Міністэрства культуры вырашыла збіраць грошы на правядзенне мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад».
«Па просьбах прыхільнікаў Мінскага Міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» РУП «Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм адкрыла рахунак, куды любы ахвочы можа пералічыць свой унёсак на падрыхтоўку і правядзенне кінафестывалю», — напісана на сайце міністэрства.
Рэквізіты рахунку: BY71 AKBB 30120000223620000000 у ААТ «ААБ Беларусбанк», г.Мінск, вул.Сурганава, 47а, ВIC AKBBBY2X. Прызначэнне плацяжу: «На падрыхтоўку і правядзенне кінафестывалю «Лістапад».
«Лістапад» — гэта галоўная кінападзея для беларускай кінапрасторы. Прынамсі, ён такім з’яўляўся цэлае дзесяцігоддзе, але за апошнія гады ўсё драматычна змянілася і фестываль страціў свой былы ўплыў. Адбылося гэта пасля таго, як Мінкульт у 2020 годзе адмяніў фестываль, а ў 2021 перадаў кіраванне ім ад цэнтра візуальных мастацтваў «АртКарпарэйшен» у рукі «Беларусьфільма».
З таго моманту фестываль больш нагадвае палітычную тусоўку, дзе пракрамлёўскія дзеячы дэкламуюць патэтычныя рэчы пра духоўнасць, а прыхільнікі беларускага рэжыму канвеерным чынам падпісваюць мемарандумы аб супрацы з усімі, хто гатовы іх падпісаць.
Праграму праглядаў тут збіраюць праз атрыманыя заяўкі анлайн-пляцовак тыпу FilmFreeway і г.д. і беларускія амбасады ў краінах, з якімі рэжым яшчэ працягвае кантакты. Нацыянальны і яшчэ шэраг конкурсаў былі закрытыя, а ўзнагароджваюць фільмы, да якіх быў датычны «Беларусьфільм» (як тое адбылося з узбекска-беларускім фільмам «Ілхак», які атрымаў гран-пры).
Чытайце яшчэ: Ад «Лістапада» да «Кінемо». Як рэпрэсіі і вайна змянілі кінафестывальную мапу Беларусі