Закрылі музей паэткі Яўгеніі Янішчыц

Прычына — закрыцьцё базавай школы, у якой месьціўся музэй. Яўгенія Янішчыц вучылася ў гэтай школе, якой надалі імя паэткі, піша «Радыё Свабода».

Jaŭhienija Janiščyc

У аддзеле адукацыі Пінскага раённага выканаўчага камітэту пацьвердзілі гэта і сказалі, што матэрыялы з экспазыцыі закрытага музэю перадалі ў мясцовы дом культуры ў Парэччы і Пінскую раённую бібліятэку імя Яўгеніі Янішчыц. Памятная дошка з інфармацыяй аб тым, што ў школе вучылася паэтка Яўгенія Янішчыц, захавалася, паведамілі ў выканкаме.

Šyĺda

Ці выставяць экспазыцыю зь перададзеных матэрыялаў у раённай бібліятэцы і/або ў Доме культуры, у выканкаме пакуль сказаць не змаглі.

Яўгенія Янішчыц (1948–1988) — беларуская паэтка і перакладніца.

Нарадзілася ў вёсцы Рудка на Піншчыне, друкавацца пачала яшчэ школьніцай. Скончыла філфак БДУ, працавала ў газэтах і часопісах.

Аўтарка зборнікаў паэзіі «Ясельда», «На беразе пляча», «Пара любві і жалю», за якую атрымала Дзяржаўную прэмію, і іншых. У

1976 годзе Янішчыц трапіла ў аварыю, боль і пакуты ад якой спрычыніліся да дэпрэсіўных настрояў у апошнія гады жыцьця творцы.

У 1988 годзе скончыла жыцьцё самагубствам.