Працягваем спазнаваць Беларусь з «Будзьма!». Калі чуеце пра Глыбокае, якія асацыяцыі ўзнікаюць? Салодкія, як Глыбоцкая згушчонка? Але ж не адзіным малаказаводам вядомае Глыбокае.
Глыбоччына – родныя мясціны для шматлікіх асобаў, значных для беларускай гісторыі, мастацтва, музыкі, літаратуры. Лёсы Ігната Буйніцкага – стваральніка нацыянальнага прафесійнага тэатра, Вацлава Ластоўскага – грамадскага і палітычнага дзеяча, пісменніка, філолага, Язэпа Даздовіча – мастака, скульптара, этнографа, Клаўдзія Дуж-Душэўскага – палітычнага дзеяча, стваральніка сучаснага бел-чырвона-белага сцяга, так ці інакш звязаныя з Глыбоцкай зямлёй. Чым яшчэ цікавае Глыбокае - паспрабуем распавесці ў нашым чарговым гідзе.
Ад Менску да Глыбокага 165 км. Прасцей і прыгажэй дабірацца на ўласным аўто ці маршруткай, сузіраючы ўнікальныя для звыклага рэльефу панарамы Беларускай грады. Праз Глыбокае праходзіць чыгунка, але цягнікі там спыняюцца зрэдку. Для бюджэтных вандроўнікаў ёсць толькі адзін наўпросты начны цягнік, які прыязджае на месца а 5-й раніцы.
Глыбокае ўпершыню ўзгадвецца ў пісьмовых крыніцах у 1514 годзе. Але на тэрыторыі горада археолагі знаходзілі кераміку, якая датуецца Х-ХІІІ стагоддзямі. Тым не менш, сляды паселішча губляюцца ажно да ХV-ХVI стагоддзя.
Глыбокае не мела Магдэбургскага права, адпаведна, не мела і гістарычнага герба, але было дастаткова буйным цэнтрам гандлю, бо знаходзілася на шляху з Вільні на Полацак.
Што паглядзець?
Некалькі стагоддзяў таму ўладальнікамі мястэчка былі 2 роды – Корсакі ды Зіновічы. І зараз у Глыбокім 2 цэнтральныя плошчы: 17-га верасня і Цэнтральная. Умоўна межы ўладанняў колішніх гаспадароў мястэчка можна падзяліць па рацэ Бярэзвіцы, якая спалучае 2 з 5 азёраў, на берагах якіх размяшчаецца сучаснае Глыбокае: возера Кагальнае (раней Глыбокае, адкуль і паходзіць назва мястэчка) і возера Вялікае (раней Беразвецкае).
Назва возера Кагальнае, бадай, адзіны габрэйскі гідронім у Беларусі, што сведчыць пра ўплывовую ролю габрэйскай культуры і побыту ў старажытным Глыбокім. Але з таго часу ў горадзе мала што захавалася. Толькі па вуліцы Леніна (раней Замкавая/Віленская) засталася нешматлікая жылая забудова канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя і габрэйскія могілкі па вул. Энгельса (раней Друйская).
Візітоўкай Глыбокага з’яўляюцца 2 храмы на сённяшняй плошчы 17-га верасня (раней Рынкавы пляц). Паміж храмамі размяшчаецца алея славутых землякоў, дзе можна пабачыць помнікі выбітным людзям, лёсы якіх звязаныя з Глыбоцкай зямлёй. Тут побач і бацька беларускага тэатру, і прэм’ер-міністр БНР, і Герой СССР, і унікальны беларускі мастак, і заснавальнік сучаснага іўрыту.
Аматарам «пасхалак» таксама ёсць чаго пашукаць.
Немагчыма не звярнуць увагу на касцёл Святой Троіцы, збудаваны ў стылі “віленскага барока” на месцы свайго драўлянага папярэдніка ў 1780-я. Апошні раз быў перабудаваны ды пашыраны ў 1902 – 1908 гг.
У храме варта звярнуць ўвагу на 3 драўляныя разныя алтары, драўляны амбон ХVІІІ стагоддзя, перанесены з кармеліцкага касцёлу насупраць, калі той аддалі праваслаўнай царкве, арган пачатку ХХ стагоддзя, адзін з самых вялікіх у Беларусі.
Важнай падзеяй у гісторыі Глыбокага было запрашэнне сюды ў сярэдзіне ХVІІ стагоддзя Іосіфам Корсакам ордэна кармелітаў босых. У 1735 годзе фундаваны ім храм быў перабудаваны, верагодна, па праэкце выбітнага архітэктара Яна Глаўбіца ў стылі віленскага барока, у якім захаваўся да нашых дзён. Сёння тут месціцца царква Раства Багародзіцы.
Пры касцёле быў збудаваны кляштар кармелітаў. Там спыняўся Напалеон Банапарт, які, паводле мясцовай легенды, быў моцна ўражаны вытанчанасцю храма, ажно хацеў перанесці яго ў Парыж і паставіць побач з Нотр-Дамам (варта адзначыць, што нашыя культавыя будынкі настолькі прыгожыя, што такая легенда існуе ці не пра кожны касцёл, побач з якім у Белрусі даводзілася праязджаць Напалеону). З будынка кляштара пасля Другой сусветнай вайны пачалася гісторыя Глыбоцкага малочна-кансервавага камбіната. А з 70-х гадоў мінулага стагоддзя будынак стаіць закінуты.
Варта звярнуць увагу на барочную ўваходную браму XVIII ст. Вельмі падобная па праэкце згаданага Глаўбіца ёсць у Вільні перад Базыльянскім кляштарам. Захаваліся арыгінальныя ўваходныя дзверы з выявамі васіліскаў, упрыгожаных раслінным арнаментам, але цалкам іх не заўжды можна пабачыць.
У 2012 годзе Глыбокае рыхтавалі да дня пісьменства і падчас зямельных працаў на месцы колішняй уніяцкай царквы Святой Троіцы знайшлі каменны крыж. Датуецца ён XVI стагоддзем. На ім высечаны яшчэ адзін крыж і ёсць надпіс кірыліцай, да сёння не расчытаны. Зараз крыж месціцца ля будынка былога кармеліцкага касцёла.
Варта троху збочыць ад царквы на вул. Горкага (раней Сянкевіча) і патрапіць на старыя Глыбоцкія могілкі «Капцёўка» (самая высокая кропка мястэчка). Там можна пабачыць капліцу Св. Іллі ХVIIІ стагоддзя і калону, узведзеную ў гонар Канстытуцыі 3 траўня 1791. Тут жа ёсць магіла Мюнхаўзэна, але па датаванні, відавочна, што не “таго самага”. Але ў 2014 годзе непадалёк ад «Капцёўкі» усё ж быў пастаўлены помнік барону Мюнхаўзэну.
Дзе паесці
У Глыбокім перакрыжоўвалася шмат гандлёвых шляхоў: на Полацк, на Рыгу, на Вільню, адпаведна, тут працавалі кірмашы, шматлікія крамы, корчмы. Традыцыя захавалася і да сёння, таму кропак грамадзкага харчавання тут безліч. Ёсць і фаст-фуд, і сталоўкі, і рэстарацыі. Большасць у цэнтры - знайсці іх не будзе праблемай.
Адна з рэстарацыяў на плошчы 17-га верасня, што паміж храмамі, знаходзіцца насупраць месца, дзе ў ХVIII стагоддзі размяшчаўся будынак вядомай аўстэрыі (карчмы), што належала кляштару кармелітаў (на месцы самога будынку зараз фантан). Паесці тут можна ад 10-15 BYN, прапануюць і комплексныя абеды.
Дзе заночыць
У самім горадзе ёсць каля 7 месцаў, дзе можна заночыць. Калі не ў дзяржаўнай гасцініцы, то ў прыватных міні-гатэлях ці сядзібах. Кошты за двухмесны нумар ад 45 BYN. Дадаткова прапануюць сняданкі, лазню, пракат іртаў, ровараў. Збольшага, усе варыянты можна знайсці на букінгу.
У адным з будынкаў, дзе можна заночыць ды паесці, у міжваенны час працавала ашчадная каса. З тых часоў тут захавалася лесвіца і заклік на падлозе.
У ваколіцах Глыбокага процьма азёраў і рэк, адпаведна, і аграсядзібаў са шматлікімі атракцыямі: ад байдарак да рыбалкі. Варта звярнуць увагу на вёску Валодзькава і сядзібу “Родны край”, заснаваную ў 2006-м годзе, гаспадыня якой яшчэ ў «барадытыя» часы бескаштоўна запрашала на адпачынак удзельнікаў “Плошчы”.
Спадарыня Юлія лічыць усіх беларусаў сям’ёй і сёння робіць зніжку беларускамоўным наведнікам. Тут кожны можа пранікнуцца рамантыкай вясковага жыцця, засяліўшыся ў вельмі дагледжаную вясковую хату. Харчаванне і лазня таксама магчымыя. Побач лес ды возера Акунёва.
Куды схадзіць
Каб лепш пазнаёміцца з Глыбокім, варта наведаць мясцовы гісторыка-этнаграфічны музей па вул. Энгельса, 24, які размяшчаецца ў гістарычным будынку з чырвонай цэглы 1930-х гадоў.
Тут трэба ўзгадаць пра выбітныя постаці, народжаныя на Глыбоччыне, якія моцна паўплывалі на развіццё беларускагя выўленчага мастацтва, музыкі, пісменніцтва і іншыя сферы культуры. Варта звярнуць увагу на 3 арыгінальныя карціны рукі Язэпа Драздовіча, які нарадзіўся ў засценку Пунькі, што побач з вёскай Ліпляні Глыбоцкага раёна.
Тут жа, на Глыбоччыне, ля возера Мнюта ў засценку Калеснікаў нарадзіўся Вацлаў Ластоўскі – беларускі палітык, публіцыст, пісьменнік, містыфікатар беларускай гісторыі.
Глыбоччына лічыцца радзімай найстарэйшай вядомай на сёння беларускай дуды з вёскі Верацеі. Арыгінал яе захоўваецца ў фондах Нацыянальнага музея Літвы і датуецца ажно 1849 годам. У Глыбоцкім гісторыка-этнагарафічным музеі можна пабачыць копію Глыбоцкай дуды, зробленую Сяргеем Чубрыкам. Прэзентацыя яе адбылася падчас другога міжнароднага фэсту дударскіх рэгіёнаў Дударскі рэй 2018.
Тым, хто цікавіцца нумізматыкай, таксама тут будзе цікава. У глыбоцкім музеі неблагая калекцыя мясцовых манетных скарбаў.
Гісторыя Глыбокага непадзельна звязаная з дзейнасцю ордэна кармелітаў босых. У музеі можна пабачыць арыгінальную пячную кафлю XVII – XVIII стагоддзя з выявамі семарглаў і гербам кармелітаў босых, знойдзеную падчас раскопак на ўзгорку, дзе зараз гандлёвы цэнтр на Цэнтральнай плошчы.
Сапраўднай атракцыяй будзе патрапіць на паўнавартасную экскурсію ў былы кармеліцкі касцёл з наведваннем сутарэнняў ды ўзняццем на вежу касцёла. Правесці такую экскурсію ў Глыбокім можа толькі мясцовы экускурсавод Юры (+375297137145). Варта папярэдзіць яго пра свой прыезд загадзя.
Уваход у скляпенні знаходзіцца адразу пры ўваходзе ў сучасную царкву. Спусціўшыся, пабачыце галерэі, захаваныя амаль у першасным выглядзе з ХVII стагоддзя.
Змрочная гісторыя ў гэтага месца. Першапачаткова скляпенні прызначаліся для спачыну парэшткаў кармелітаў, мясцовай шляхты, фундатараў касцёла. Пасля таго, як да ўлады прыйшла Расійская імперыя, тут была катавальня для паўстанцаў 1831 года.
Пасля паўстання 1863 - 1864 гг. касцёл ператварылі ў царкву, парэшткі першага фундатара Іосіфа Корсага папросту выкінулі. Мяркуецца, што мясцовыя жыхары перапахавалі іх на «Капцёўцы». За савецкім часам тут было сховішча кансервавага заводу.
Каб трохі пераключыць увагу са змрочных думак, варта папрасіць экскурсавода паказаць цяглінкі з адбіткамі лапкаў і дзіцячай ступні, сведкаў пабудовы касцёла.
Унутры храм уяўляе сабой базіліку, але без тыповага для барока празмерна багатага ўбрання. У нас барока выглядала больш сціплым. Сёння з арыгінальнага аздаблення варта звярнуць увагу на рэшткі характэрнага каляровага роспісу калонаў “пад мармур” ды пліты на падлозе са знакамітага шведскага мармуру.
Першапачаткова тут былі 15 алтароў, шматлікія скульптуры, арган. Па еўрапейскай традыцыі герб фундатараў размяшчаўся на пачэсным месцы над алтаром, то бок, паміж небам і алтаром.
Новы алтар, пасля перадачы будынка праваслаўнай царкве, аўтар вельмі гарманічна ўпісаў у барочны храм. Алтар выразаны з дрэва, але па прапорцыях і аздабленні мае характэрныя барочныя рысы. Цікава, што іконы для іканастасу стварыў настаўнік Язэпа Драздовіча ў Віленскай мастацкай школе Іван Трутнеў.
Завяршыць знаёмства з будынкам ды замацаваць у памяці хараство Глыбокага з лепшай кропкі агяду варта ўзняўшыся на вежу былога кармеліцкага касцёла.
Зрабіць будзе гэта дастаткова складана, калі вашыя габарыты прыўзыходзяць габарыты сярднестатыстычнага чалавека часу будаўніцтва храма. Але вынік будзе таго варты.
Што прывезці
Апроч знакамітай Глыбоцкай згушчонкі, раім пакаштаваць журавіны мясцовай вытворчасці ў разнастайных абалонках: шакаладнай, какосавай, цынамонавай ці проста цукровай. І як прысмак, і на падарункі пасуюць выдатна. Асабліва замежным сябрам, у якіх не растуць журавіны, калі такія да нас дабяруцца ў сённяшніх умовах.
Зіма не назаўжды. Вандруйце разам з Будзьма!
ПЖ, budzma.by