэйшыя. Фота аўтара

Зрэшты, гугліць варта ня толькі мясцовыя славутасьці, але й мясцовае заканадаўства. Да прыкладу, у Ладакху і Кашміры, дзе яшчэ нядаўна была вайна, з-за чаго рэгіён працяглы час быў закрыты для турыстаў, усьцяж захоўваецца вельмі сур’ёзны вайсковы кантроль. А таму тут вы гарантавана застанецеся без тэлефоннай сувязі, як гэта здарылася й са мною: мясцовую сімку мне папросту не прадалі, спаслаўшыся на ўрадавую забарону, а мая e-sim ад самага папулярнага індыйскага апэратара, аформленая яшчэ да палёту, перастала працаваць, як толькі я пакінуў быў межы аэрапорта ў Дэлі. Таксама на многіх дарогах Малога Тыбэту я мусіў старанна запаўняць паперкі на блёк-пастах — і дзякуй Богу, што ў мяне былі занатаваныя адрас і тэлефон гаспадара гатэлю, у якім я спыніўся быў па прылёце ў Ладакх: мець кантактную асобу зь мясцовых жыхароў — адна з тамтэйшых вымогаў для іншаземцаў.

PadarožžyЧарговы паліцэйскі блёк-пост па дарозе ў Каргіл (Ладакх). Фота аўтара

Таксама вельмі важна скласьці графік будучага падарожжа, расьпісаўшы ў таблічцы літаральна кожны дзень. Пры гэтым варта плянаваць гэтак, каб мець запас у дзень-два, а лепш і тры-чатыры. Зноўку ж — непрадбачаныя праблемы са здароўем, лягістыкай і г. д. Агулам маё падарожжа на поўнач Індыі заняло 15 дзён, аднак кожны яго пункт я літаральна ўціскваў у графік, ахвяруючы ня толькі наведваньнем старажытных храмаў у Ладакху і меркаванай магілы Езуса Хрыста ў Кашміры, але і дадатковымі днямі на акліматызацыю.

О так, калі вы зьбіраецеся ў горы — скажам, таксама ў Гімалаі — то павінны памятаць пра акліматызацыю. Лех — сталіца штату Ладакх — знаходзіцца на вышыні крыху больш як 3500 мэтраў па-над узроўнем мора. Для параўнаньня: найвышэйшая кропка Беларусі — Сьвятая Гара (цяпер — гара Дзяржынская) — у 11 разоў ніжэйшая за Лех. Горная хвароба, якая суправаджаецца болем літаральна ўсяго цела, адсутнасьцю апэтыту і сну ды іншымі непрыемнасьцямі, пачынаецца ўжо зь 2000 мэтраў вышыні й можа расьцягнуцца на некалькі дзён. А таму закладаць час на акліматызацыю ў графік падарожжа ўсё-ткі варта з запасам.

Таксама ўлічвайце, што дзесьці машына зламалася альбо трэк у гарах выявіўся занадта складаны, каб прайсьці яго ў заплянаваны час — варта дзянёчак-другі закласьці й на падобныя форс-мажоры.

Разумею, што з гэткім посьпехам можна й палову падарожжа адкласьці ў запас. Але ж памятайма пра пункт першы: вы хочаце дайсьці да акрэсьленай мэты альбо папросту пабадзяцца па ваколіцах?

PadarožžyЗарэзэрвуйце час на акліматызацыю і пастарайцеся зрабіць яе максымальна камфортней — і хутчэй ачуняеце! Фота аўтара

Ну і фізычная падрыхтоўка, безь якой у больш-менш сур’ёзнае падарожжа лепш наагул не выбірацца. Па-першае, пастарайцеся ня браць з сабою свае хваробы: яны абцяжарваюць падарожжа памацней за самы цяжкі заплечнік! Ные зуб — шуруйце да стаматоляга! Падхапілі ангіну або пацягнулі сьпіну, скача ціск, сеў зрок — памятайце, што ў бязьлюдных гарах альбо ў далёкім паселішчы пастухоў лекаваць вас папросту ня будзе каму. Па-другое, чым вы мацнейшыя і цягавіцейшыя, тым лягчэй і прыемней будзе вашае падарожжа. Забудзьце цыгарэты і алькаголь і палюбіце гімнастыку, басэйн, ровар і працяглыя шпацыры з поўным заплечнікам — задоўга да таго, як дабярэцеся да гор. Зразумейце, што там, паміж аблокаў, даецца ў знакі кожны лішні кіляграм — ці то ў заплечніку, ці то на жываце.

Камфорт: заплечнік, чаравікі, туалетная папера

Асобна закрану камфорт — інакш пункт пра падрыхтоўку зойме ня менш за палову гэтай публікацыі. Ну і калі ўжо загаварыў пра заплечнік, то вось вам успамін зь юнацтва. Яшчэ шкаляром я наведваў турыстычны гурток. Вядома ж, мы хадзілі ў паходы. Наш трэнэр, былы афганец, вымагаў ад нас, звычайных гарадзенскіх падшыванцаў, жалезна трымацца некалькіх простых правілаў. І адно з тых правілаў тычылася менавіта заплечнікаў: кожны нясе свае рэчы сам. І ведаеце, ужо літаральна ў другі-трэці паход я спакоўваў свой заплечнік, пакідаючы ўсе забаўкі, кніжкі і астатні баляст удому, беручы ў лес толькі самае неабходнае.

Вядома ж, шмат якія пытаньні разьвязвае бюджэт падарожжа. Калі ў вас стае грошай ня толькі на правадніка, але і падарожжа па бязьлюдзьдзі на пазадарожніках ці на конях, то спакоўваць свой багаж можна й ня надта аскетычна. Але калі вы зьбіраецеся, скажам, ісьці ў горы, як і я — на сваіх дзьвюх, памятайце, што ўсё, што вы возьмеце з сабою, вам давядзецца цягнуць на сабе. А ў дадатак — яшчэ і ваду з харчамі. І таму спакоўвайце свой заплечнік, пакідаючы ў ім вольнае месца: спачатку дакладзеце туды прадукты і ваду, а пазьней, перад вылетам дадому, вам будзе куды пакласьці ласункі і падарункі.

Дарэчы, вось вам хітрык з вопраткай: вазьмеце з сабою кашулькі не на кожны дзень, а толькі дзьве: адну — на сабе, другую — на зьмену. Ужо на месцы купіце сабе яшчэ некалькі: будзе вам і сьвежая зьменка, і памятны сувэнір дадому.

PadarožžyМагу пахваліцца: усё, што ўзяў з сабою ў горы — спатрэбілася. Акрамя ежы, якую ня змог есьці з-за горнай хваробы. Гімалаі. Фота аўтара

Не забудзьце пра лекі. Усяго не пералічу, але чым экзатычнейшая краіна, куды вы зьбіраецеся, тым абавязковейшыя ў вашай аптэчцы пігулкі ў дапамогу страўніку, ад укалыхваньня і горнай хваробы. Таксама спатрэбяцца антысэптыкі і крэм ад сонца.

Дадасьць камфорту і гэткая драбяза, як манікюрныя шчыпчыкі альбо вільготныя сурвэткі. А таксама дажджавік, у які вы зможаце схавацца ад непагадзі разам са сваім заплечнікам, і альпінісцкі кіёк.

Ну і, вядома ж, абутак. Вось тут, шаноўныя, нават ня думайце ашчаджаць за кошт якасьці! Добрыя горныя чаравікі ня толькі абароняць вашыя ногі, але і ашчадзяць сілы і дададуць устойлівасьці. Паверце, у экстрэмальных умовах гэта можа нават уратаваць вам жыцьцё!

PadarožžyДобры якасны абутак — абавязковы атрыбут добрага падарожжа! Фота і абутак аўтара

Грошы — куды ж бязь іх

Паўтаруся, многае залежыць ня толькі ад падрыхтоўкі але і ад наяўнага бюджэту. Гэта зразумела. Аднак нейкія моманты варта зацеміць і тут. Па-першае, зрабеце сабе картку Revolut альбо іншую падобную, якая дазволіць здымаць мясцовыя грошы ў банкаматах без шалёных камісіяў. Па-другое, пацікаўцеся загадзя мясцовымі цэнамі, каб хоць неяк уяўляць, колькі вам трэба ўзяць наяўных грошай з сабою, калі вы ад вялікіх турыстычных цэнтраў выправіцеся ў малалюдныя альбо й наагул бязьлюдныя мясьціны, дзе ня будзе ані абменькіаў, ані банкаматаў. І так, лепш узяць гатоўкі з запасам — на ўсялякі пажарны.

Зрэшты, няхай вас гэтая парада моцна не палохае. Гэтак здарылася (і гэта вельмі прыкра), што большая частка чалавецтва жыве бядней за нас з вамі. Калі адкінуць пералёты, то 15-дзённае падарожжа па поўначы Індыі — разам з усімі букінгамі, пераездамі, харчаваньнем і нават сувэнірамі і ласункамі — абышлося мне ўсяго ў 300 эўраў.

Amanit
 Аманіт, набыты аўтарам у лаўцы ў Леху за 6 даляраў ЗША. Фота аўтара

Спадарожнікі

Вышэй я напісаў, што ў падарожжа ня ўзяў бы жонку з малым дзіцём. А вось надзейнага сябра — з задавальненьнем! Калі ў вас ёсьць чалавек, якому вы давяраеце і на якога заўжды можаце разьлічваць — абавязкова прапануйце яму выправіцца ў падарожжа разам: і весялей, і больш упэўненасьці, і менш страху!

І пагатоў нават калі ў складаную хвілю словы падтрыманьня альбо надзейнае плячо будуць больш патрэбныя ня вам, а вашым спадарожнікам ці спадарожніцам — вам гэта таксама дапаможа! Памятаю, аднойчы ў Ісьляндыі мы зь сябрам трапілі ў страшэнную завіруху. Нашую «Таёту» ўмомант замяло, і сябра ахапіла паніка. Мне таксама было вельмі страшна, але я адчайна намагаўся не паказваць гэтага і максымальна спакойна падбадзёрваў сябра: маўляў, усё нармальна, усё пад кантролем — мы абавязкова адсюль выберамся! Ну а што мне заставалася рабіць, калі тады я ня ўмеў кіраваць аўтамабілем, і самакантроль сябра заставаўся нашай адзінай надзеяй на паратунак...

Размаўляйце!

Ну але добра, з Ісьляндыі вернемся, аднак, да Індыі. Старая як сьвет ісьціна: што вы аддаяце сьвету, тое вам і вяртаецца. Не палянуйцеся вывучыць хаця б некалькі мясцовых словаў: вітаю, дзякуй, калі ласка. Паверце, ня толькі нам прыемна, калі іншаземцы старанна вымаўляюць адно ці два беларускія слоўцы — нават калі ўся астатняя размова адбываецца, скажам, па-ангельску.

Дарэчы, калі з інглішам у вас як і ў мяне — ня вельмі, не сьпяшайцеся рабіць з гэтага трагедыі. Хоць на сёньня ў сьвеце й налічваецца каля 1,515 мільярда чалавек, якія карыстаюцца ангельскай мовай, аднак добра валодаюць ёю далёка ня ўсе. А таму й паразумецца з тымі, хто таксама не адрозьнівае Past Perfect ад Future Continuous, вы дакладна здолееце — абы толькі захацелі!

Калі ж ужо зусім нявыкрутка, то дапаможа... мабільны тэлефон. Перад падарожжам не забудзьце запампаваць на свой дэвайс які-небудзь ангельска-беларускі слоўнік, здольны працаваць без Інтэрнэту. Вядома ж, закіньце ў тэлефон і разнастайную інфармацыю пра краіну вашага падарожжа, фотакопіі вашых дакумэнтаў. А таксама — увага — афлайн-навігатар. Падобных аплікацыяў даволі багата. Асабіста ж я карыстаюся апкай Organic Maps, якую распрацавала беларуская каманда. Вельмі зручна і надзейна: дастаткова запампаваць загадзя патрэбную мапу — і вуаля, вы заўжды ведаеце, дзе вы і куды вам ісьці!

PadarožžyЧарговая спроба прайсьці далей па рацэ. Менавіта тут — крыху пазьней, калі заплечнік ужо быў на плячах, плынь упершыню зьбіла з ног і панесла (Гімалаі). Фота аўтара

Дарэчы, наконт важнасьці размоваў. Калі ўшчэнт зьнясілены я ўсё-ткі спусьціўся пад вечар з гімалайскіх гор, перада мною паўстаў выбар: альбо начаваць пры дарозе, бо даклыпаць у цемры да вёскі яшчэ 10 кілямэтраў было нерэальна, альбо грукацца ў будысцкі манастыр, які знаходзіўся зусім побач. Вядома ж, я пайшоў у манастыр! Літаральна хвілінку паразмаўляў з ламам, які быў выйшаў насустрач — і вось у мяне ўжо ёсьць прытулак да раніцы! Каб вы разумелі, пасьля некалькіх халодных начэй на голых камянях апынуцца ў цёплым памяшканьні, дзе цябе чакае гарачая вячэра, сапраўдны душ і мяккі ложак — гэта як трапіць адначасова ў вырай, нірвану і вальгалу! І ўсё таму, што вы пагрукаліся — і вам адчынілі, вы загаварылі — і вам адказалі.

Памятаю, сяджу за сталом, а ежа ў горла ня лезе. Манах сядзіць й запытальна пазірае на мяне. Тлумачу: горная хвароба адбіла ўвесь апэтыт, а таму за чатыры дні ў гарах нічога ня еў, толькі ваду піў — прабачце, не хацеў вас пакрыўдзіць, усё вельмі смачнае! А манах усьміхаецца і адказвае: нічога страшнага, усё добра, еш, колькі зможаш і колькі захочаш. І ўсё, здавалася б, дзьве-тры простыя ветлівыя рэплікі — і ўсю трывогу зьняло як рукою. І апэтыту на дадатковыя тры лыжкі сачавіцы дадалося!

А нараніцу гэты добры чалавек яшчэ і храм паказаў, і ўласнае жытло, і яшчэ ў госьці наступным разам завітаць запрасіў. Пасьнедалі, папілі гарбаты, паразмаўлялі — і затым да вёскі я ўжо ня тое, што дайшоў, а літаральна заляцеў, поўны сілаў і радасьці, нібы й не было тых цяжкіх горных пераходаў і нялюдзкай стомы!

Valier RusielikРазам з тыбэцкім ламам. Манастыр Стонгдэ (Падум, Ладакх). Фота аўтара

Не лянуйцеся марыць!

Ну што ж, хіба на гэтым цудоўным успаміне варта было б і паставіць кропку. Адзінае, бадай, што дадам — ня бойцеся й не лянуйцеся марыць! Марыць пра цудоўны сьвет, у якім нам з вамі пашчасьціла жыць і які варта зьведваць тут і цяпер, не адкладаючы далёка ў шуфляду!

І памятайце, што мара — гэта не канцавы пункт на мапе вашых памкненьняў, але ўласна шлях да яго. Мара — гэта і ёсьць дарога. Як і жыцьцё — таксама дарога.

Via est vita, сябры! Прыемных вам падарожжаў!

Валера Руселік