Вандруем разам з «Будзьма!»: Глыбоцкі раён. Частка другая

Працягваем нашую вандроўку па прасторах Глыбоччыны. Глыбоччына — маляўнічы азёрны край гістарычнай Дзісеншчыны, які стаўся радзімай ці месцам спачыну шматлікіх выбітных для Беларусі і сусветнай культуры асобаў. У вандроўцы нас чакаюць архітэктурныя аб’екты, геалагічныя і іншыя ўнікальныя прыродныя помнікі, магілы вядомых гістарычных дзеячаў. Калі вырашыце затрымацца ў самім Глыбокім, што там паглядзець, дзе спыніцца і што прывезці, мы пісалі раней. А сёння прапануем наведаць наступны маршрут: Азярцы — Прошкава — Задарожжа — Сахнавічы — Чарневічы.


1.jpg
 Фота: planetabelarus.by

Азярцы

Наступным нашым прыпынкам будзе вёска Азярцы, цэнтр Азярэцкага сельсавета Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці. Вёска Азярцы ўпершыню ў пісьмовых крыніцах згадваецца ў 1744 годзе. Вядома, што тут існавала каталіцкая парафія з цэтрам у Глыбокім. У 1840 годзе маёнтак Азярцы належыў шляхецкаму роду Корсакаў.

2.jpg
Фота: fotobel.by

У 1886 годзе пры Корсаках у фальварку Азярцы функцыянавала вінакурня. Прыблізна ў гэты ж перыяд гаспадары маёнтка фундавалі тут будаўніцтва мясцовага касцёла. Да нашых дзён ён не захаваўся, новы касцёл св. Пятра і Паўла пабудаваны ў 2007 годзе на месцы адной з гаспадарчых пабудоваў сядзібы Корсакаў.

3.jpg
Фота: wikimedia.org

Сядзіба, пабудаваная ў першай палове ХІХ стагоддзя, верагодна, яшчэ за Корсакамі, збераглася да нашых дзён. Зоф’я Корсак параднілася з сям’ёй Аскеркаў у 2-й палове ХІХ стагоддзя і ад гэтага часу да 1939 года маёнтак Азярцы належыў роду Аскеркаў. Сам будынак сядзібы выкананы ў стылі позняга класіцызму. За савецкім часам тут месцілася гандлёвая кропка, з-за чаго левая частка сядзібы моцна перабудаваная. Але правая частка, якая бліжэй да парку, аўтэнтычная.

4.jpg
 Фота: fotobel.by

5.jpg
Фота: wikimedia.org

Захавалася пры сядзібе вялікая колькасць гаспадарчых пабудоваў: дом арандатараў, стайня, кароўнік і іншыя. На некаторых яшчэ можна пабачыць стараую аўтэнтычную дахоўку. Будынкі сядзібнага комплексу за савецкім часам выкарыстоўваліся пад краму, пад бібліятэку, музычную школу, дзякуючы гэтаму ў больш-меньш добрым стане дажылі да нашых дзён. Тыя, што даўно не выкарыстоўваюцца, знаходзяцца ў значна горшым стане і паступова разбураюцца. Сам будынак сядзібы ўнесены у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі і, безумоўна, варты наведвання.

6.jpg
Фота: wikimedia.org

7.jpg
Фота: fotobel.by

7-1.jpg
Фота: fotobel.by

Прошкава

Далей рушым у вёску Прошкава, якая ўпершыню ў пісьмовых крыніцах фігуруе напрыканцы ХVІІІ стагоддзя як шляхецкая маёмасць. Вядома, што вёска ўваходзіла ў маёнтак Барыскавічы, які належыў шляхецкаму роду Дубашынскіх. Сёння акурат былыя Барыскавічы далучаны да вёскі Прошкава. Тут захавалася сядзіба Дубашынскіх, пабудаваная ў ХVІІІ стагоддзі і перабудаваная ў 1888 годзе.

8.jpg
Фота: radzima.org

Сядзіба драўляная, даволі сціплая, пры галоўным уваходзе мае класічны порцік, які абапіраецца на дзьве дарычныя калоны. У будынку доўгі час знаходзіўся дзяцячы садок, праз што ён згубіў аўтэнтычныя ўнутраныя аздабленні, захавалася толькі адна печ з колішняй сядзібы, астатнія заменены на новыя. Побач з сядзібай захаваліся рэшткі старога парку.

9.jpg

10.jpg

Яшчэ адной славутасцю Прошкава, унесенай у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі як помнік драўлянага дойлідства, з’яўляецца касцёл Святога Яна, пабудаваны напрыканцы ХІХ стагоддзя. Ёсць меркаванне, што касцёл перабудаваны з капліцы Св. Рафала, перанесенай сюды ў 1830-х гг. з Барыскавічаў, з маёнтка Дубашынскіх.

11.jpg

12.jpg
Фота: wikimedia.org

Яшчэ тры дзесяцігоддзі таму касцёл імкліва разбураўся. Сёння ж адрэстаўраваны з захаваннем першапачатковага выгляду.

13.jpg
Фота: wikimedia.org

Побач з касцёлам варта звярнуць увагу на мясцовыя могілкі. Там захавалася некаторая колькасць цікавых надмагілляў. Напрыклад, помнік на магіле Гераніма Дубашынскага, які ўяўляе сабой дрэва, якое ўрастае ў зямлю дванаццацю карэннямі — менавіта столькі было ў мясцовага гаспадара дзяцей. Памёр гаспадар маёнтка Барыскавічы 13 жніўня 1894 года.

14.jpg
 Фота: radzima.org

14-1.jpg
Фота: radzima.org

Задарожжа

Далей прапануем скіравацца да касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі, які знаходзіцца на паўночнай ускраіне вёскі Мнюта-2, які часта называюць Задарожскім, паводле назвы суседняй вёскі. Вёска Задарожжа вядомая з часоў Лівонскай вайны, першыя ўзгадкі пра паселішча адносяцца да 1563 года.

15.jpg
Фота: planetabelarus.by

У Задарожжа варта скіравацца тым, хто цікавіцца беларускай гісторыяй. Тут, на месцы сённяшняга мураванага касцёла, стаяў драўляны, у якім быў хрышчаны Вацлаў Ластоўскі, гісторык, фундаменталіст беларускага адраджэння пачатку ХХ стагоддзя, прэм’ер-міністр Беларускай Народнай Рэспублікі.

16.jpg

Вацлаў Ластоўскі нарадзіўся 8 лістапада (па новым стылі) 1883 года ў засценку Калеснікаў, што месціўся на беразе возера Мнюта. Хрысціў яго мясцовы ксёндз Антон Аўдыцкі. У Хроснай метрыцы бацькі Вацлава запісаныя мяшчанамі, то бок паходзілі з беззямельнай шляхты, продкі якіх у першай палове ХІХ стагоддзя не здолелі пацвердзіць новай уладзе сваё шляхецтва адпаведнымі прывілеямі.

17.jpg
Фота: planetabelarus.by

Згаданы драўляны касцёл быў знішчаны пажарам у 1902 годзе. Месцічы вырашылі на ягоным месцы збудаваць мураваны. Захавалася паштоўка выдадзеная ў той час з заклікам мясцовага пробашча Валентыновіча ахвяраваць на пабудову новага касцёла. Новы касцёл быў узведзены ў неагатычным стылі па праэкце знакамітага віленскага архітэктара Антонія Філіповіча-Дубовіка ў 1910 годзе. Храм, якому ўжо больш за 100 год можам пабачыць і сёння ў першасным выглядзе, ён з’яўляецца архітэктурнай дамінантай ва ўсім наваколлі. Дарэчы, Антон Дубовік быў архітэктарам Мёрскага касцёла і аўтарам праекта перабудовы Траецкага касцёла ў Глыбокім.

18.jpg

Ваколіцы Задарожжа — родныя мясціны яшчэ аднога выбітнага ўраджэнца старажытнай Дзісеншчыны, якая ахоплівала і сучасны Глыбоцкі раён, мастака Язэпа Драздовіча. Адзін з ягоных дываноў з выяваю задарожскага касцёла можна пабачыць ў Глыбоцкім гісторыка-этнаграфічным музеі. Яшчэ побач з задарожскім касцёлам знаходзіўся фальварак Якубёнкі — адсюль карані Аляксандра Грына, аўтара «Пунсовых ветразяў». Тут жыў ягоны дзед. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя. Рушым далей.

19.jpg

Сахнавічы

Скіруемся ў напрамку вёскі Сахнавічы. Але тут нас цікавіць не сама вёска. На беразе возера Гінькава — трэцяга па глыбіні возера Беларусі, глыбінёй ажно 43 метры, што паўднёвей вёскі Сахнавічы Глыбоцкага раёна, знаходзіцца ўнікальны для нашай раўніннай мясцовасці аб’ект — пячора. Пра гэтую пячору існуе процьма легендаў. Адна з іх апавядае пра тое, што тут былі схаваныя шляхецкія багацці пасля падзелу Рэчы Паспалітай, іншая пра тое, што тут захоўваўся чарговы скарб Напалеона, распавядаюць нават пра схрон вайсковага рыштунку часоў І і ІІ Сусветных войнаў.

20.jpeg
Фото: realt.onliner.by

Возера Гінькава — даволі маладое, верагодна, працэс утварэння яго працягваецца і сёння. Сведчыць пра тое амаль поўная адсутнасць зарослых ці забалочаных берагоў, рэдкі трыснёг, адсутнасць зарасніка лілеяў. Сапраўды, калі паназіраць за возерам некалькі год запар, можна пабачыць як стромкія берагі змяняюць свае абрысы ў выніку няспыннага падмывання схілаў, наступствам чаго з’яўляюцца частыя апоўзні.

21.jpg
 Фота: planetabelarus.by

Аматарам рыбалкі Гінькава таксама прыйдзецца даспадобы. Водзіцца тут і шчупак, і плотка, і укляя, кажуць, сустракаўся нават чырвонакніжы вугор. Адметнасцю іхтыяфаўны возера з’яўляецца стынка — азёрны міні-адпаведнік корушкі. Назва такая, бо рыба гэтая нерасціцца выключна ў вадзе тэмпературы трох-чатырох градусаў вышэй за нуль. Сустрэць стынку можна ўсяго ў некалікіх азёрах на паўночным захадзе Беларусі: Доўгае, Сара, Балдук і ў нешматлікіх іншых.

22.jpg
 Дзісеншчына. Гінь-возера. Язэп Драздовіч, 1932

Але вернемся непасрэдна да згаданай пячоры, якая размяшчаецца ў трыццаці метрах ад берага Гінькава. Яна вымыта ў пяшчанніку, пласты якога, найбольш верагодна, узніклі тут прыкладна 25 тысяч гадоў таму, за кошт раставання апошняга на сучаснай тэрыторыі Беларусі ледавіка і ўтварэння трывала сцэментаваных кангламератаў. Побач з пячорай сустракаецца даволі шмат месцаў, дзе пяшчанік выходзіць на паверхню.

23.jpg
Фота: fotobel.by

У пячору можна патрапіць толькі праз адзін з 3-х уваходаў, і спадручней у гарызантальным стане. У пячоры маецца адна «заля», вышынёй трохі больш за метр, шырынёй каля двух. Агульная даўжыня пячоры каля дзесяці метраў. На сценах тут можна пабачыць, вядома, не сталактыты і сталагміты, але эразійныя ўтварэнні.

24.jpeg
Фото: realt.onliner.by

Магчыма, тут была яшчэ адна пячора, большая, пра якую месцічы і распавядаюць раней агучаныя легенды, яна знаходзілася бліжэй да возера Гінькава. Верагодна, яна была засыпаная апоўзнем. Але нават тое ўтварэнне, якое сёння называюць Сахнавіцкай пячорай — унікальнае месца, вартае таго, каб яго наведаць.

25.jpeg
 Фото: realt.onliner.by

Чарневічы

Наступным нашым прыпынкам будзе вёска Чарневічы. Тут нас чакаюць крывіцкі курганны могільнік IX — XI стагоддзяў, два храмы: праваслаўны і каталіцкі, крынічка вядомая сваімі лекавымі ўласцівасцямі не толькі сярод месцічаў, але і за межамі Беларусі.

26.jpg
Фота: wikimedia.org

Пачнем з курганнага могільніка, які знаходзіцца ў лесе за паўтара кіламетры ад вёскі Чарневічы. Гэты курганны могільнік унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. На Глыбоччыне шмат курганных могільнікаў перыяду IX — XI стагоддяў, што сведчыць пра шчыльную заселенасць гэтага краю ў часы Полацкага княства. Матэрыялы з раскопак гэтага могільніка ў міжваенны перыяд захоўваюцца сёння ў Гісторыка-этнаграфічным музеі Літоўскай Рэспублікі ў Вільні.

27.jpg

Ёсць у Чарневічах яшчэ адна гісторыка-культурная каштоўнасць — царква Святой Праскевы Пятніцы, пабудаваная ў 1887 годзе. Царква — помнік рэтраспектыўна-рускага стылю. Падобных цэркваў была ўзведзена вялікая колькасць пасля паўстання 1863-1864 гг. з мэтай русіфікацыі Беларусі па загадзе генерал-губернатара Мураўёва, праз тое будынкі і атрымалі ў народзе назву «мураўёўкі».

28.jpg
 Фота: wikimedia.org

Ёсць у Чарневічах і касцёл, якому каля 100 гадоў. Храм Святога Яна Хрысціцеля — помнік архітэктуры з рысамі канструктывізму, узведзены ў Чарневічах у 1920-я гады. У 1950-м касцёл быў зачынены камуністычнай уладай і ператвораны ў сховішча збожжа. Вернуты вернікам толькі ў 1991-м годзе з дапамогай мясцовага пробашча Люцыяна Паўліка і руплівых парафіянаў. Першая імша пасля рэстаўрацыі храма адбылася тут праз два гады.

29.jpg
Фота: wikimedia.org

І ўсё ж самым адметным помнікам у Чарневічах турысты лічаць крыніцу святога Яна. Тут збягаюцца межы трох раёнаў: Шаркаўшчынскага, Мёрскага і Глыбоцкага. Фармальна крыніца знаходзіцца на тэрыторыі Мёрскага раёна, але капліца св. Яна Хрысціцеля, праз якую працякае крыніца, прыпісаная да Чарневіцкай праваслаўнай парафіі. Крыніца жывіць мясцовую раку Авуту і адзіная з усіх астатніх крыніцаў такога кшталту тут не замярзае нават узімку.

30.jpg
Фота: wikimedia.org

Крыніца святога Яна — даволі вядомае месца. Да пандэміі тут можна было сустрэць вандроўнікаў і з суседніх краінаў: Літвы, Латвіі. Як месцічы, так і вандроўнікі вераць у лекавыя ўласцівасці мясцовай вады і цягнуць з сабой, хто колькі здольны ўнесці. Жыхары Чарневічаў сцвярджаюць, што ў крынічнай вадзе можна кансерваваць агуркі нават без стэрылізацыі. Чарневічы — вёска звыклая да турыстаў і дастаткова прыязная: аматарам скупнуцца ля крыніцы тут абсталявана купальня, для аматараў адпачыць на прыродзе збудаваныя альтанкі.

31.jpg

Вандруйце разам з «Будзьма!». 

 ПЖ, budzma.org