«Гульня ў Освальда». Падарожжа ў пекла разам з Аляксандрам Лукашуком

Забойства Кэнэдзі — найбольшая загадка амерыканскай гісторыі ХХ ст., якая спарадзіла цэлыя канспіралагічныя сусветы. А пачалася гэтая гісторыя ў нас. У Менску. На беразе Свіслачы. Камуністычная 4, кватэра 24. Зусім побач з радзільняй рускай рэвалюцыі — дамком РСДРП...

lukaszuk.jpg

Што новага можна сказаць пра гісторыю Лі Харві Освальда пасля тысячаў публікацыяў і мільёнаў старонак тэксту? Нічога. Але кніга Аляксандра Лукашука і не пра Освальда, уласна. Гэта кніга пра пекла. Дзе грэшнікі вымушаныя працаваць за мізэрны заробак. Мець грошы, але не ведаць што на іх набыць. Мець жылплошчу замест дома. Мець голас, але маўчаць. Кніга пра Менск пачатку 1960-х. І ў гэтае пекла (магчыма, не за мінулыя, а — за будучыя грахі) трапляе галоўны герой. Амерыканец, апантаны расійшчынай, Леніным, Талстым і Дастаеўскім. Беспрытульны матылёк, які загарэўся ідэяй сцвердзіць сваё «Я» ў краіне, дзе магчымае толькі «Мы».

lukaszuk-04.jpg

Акварыум для «ЛХО»

Траекторыю падзення Освальда цягам тых 960 дзён у СССР, з кастрычніка 1959-га па травень 1962-га, можна было б намаляваць як праспект. Але Лукашук увесь час сыходзіць на бакавыя вуліцы, блукае. Так цікавей. Аўтар, нібы ўдзельнік групы вонкавага назірання КДБ, ідзе па паралельнай вуліцы з «ЛХО» (так у дакументах пазначаны амерыканец). Назірае. Але не ўступае ў кантакт.

Выйшаў з гатэлю «Мінск», дайшоў да ГУМа, купіў электравілку за 2 рублі 25 капеек, паклаў у кішэнь, падняўся на другі паверх, пераглядзеў касцюмы, спусціўся, выйшаў, зайшоў у булачную, нічога не купіў, выйшаў, скіраваўся ў гатэль, зайшоў у свой пакой, выйшаў з пакою... Нічога не нагадвае? Натуральна, траекторыя матылька каля лямпы. Без сэнсу і — хэпі-энду.

lukaszuk-03.jpg

Справа ў тым, што ўвесь час, жывучы ў Менску, Освальд знаходзіўся нібы ў акварыюме. Яго вывучалі з розных бакоў — ад музычных густаў да інтымнага жыцця і дробных звычак. Усё гэта засталося ў справаздачах КДБ, якія толькі фрагментарна трапілі ў рукі амерыканскіх аўтараў на пачатку 90-х. Амерыканцы, здаецца, былі расчараваныя: бо там не было нічога сенсацыйнага. Освальд не спаў з хлопчыкамі, не вучыўся страляць у спецоў з ГРУ, не піў кроў бадзяжных сабак. Ён быў звычайны — нават занадта звычайны. Сенсацыйнай стала хутчэй само... рэаліці-шоў, героем якога ён стаў.

Калі лепшыя «сябры» аказваліся інфарматарамі, шчырыя размовы — загадзя падрыхтаванымі п’есамі. А нават калі не п’есамі — то як адрозніць? Дзе рэальнасць, а дзе — пастанова?.. Гісторыя дзе няма даверу. Ёсць толькі «ступень рызыкі».

Хацеў стаць Фідэлем, а стаў — Раскольнікавым

Тэкст Аляксандра Лукашука — гэта раскошўны інтэлектуальны дэтэктыў. Месцамі — хорар. Освальд, дарэчы, любіў чытаць, але дзяўчаты, якіх ён запрашаў у сваю каморку, былі расчараваныя бібліятэкай: там былі Ленін з Марксам па-ангельску. Гэта была казка, героем якой той хацеў стаць. А стаў — героем Дастаеўскага. Сам жа лічыў, што героем Оруэла.

lukaszuk-02.jpg

Амерыканцы, якія спрабавалі разблытаць увесь гэты клубок супярэчнасцяў, не знайшлі злога генія. Але трапілі ў дзіўную «постосвальдскую» матрыцу, дзе няма нічога пэўнага. Тыя, хто меў памятаць Освальда — яго «не памятаць». Тыя, хто не мог памятаць — гатовыя падзяліцца ўспамінамі. Дзе праўда? А ці была праўда? Ці быў Освальд?..

Гэта гісторыя не столькі пра хлопца, які шукаў сябе і не знайшоў, колькі пра свет вакол. Абсурдны свет. У які Освальд глядзеў, як у люстэрка. Загадку Освальда немагчыма патлумачыць лагічна. Навошта паехаў? Навошат вярнуўся? Навошта страляў? Чаму трапіў?.. Усё лагічна і алагічна адначасна. Кожнае тлумачэне — спроба супакоіць самога сябе. Вярнуць ілюзію таго, што хаос немагчымы і ўсё гэта мае хоць які сэнс. Бо інакш... як жыць далей?

Must read. Насалоджвайцеся!

Кніга «Гульня у Освальда» — гэта тая літаратура, якую мы даўно чакалі. Дэтэктыў, дакументальная проза, гарадскі раман, псіхалагічны трылер — усё тое, што мы чыталі на іншых мовах і ціха зайздросцілі. 

Сам Освальд дарэчы любіў «біяграфіі вялікіх». Але чытаць пра «вялікіх» — не значыць самому быць вялікім. Доўгае сузіранне партрэтаў геніяў не ўплывае на адбітак у люстэрку. Хіба, тое люстэрка знаходзіцца ў тваёй уласнай галаве.

Чытайце. Насалоджвайцеся!

Алесь Кіркевіч, Budzma.org