Турбулентныя падзеі апошніх гадоў змянілі не толькі краіну і яе грамадства, але агулам культурную прастору Беларусі. У другім тэксце Тарас Тарналіцкі згадвае, які лёс напаткаў большасць незалежных і дзяржаўных кінафестываляў. Якія з іх працягваюць дзейнічаць, а якія часова ці назаўжды сышлі ў нябыт.
Першая частка па спасылцы.
Міжнародны фестываль мабільнага кіно Voka Smartfilm
Статус — не праводзіцца
Адзін з нешматлікіх уплывовых кінафестываляў у Беларусі, створаны ў пачатку 2010-х па ініцыятыве бізнесу. «Смартфільм» відавочна задумываўся А1 (раней Velcom) з мэтай прасоўвання свайго брэнду сярод моладзі і павелічэння продажаў мабільных гаджэтаў.
Але ў арганізатараў атрымалася нашмат больш — яны натхнілі людзей на крэатыў з дапамогай аднаго гаджэта з камерай: тэлефона, планшэта ці плэера. А нехта нават адважыўся звязаць сваё жыццё са светам кіна- і відэакантэнта. Сярод такіх людзей можна назваць рэжысёра Мітрыя Сямёнава-Алейнікава, які стаў пераможцам першага «Смартфільма».
Згарнуў сваю працу «Смартфільм» пасля 2021 года, калі ўсім навокал стала зразумела, што беларусам зараз зусім не да кіно.
Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад»
Статус — актыўны
«Лістапад»— гэта галоўная кінападзея для беларускай кінапрасторы. Прынамсі, ён такім з’яўляўся цэлае дзесяцігоддзе, але за два апошнія гады ўсё драматычна змянілася і фестываль страціў свой былы ўплыў. Адбылося гэта пасля таго, як Мінкульт у 2020 годзе адмяніў фестываль, а ў 2021 перадаў кіраванне ім ад цэнтра візуальных мастацтваў «АртКарпарэйшен» у рукі «Беларусьфільма».
З таго моманту фестываль больш нагадвае палітычную тусоўку, дзе пракрамлёўскія дзеячы дэкламуюць патэтычныя рэчы пра духоўнасць, а прыхільнікі беларускага рэжыму канвеерным чынам падпісваюць мемарандумы аб супрацы з усімі, хто гатовы іх падпісаць.
Праграму праглядаў тут збіраюць праз атрыманыя заяўкі анлайн-пляцовак тыпу FilmFreeway і г.д. і беларускія амбасады ў краінах, з якімі рэжым яшчэ працягвае кантакты. Нацыянальны і яшчэ шэраг конкурсаў былі закрытыя, а ўзнагароджваюць фільмы, да якіх быў датычны «Беларусьфільм» (як тое адбылося з узбекска-беларускім фільмам «Ілхак», які атрымаў гран-пры).
Карацей, «Лістапад» зрабіў стаўку на ідэалогію, падзабіўшы на цікавы рэпертуар, што толькі мацней адштурхнула ад яго звыклую аўдыторыю.
Чытайце па тэме: Cімфонія раз’яднання. Як дзяржава за некалькі месяцаў дэвальвавала кінафестываль «Лістапад»
Фестываль экалагічнага кіно Planetarium Film Festival
Статус — не праводзіцца
Кінафестываль створаны актывістамі з кінасупольнасці kinaklub.org. «Планетарый» паўстаў у 2017 годзе дзякуючы менеджарцы і камунікатарцы Аноры Лангар і яе камандзе, а факусаваўся ён на тэме экалогіі і беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя. Гэтую тэму ў беларускай прасторы яшчэ спрабаваў акучваць расійскі фестываль «Экочашка» ў 2018 годзе, але хапіла яго літаральна на адзін сезон.
«Планетарый» жа пратрымаўся тры гады. У яго была паўнавартасная праграма замежнага кіно, ад поўнага да кароткага метру, і яшчэ беларуская, калі з’яўляліся фільмы аналагічнай тэматыкі. Знік фестываль у 2020 годзе. Як патлумачылі арганізатары, падрыхтоўка да падзеі ішла, але ў пэўны момант спынілася. Цяпер кінафестываль замарожаны да лепшых часоў.
Мінскі міжнародны кінафестываль кароткаметражнага кіно Kinosmena
Статус — не праводзіцца
Большасць беларускіх незалежных кінафестываляў можна падзяліць на дзве вялікія групы: тыя, што існуюць выключна на пасіянарным паліве яго арганізатараў, і фестывалі, якім пашчасціла атрымаць грантавую падтрымку.
«Кіназмена», створаная кінематаграфістам Ігарам Асмалоўскім і яго сынам Паўлам у 2016 годзе, ні ў адну з гэтых катэгорый не трапляе, бо праект ствараўся з разлікам на камерцыйную дзейнасць.
Фота: cinepromo.ru
У фестывалю былі спонсары (адзін з іх — кітайская кампанія Lenovo), а ў якасці пляцоўкі выступаў кінатэатр Silver Screen, які потым пракатваў жанравыя праграмы з «Кіназмены». Сярод якіх былі фільмы жахаў, меладрамы, рамкамы, праскоквала і беларускае кіно.
У «Кіназмены» была падтрымка і з боку праўладнага Саюза кінематаграфістаў. Яе кіраўнік Віктар Васільеў уваходзіў у склад журы, а самі арганізатары напачатку амбіцыйна пазіцыянавалі сябе як канкурэнта фестывалю «Лістапад».
Але сувязі з дзяржавай не вельмі дапамаглі «Кіназмене» — фестываль прыпыніў дзейнасць у пачатку 2020 года. Па словах арганізатараў, праводзіць у Беларусі яны яго дакладна не плануюць, але з’явіліся планы на працу ў іншых краінах.
Кінафестываль студэнцкага кіно «Synopsis»
Статус — актыўны
Акрамя актывістаў з вуліцы, свае фестывалі ладзіў актыў студэнцкіх арганізацый. Асаблівага поспеху ў гэтым дабіўся БДУ, пад патранажам розных факультэтаў якога адбываўся шэраг падзей: «Кінагрань», One short film fest і г.д. Большасць з іх ужо не існуе, але пэўныя ўсё яшчэ адбываюцца.
Сярод доўгажыхароў — «Кальварыйскія бабры», арганізатарам якога ў 2012 годзе стаў Студэнцкі саюз факультэта філасофіі і сацыяльных навук. Арганізатары заяўлялі, што «Бабры» ствараліся «для маладых талентаў, якія бачаць сябе ў кінаіндустрыі», але падзея была збольшага герметычнай, арыентуючыся пераважна на актыўнасць студэнтаў з партнёрскіх вну.
У 2021 годзе ў «Баброў» адбыўся рэбрэндынг — цяпер фэст завецца Synopsis. Але сутнасна гэта нічога не змяніла — падзея застаецца месцам прыцягнення пераважна крэатыўных студэнтаў, а не шырокага кола крэатыўнай моладзі.
Фестываль дакументальнага кіно аб правах чалавека Watch Doсs Belarus
Статус — усё складана
Watch Doсs Belarus з’явіўся ў 2015 годзе як беларускі філіял польскага аднайменнага фестывалю і адразу заняў нішу адукацыйных фестываляў. Калі Planetarium распавядаў пра экалогію, а Dotyk — пра жыццё людзей, якіх цікавяць пытанні гендару і самаідэнтыфікацыі, то Watch Docs канцэнтраваўся на рэпрэзентацыі правоў чалавека. А з іх выкананнем у Беларусі заўжды былі вялікія праблемы.
Напаткалі яны і арганізатараў фэсту, у якасці якога выступала грамадскае аб’яднанне «Звяно» і яго кіраўніца Таццяна Гацура-Яворская. У Watch Doсs узнікалі праблемы з арэндай пляцовак і атрыманнем пракатных пасведчанняў на паказ пэўных стужак. З’яўленне праграмы беларускай дакументалістыкі дадало фестывалю яшчэ шмат галаўнога болю.
У вечным змаганні з рэжымнай бюракратыяй фестываль праіснаваў да вясны 2021 года, пакуль на яго арганізатараў не завялі крымінальную справу і фактычна не выціснулі ў эміграцыю. У той момант правядзеннем заняўся Хельсінскі фонд па правах чалавека, а падзея перамясцілася ў анлайн, на адмысловую платформу VOD Warszawa. Апошнія паказы адбыліся ў пачатку 2022 года.
З таго моманту падзея не адбывалася, а старая каманда праекта запусціла з Украіны іншы фестываль — «1084. На мяжы».
Чытайце па тэме: Спроба дыялогу падчас вайны. Таццяна Гацура-Яворская пра рэакцыю ўкраінцаў на кінафестываль «1084. На мяжы»
Фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне»
Статус — актыўны
Пачынаючы з 2015 года «Паўночнае ззянне» прайшло вялікі эвалюцыйны шлях ад кінападзеі, што змяшчала ў сабе планы па культурных падзеях замежных амбасад (напрыклад, «Тыдзень шведскага кіно ў кінатэатры „Цэнтральны“»), да паўнавартаснага фестывалю з самастойным рэгіянальным фокусам, адукацыйнай праграмай і конкурсам беларускага кіно.
Дырэктарка фестывалю «Паўночнае ззянне» Воля Чайкоўская і беларускі рэжысёр Андрэй Куціла. Фота з сацыяльных сетак кінафоруму
Праблемы ў каманды фэста пачаліся ў 2020 годзе, спачатку праз пандэмію, а потым праз палітычную турбулентнасць у краіне. «Ззянне» сышло ў анлайн, распрацаваўшы пад сябе анлайн-платформу для прагляду кіно, — і не прагадала. У наступным годзе на падзею напалі беларускія прапагандысты, якім не спадабаўся рэвалюцыйны змест праграмы. На шчасце, фестывалю гэта не дужа нашкодзіла.
«Паўночнае ззянне» стабільна адбываецца, і ўжо другі год запар пройдзе ў гібрыдным фармаце ў лістападзе — анлайн у Беларусі і афлайн за мяжой.
Open air фестываль нямога кіно і музыкі «Кінемо»
Статус — усё складана
У адрозненне ад большасці фестываляў, якія арыентуюцца на будучыню, «Кінемо» прапаноўваў адваротны шлях — камфортны погляд у глыбокае мінулае. І рабіў гэта па-майстэрску!
Каманда праекта Сinemascope, які раней ладзіў паказы сусветнай кінакласікі на другім паверсе кінатэатра «Ракета» і шмат іншых цікавых імпрэз, з 2015 года пачаў праводзіць «Кінемо» — праект з праглядам стужак часоў нямога кіно ў суправаджэнні жывой музыкі. Праект быў вандроўным і шмат ездзіў па розных гарадах краіны. У Мінску ён таксама адбываўся ажно на некалькіх пляцоўках, але галоўнай з іх стаў дворык Музея Заіра Азгура.
У такім фармаце фестываль праіснаваў да лета 2022 года, а ўжо наступнай зімой палітычныя чысткі дабраліся да кіраўніцтва музея. Хутчэй за ўсё праз гэта «Кінемо» ў гэтым годзе ў Мінску не адбылося. Пры гэтым у «нармалізаваным» музеі прайшла іншая падзея — паказы кінакласікі ў навушніках #Cinemascopeshhh, а нішу нямога кіно с музыкальнай праграмай перахапіў дзяржаўны кінапракат.
Тым часам Сinemascope працягвае працу. У 2022 годзе каманда адкрыла ўласную пляцоўку «Манахром», дзе стала ладзяцца паказы і нават канцэрты.
Тарас Тарналіцкі, budzma.org
Чытайце яшчэ: Туга па нацыянальным блакбастары і адсутнасць грошай. Шэсць наіўных пытанняў пра беларускае кіно